Пошук

07.04.2017 19:55  

7 красавіка ў мінскай архікатэдры Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў малітву Крыжовага шляху і цэлебраваў вечаровую святую Імшу.

Тэмай разважанняў цярпенняў Езуса быў крыж як шлях чалавечых дарог. Іерарх узняў пытанне: «Ці ёсць лек ад зла?» і пастараўся адказаць на яго падчас разважанняў Крыжовага шляху, засяроджваючы сваю ўвагу на тым, што любоў заўсёды мацнейшая за зло і нават за смерць.

«Хрыстус памёр на дрэве крыжа, але сваёй пасхальнай таямніцай падарыў нам вечнае жыццё. Святы Максімілян Кольбэ памёр смерцю мучаніка ў Асвенцыме, але жыццё засталося.

Хочам мы гэтага ці не, аднак усе чалавечыя шляхі сустракаюцца на Крыжовым шляху Езуса, які з’яўляецца месцам сустрэчы ўсіх чалавечых цяжкасцяў — тых, якія мы ўспрымаем ціха, і тых, на якія крыкліва наракаем.

Але праўдай ёсць тое, што крыжовы шлях чалавека ўпісаны ў Крыжовы шлях Езуса і ніколі не вядзе ў бездань безнадзейнасці, але заўсёды падымаецца на Гару Перамогі — да Трыадзінага Бога.
У гаміліі іерарх, зыходзячы з чытанняў, якія Касцёл прапануе на гэты дзень, засяродзіў сваю ўвагу на тым, што прарока Ерамію, як і Езуса ўзненавідзелі многія іх суайчыннікі і нават сябры.

«Так ужо бывае ў жыцці, што нават самыя блізкія сябры могуць змяніць свае адносіны, асабліва калі гаворка ідзе пра інтарэсы. Ерамія гаворыць пра Бога, які ахвяруе сваё жыццё дзеля бедных. Езус лечыць бездапаможных, сляпых, кульгавых, глухіх і часам нават чыніць гэта ў суботу, калі габрэям забаронена працаваць. Пры гэтым Ён кажа, што не чалавек для суботы, але субота для чалавека. Вядома, што гэта не было ўспрынята фарысеямі, і яны ўзбунтаваліся супраць Езуса і шукалі магчымасці Яго забіць...» — зазначыў Мітрапаліт.

«Зграшыць — гэта па-чалавечаму, трываць жа ў граху — гэта ад злога»

Паводле слоў арцыбіскупа, прарок Ерамія і Езус былі асуджаны, бо адмовіліся ад сляпога рытуалізму Старога Запавету на карысць дапамогі патрабуючым.

«Іх апаненты не былі злымі людзьмі, але памыляліся ў сваіх рашэннях і дзеяннях, бо не былі адпаведным чынам сфармаванымі, — зазначыў арцыпастыр. — Яны добра ведалі біблейскія законы. Але гэтае іх пазнанне не адпавядала ідэі бязмежнай Божай міласэрнасці».

«Трэба супрацьстаяць граху, з ім нельга згаджацца, яго трэба асуджаць. У той час нельга асуджаць чалавека, які, пазнаўшы свой грэх, шкадуе за яго і імкнецца ў будучыні не паўтараць. Нездарма ў Касцёле ёсць афарызм: “Зграшыць — гэта па-чалавечаму, трываць жа ў граху — гэта ад злога”».

Як дадаў іерарх, Евангелле распавядае, як габрэі супрацьпаставілі Езусу тое, што Ён называў сябе Богам. Яны казалі, што Ён такі самы чалавек, як і кожны іншы, таму, называючы сябе Богам, Ён блюзнерыць.

Як аргумент супраць такога меркавання габрэяў Езус кажа, што калі людзі не вераць Ягоным словам, то павінны верыць справам. А Яго справы сапраўды значныя, бо гэга Божыя справы і прасякнуты ідэяй любові і міласэрнасці да чалавека. «Габрэі ніяк не маглі прыняць праўду, што Езус, як уцелаўлёны Сын Божы, — гэта Бог з чалавечым абліччам і сэрцам», — зазначыў арцыбіскуп.

Паводле слоў іерарха, падобна таму, як Езус здзяйсняў справы свайго Айца, таксама і мы, хрысціяне, павінны працягнуць справы Езуса, кожны на тым месцы, дзе яго паставіў Божы Провід, — нездарма святы апостал Якуб казаў, што вера без спраў мёртвая.

Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў вернікаў выкарыстаць апошні тыдзень Вялікага посту, каб жыць актыўнай верай, напоўненай не толькі малітвай і постам, але і добрымі справамі.

(DN), (IL)

Абноўлена 03.03.2018 15:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця