Пошук

21.07.2016 17:11  

21 ліпеня, у пятую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка, у пінскім катэдральным касцёле адбылася ўрачыстая святая Імша — падзяка Богу за служэнне гэтага пастыра Пінскай дыяцэзіі. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

 


Удзельнікі Імшы маліліся аб вечным збаўленні для спачылага іерарха, які ў сваім жыцці быў адданы Богу і людзям.

Таксама на Эўхарыстыі маліліся аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця, каб маладыя людзі, якія адчуваюць Божы голас, адгукнуліся на яго па прыкладу кардынала Казіміра Свёнтка. Калісьці сам кардынал, у той час выпускнік гімназіі, наведваючы пінскі катэдральны касцёл і молячыся пры труне першага біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага, адчуў пакліканне да служэння Богу.

«Нам добра запомніўся той дзень у ліпені 2011 года. Смяротна хворы кардынал Казімір прайшоў шляхам цярпення. Нас узрушыла катэхеза пра пераход з гэтага жыцця да вечнага, якую даў нам пакутуючы кардынал. Мы дзякуем за яго прыгожае і высакароднае жыццё, праведзенае ў духу служэння Богу, Касцёлу і кожнаму чалавеку», — сказаў у гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка.


Іерарх назваў кардынала Казіміра Свёнтка «чалавекам, які быў дадзены нам Божым Провідам», «дадзены Святым Духам Касцёлу ў складаны перыяд яго гісторыі». «Хрысціянская надзея, цесна звязаная з Хрыстом, вучыць нас глядзець на пакуты і смерць кардынала ў святле праўды пра вечнае жыццё. У гэтай Эўхарыстыі мы дзякуем за прыгажосць чалавечнасці, якую Бог даў кардыналу, каб ён усім нам служыў», — адзначыў пінскі ардынарый.

«Мы належым да таго пакалення святароў, якое шмат у чым удзячнае кардыналу. Некаторыя з вас маюць дэкрэты аб прызначэнні на парафіі, падпісаныя яшчэ кардыналам Свёнткам. Гледзячы з вышыні пражытых гадоў, мы, як ніколі, адзначаем яго веліч і вялікі ўплыў на нашу фармацыю. Кардынал стаў для нас Вялікім Пастырам, настаўнікам веры і любові, слугою Касцёла, абаронцам веры на гэтай зямлі, клапатлівым Айцом і чалавекам, які пераўзышоў свой час», — падкрэсліў біскуп.



Іерарх нагадаў, што кардынал Казімір Свёнтэк «адразу распазнаў вераломства і крывадушнасць той атэістычнай сістэмы, якая была навязана жыхарам нашай краіны», «не згадзіўся з ёю, але і не паддаўся духоўнай капітуляцыі», «прыняў выклік і бараніў Касцёл ва ўмовах атэізацыі, нянавісці і ўпадку веры».

Звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы, біскуп адзначыў: «Мы задумваемся над ахвярным, поўным працы і прыгажосці жыццём кардынала. (…) Усё жыццё, праца і пастава святой памяці кардынала былі даслоўна каталіцкімі, г. зн. паўсюднымі. Ён прагнуў цалкам прысвяціць сябе Богу, патрэбам Касцёла і бліжнім, а таму імкнуўся стаць усім для усіх. (…) Яго словы і ўчынкі стваралі гісторыю і традыцыю».



«Мы ведаем, якую цану яму давялося заплаціць за тое, каб князь гэтага свету не знішчыў алтар Пана, — дадаў пінскі ардынарый. — Ён мужна перанёс турму, расстанне з тымі, каму служыў, знявагі і абмовы, якіх ворагі Касцёла для яго не шкадавалі. Казімір Свёнтэк быў героем духу, свядомым сваёй ролі святара і біскупа, адказнага за дзяцей Касцёла. З вялікай чуласцю ён ставіўся да тых, каму абвяшчаў Божае слова і ўдзяляў святыя сакрамэнты».

Па словах біскупа, «у часы, калі ў многіх сферах жыцця прадпрымаліся спробы стварыць сітуацыю непарадку, разбурыць грамадскі лад і хрысціянскія прынцыпы, кардынал вучыў аб парадку любові», «вучыў, што чалавек павінен перадусім любіць Бога, крыніцу ўсялякай любові і найвышэйшага дабра», «што сям’я — гэта аснова маральнага ладу, школа веры і выхавання ў народных традыцыях».

«Просячы сёння вечнага збаўлення для кардынала Казіміра Свёнтка і дзякуючы Божаму Провіду за гэтага сведку веры, мы таксама просім аб патрэбных ласках для пінскага Касцёла, — дадаў іерарх. — Просім, каб адчыненыя, асвечаныя і нанова збудаваныя святыні дыяцэзіі былі штодня адчыненымі для вернікаў і напоўненымі Божым людам. Просім, каб духоўныя і кансэкраваныя асобы адзначаліся пабожнасцю і руплівасцю ў службе Богу. Просім, каб люд Божы любіў Касцёл, нашу Маці, каб католікаў Піншчыны характарызавала марыйная і эўхарыстычная пабожнасць. Каб сем’і нашай дыяцэзіі былі моцныя Богам. Каб тыя, хто праз грэх аддаліўся ад Бога і Касцёла, вярнуліся да сваіх каранёў. Каб семінарыя ў Пінску развівалася так, як хацеў кардынал Свёнтэк».

Чытайце таксама: «Ён у кожным чалавеку бачыў надзею»: успаміны пра кардынала Казіміра Свёнтка

(AG)

Фота Уладзіслава Козела

Абноўлена 05.06.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця