У парафіі Узвышэння Святога Крыжа ва Уздзе адбыўся рэкалецыйны курс «Тобій і Сара», які арганізавалі айцы місіянеры Святой Сям’і. У рэкалекцыях, якія прайшлі 29-30 ліпеня, прынялі ўдзел 11 сужэнскіх пар з розных куткоў Беларусі.
Час рэкалекцый быў вельмі насычаным: знаёмства з сем’ямі, цікавыя тэмы і заданні, танцы, спевы, сведчанні сем’яў і святая Імша. Падчас Імшы адбывалася аднаўленне сужэснкіх абяцанняў: жанчыны былі ў прыбраных сукенках, а мужчыны ў кашулях з чырвонымі гладыёлусамі ў руках. Уражваючым для ўдзельнікаў было сведчанне госці з Польшчы пані Ганны, а таксама малітва да Духа Святога, якую над кожнай сям’ёй праводзілі святары разам са свецкімі асобамі.
![](/3/../2/images/stories/news/preview/semja-deti/2016-08-04-uzd3.jpg)
Па выніках курсу было шмат водгукаў сужэнцаў, якія казалі, што яшчэ больш зразумелі, як важна прабачаць і размаўляць у сям’і і як моцна яны кахаюць адно аднаго.
«Дзякуем Богу за такую магчымасць, а таксама дзякуем ініцыятарам: айцу Дзянісу Шастаковічу MSF, айцу Адаму MSF, айцу Сяргею MSF, Ганне, Ірыне і Пятру, усім сем’ям за цёплую і сяброўскую атмасферу. Можам шчыра казаць, што варта быць на такіх рэкалекцыях і розных хрысціянскіх сустрэчах. Хвала Пану!» — дзеляцца з Catholic.by Таццяна і Мікалай Меляшкевічы.
(AG)