Пошук


5 жніўня ў чарговы раз Росіца, маленькая і ціхая вёска на памежжы Беларусі і Латвіі, была абуджана гучным спевам пілігрымаў, якія прыбылі на сёлетнія росіцкія ўрачыстасці.

У гэтым годзе планавалася, что ў сувязі з правядзеннем Сусветных дзён моладзі ў Кракаве, куды выехала і шмат моладзі з Беларусі, у Росіцу прыйдзе толькі адна пілігрымка — з Полацка. Але ні спякота, ні вандроўкі не перашкодзілі арганізацыі пілігрымак.

Упершыню ў Росіцу прыйшла пілігрымка з Мёраў, упершыню таксама была зладжана пілігрымка байкераў з Браслава, якую ўзначаліў ксёндз Уладзімір Шыдлоўскі SDS. Роварная ж пілігрымка з Барысава сёлета адзначыла першы юбілей, стаўшы дзясятай па ліку.

Пілігрымаў па традыцыі сустрэў апякун месца смерці росіцкіх мучанікаў і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы айцец Чэслаў Курэчка МІС. Святар акрапіў стомленых пілігрымаў, якія пераадольвалі апошнія кіламетры да Росіцы пад пякучым сонцам.

Вітаючы пілігрымаў, святар пажадаў ім, каб пілігрымка да месца смерці мучанікаў паспрыяла ўмацаванню іх веры, «каб Езусу сапраўды было ўтульна» ў іх сэрцах.

Потым надышоў самы хвалюючы і кранальны момант, апагей і мэта пілігрымавання — вернікі ўвайшлі ў касцёл і ляглі крыжам на падлозе перад алтаром.

Фота з адкрытых крыніц (facebook, Ціна Палынская)

 У такія хвіліны ў святыні пануе асаблівы малітоўны настрой, адчуваецца, што гэта месца, дзе існуе выразны кантраст паміж жыццём і смерцю.

Вечаровую Эўхарыстыю для пілігрымаў ўзначаліў а. Павел Федаровіч МІС, які цэлебраваў прыміцыйную Імшу. Звяртаючыся да вернікаў, неапрэзбітэр падзяліўся ўспамінам. Па яго словах, калі ён прыйшоў у пастулат Кангрэгацыі айцоў марыянаў, яму адразу ж задалі пытанне: «Ці ведаеш ты, дзе знаходзіцца Росіца?»

Гамілія, якую прамовіў а. Аляксандр Жарнасек МІС, была прысвечана тэме Божай ласкі. Святар нагадаў, што сёлета ў Росіцы вернікі збіраюцца ў сувязі з некалькімі падзеямі: каб узгадаць у чарговы раз подзвіг мучаніцтва благаслаўлёных Юрыя і Антонія, каб праславіць мужнасць братоў і сясцёр, якія аддалі свае жыццё за Хрыста, каб быць разам на прыміцыйнай Імшы з а. Паўлам Федаровічам. Айцец Аляксандр Жарнасек дадаў, што ўсе гэтыя падзеі яднае праўда пра Божую ласку, якая з’яўляецца бясцэнным падарункам для нас.

Напрыканцы Імшы айцец Павел Федаровіч удзяліў прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.

Таксама падчас Імшы ў росіцкі касцёл святаром-прыміцыятам былі ўнесены рэліквіі святога Станіслава Папчынскага.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа