Пошук

27.06.2016 14:20  

26 чэрвеня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя Маці Божай Брэсцкай.

Святую Імшу ў межах урачыстасцяў узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Звяртаючыся да вернікаў у гаміліі, іерарх нагадаў, што абраз Маці Божай Брэсцкай — копія абраза з рымскай базылікі Маці Божай Санта Марыя Маджорэ. «Адзначаючы сёлета 25-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, успамінаем і святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, які хацеў, каб менавіта сёння, у апошнюю нядзелю чэрвеня, ушановалася Маці Божая ў гэтым абразе ў Брэсце», — дадаў пінскі ардынарый.

Як звярнуў увагу біскуп, Маці Божая на абразе прадстаўлена са складзенымі рукамі і схіляе галаву над Немаўляткам Езусам. З правага боку ад Яе знаходзіцца святы Ян Хрысціцель у малітоўнаай позе, чый позірк таксама скіраваны на Збаўцу. Асаблівасцю, па словах іерарха, з’яўляецца тое, што Маці Божая схіляецца над калыскай, але не прытуляе Дзіця да грудзей. «Легенда тут прыгадвае каралеву Бону з італьянскага роду Сфорцаў. Тады яна, маладая каралева, пераязджаючы ў Кракаў, атрымала ад маці падарунак – сярэбраную калыску – і наказ, каб кожны год калыска прыносіла нованароджанае немаўля для патомства Ягелонаў. Але многія гады калыска заставалася пустой, і тады каралева Бона ахвяравала Маці Божай свае малітвы, просячы аб патомстве, — распавёў біскуп. — І, магчыма, мастак, малюючы абраз, выкарыстаў гэтую легенду».

Пінскі ардынарый дадаў, што гэты абраз дайшоў да сучасных католікаў з глыбіні вякоў і, магчыма, быў дарагой каштоўнасцю для рода магнатаў нашых земляў — Пацеяў-Тышкевічаў. Праўдападобна, ён быў прывезены з Рыма біскупам Адамам Гіпатам-Пацеем, які быў у складзе дэлегацыі ў Рым ад Брэста на заключэнне Брэсцкай Уніі, адзначыў іерарх.

Таксама гэта адзіны з 37 знішчаных абразоў Брэста, які захаваўся да нашага часу.

Па словах біскупа Антонія Дзям’янкі, «гісторыя захавала незвычайныя здарэнні, цуды, якія адбыліся пры гэтым абразе». Іерарх распавёў, што жонка гетмана Мікалая Патоцкага, якая была лютэранкай, даведаўшыся аб цяжкай хваробе мужа, штодзённа прасіла аб яго здароўі перад гэтым абразом, а калі яе просьба была выслухана, яна прыняла каталіцкую веру.

«У гісторыі няма нічога вечнага, апрача спрадвечнай справядлівасці, — адзначыў пінскі ардынарый. — Усё прамінае так, як прамінуў атэізм. Толькі Касцёл застаецца, які нястомна навучае, што людзі — гэта Божыя дзеці, якія маюць несмяротныя душы і адпачынак знойдуць толькі ў Богу ў Святой Тройцы, бо чалавек найважнейшы для Бога».

«Няхай наша сустрэча пры славутым на цуды абразе Маці Божай Брэсцкай будзе нашым выразам пашаны да міласэрнага Бога праз Яе пасрэдніцтва, — пажадаў біскуп. — Няхай Маці Божая Брэсцкая будзе крыніцай новай надзеі на адважны паход у будучыню маладому пакаленню вернікаў».

(AG)

Абноўлена 30.11.2017 14:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа