Пошук

03.08.2016 11:30  

2 жніўня з Полацка вырушыла пешая пілігрымка ў Росіцу, паведамляе krynica.info. 5 жніўня пілігрымы далучацца да вернікаў з розных мясцінаў, якія збяруцца ў росіцкім санктуарыі, каб ушанаваць памяць мучанікаў айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, забітых нямецкімі карнікамі ў 1943 годзе.

73 гады таму каталіцкія святары адмовіліся прыняць прапанову фашыстаў пакінуць Росіцу і засталіся разам з вернікамі вёскі, якія неўзабаве былі жыўцом спалены ў пуні. Росіцкай трагедыі прысвечаны гістарычныя даследванні кс. Вячаслава Пялінка і аповесць пісьменніцы Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая».



Звычайна ў Росіцу кіруюцца пілігрымкі з усіх беларускіх парафій, у якіх працуюць манахі-марыяне, аднак гэтым разам з Полацка вырушыла зборная пілігрымка — многія вернікі толькі ўначы вярнуліся з Сусветных дзён моладзі ў Кракаве. У Полацку сабраліся вернікі розных узростаў, у цэлым, як паведамляе catholicnews.by, 53 чалавекі, пераважна моладзь — з Барысава, Жодзіна, Оршы, Друі, Мінска. Душпастырам пілігрымкі стаў а. Аляксандр Жарнасек MIC з Оршы.

Перш чым пілігрымы са спевамі праслаўлення вырушылі ад полацкага касцёла св. Андрэя Баболі, адбылася святая Імша. Падчас яе ў гаміліі святар прапанаваў паразважаць пра дарогу ў Пісанні — паняцце, якое стала неад’емнай часткай рэлігійнасці і веравызнання ад Абрагама, якому Бог прапанаваў у пошуках еднасці з Небам пакінуць дом і рушыць у шлях.

«Таксама і Хрыстус увесь час знаходзіцца ў дарозе, Ён не прапаведуе ў адным і тым жа месцы», — сказаў святар. Яшчэ адзін аспект руху а. Аляксандр Жарнасек прапанаваў прааналізаваць на прыкладзе святога Пятра, які спачатку выказвае жаданне і гатоўнасць ісці да Пана па вадзе, а пасля губляе пэўнасць у Ім і пачынае тануць. «Пётр не тоне, пакуль не адводзіць вачэй ад Пана, і пачынае ісці на дно, калі пераключае ўвагу на ветры і хваляванне возера», — падкрэсліў святар.



У першы вечар у пілігрымаў быў запланаваны прыпынак у Дзісне, апошнім прыпынкам стане Верхнядзвінск. 5 жніўня ў 18.00 у Росіцы адбудзецца святая Імша для пілігрымаў, апоўначы — галоўная Імша з працэсіяй праз вёску да месца, дзе знаходзілася пуня, у якой загінулі святары і жыхары Росіцы.

(AG)

Фота krynica.info

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа