Пошук

28.06.2016 15:33  

26 чэрвеня Лучайская парафія адсвяткавала Дзень сям'і. Свята ладзіцца па ініцыятыве пробашча кс. Мікалая Ліпскага ў апошнюю нядзелю чэрвеня пяты год запар.


У нядзельны спякотны дзень муры 250-гадовай святыні атулілі сабраных вернікаў прыемнай прахалодай. Напачатку пробашч прачытаў даклад на тэму сям'і. Святар засяродзіў увагу прысутных на тым, што Бог — творца сужэнстваў.

Ксёндз Мікалай нават прывёў статыстычныя даныя разводаў, на якія ўплываюць такія фактары, як удзел у нядзельнай святой Імшы і супольная малітва. Сацыёлагі сведчаць, што найбольш моцныя і трывалыя тыя сем'і, якія жывуць ў блізкім кантакце з Богам.

Падчас адарацыі была прачытана Літанія да святога Юзафа – апекуна сем'яў. Вернікі маліліся аб трываласці і здароўі сваіх сем'яў і за сем'і сваіх блізкіх.

Святочную гамілію пробашч Лучая прысвяціў тэме вернасці ў сямейным жыцці. Святар звярнуў увагу на тое, як важна быць верным словам шлюбнай прысягі, якую маладыя сужонкі прамаўляюць перад Богам.

Згодна з традыцыяй, якая склалася за пяць гадоў, неад'емная частка лучайскіх святаў — канцэрт. На гэты раз  падараваў прысутным канцэртную праграму часты і заўсёды жаданы госць парафіі — знакаміты беларускі бард Зміцер Вайцюшкевіч. Звычайна музыкант не рыхтуе спецыяльны спіс песень, а спявае тыя, што на душы ў яго пры сустрэчы са слухачамі, або выконвае па замове.


Музыкант праспяваў творы на вершы беларускіх літаратараў: Пятруся Броўкі, Генадзя Бураўкіна, Адама Русака, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Някляева, а таксама выканаў «Грузінскую песню» выбітнага расійскага барда Булата Акуджавы.

Скончылася канцэртная праграма паланэзам «Развітанне з Радзімай» Міхала Клефаса Агінскага на словы Сяржука Сокалава-Воюша. Музычны твор славутага кампазітара амаль абавязковая праграма канцэртных праграм лучайскага свята. Тут не забываюць пра Агінскіх – фундатараў святыні, дзякуючы якім вёска мае велічную святыню, і пра іх знакамітага нашчадка.

Наступны раз Лучай чакае гасцей 23 ліпеня на фэст святой Ганны, падчас якога асаблівым чынам будзе адзначацца 250-годдзе святыні.

Алена Клімза-Колтан (АлГ)

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа