Пошук

14.03.2017 17:38  

«І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну» (Быц 1, 27).

17 лютага Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў нашай краіне на 2017–2020 гады.

Занепакоены захаваннем Божага закону, які з’яўляецца гарантам ў будаванні шчаслівага жыцця, Каталіцкі Касцёл выказвае сваю глыбокую заклапочанасць патэнцыяльнай магчымасцю распаўсюджвання гендарнай ідэалогіі ў беларускім грамадстве.

Дзяржаўныя ўлады Беларусі шматразова выказваліся ў падтрымку маральных і гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашага народа, у тым ліку адносна сям’і, якая з’яўляецца падмуркам кожнага грамадства. У той жа час гендэрная ідэалогія мае дэструктыўны характар. Вялікую небяспеку выклікае і тое, што большасць людзей не ўсведамляе, што такое гендарная ідэалогія і якія яна мае наступствы.

Сацыяльныя навукі тлумачаць паняцце «гендар» як свабодны (у залежнасці ад культурных абставінаў) выбар чалавекам свайго полу. Гэта азначае, што пол чалавека вызначецца не яго фізіялогіяй, а ўплывам тых ці іншых культурных абставінаў. У наш час гэты пункт гледжання становіцца небяспечнай ідэалогіяй, якая імкліва ўкараняецца ў жыццё. Замест паняцця мужчына і жанчына ўводзяцца ажно сем паняццяў гендарнай прыналежнасці.

Усё гэта вядзе да пагрозы знікнення ідэнтычнасці мужчыны і жанчыны, да адмаўлення ад паняцця традыцыйнай сям’і, якая складаецца з бацькі, маці і дзяцей, а таксама да легалізацыі гомасексуальных саюзаў з правам усынаўлення дзяцей і г.д.

Прыхільнікі гендарнай ідэалогіі імкнуцца да ўвядзення ў школах маральна скажонага сексуальнага выхавання дзяцей, пры якім забараняецца ўжыванне такіх паняццяў, як «бацька», «маці», «сужэнства» і «сужэнская вернасць». У той жа час яны заахвочваюць да выкарыстання тэрмінаў «бацька А» і «бацька Б», а таксама «партнёрства на пэўны час».

Прапануецца вучыць дзяцей таму, што гомасексуалізм ці транссексуалізм — гэта свабодны выбар чалавека, доказам чаго з’яўляюцца прыклады пераапранання хлопчыкаў у адзенне дзяўчынак і наадварот. Такія прыклады ўжо сустракаюцца ў школах некаторых краін Захаду.

Усё гэта вядзе да антрапалагічнай рэвалюцыі і маральнага руйнавання грамадства з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць, у тым ліку да змены полу, фарміравання жаночых рысаў у хлопчыкаў і мужчынскіх — у дзяўчынак. Прыхільнікі гендарнай ідэалогіі сцвярджаюць, што полам можна распараджацца па ўласным меркаванні. Такім чынам яны плануюць стварэнне новага чалавека, які валодае не адпаведнай Божаму намеру свабодай выбару ўласнага полу і сексуальнай арыентацыі.

Касцёл не можа заставацца нейтральным ці абыякавым у тым выпадку, калі парушаецца маральнае і натуральнае права, атакуецца ўстаноўлены Богам інстытут сям’і і яе каштоўнасці, сужэнства, мацярынства, бацькоўства, маральнасць у сексуальным жыцці і г.д. Касцёл таксама бароніць правы жанчын і рашуча асуджае несправядлівыя адносіны да яе ў сям’і і грамадстве, але адказам на гэтую праблему не можа быць барацьба супраць сям’і як такой.

Салідарнасць паміж сужэнцамі ў сям’і, паміж мужчынамі і жанчынамі ў грамадстве з’яўляецца абавязковаю для таго, каб яны маглі плённа дзейнічаць на карысць усіх людзей, а падтрымка традыцыйнай сям’і, бацькоўства і мацярынства не пагражае правам і годнасці жанчын.

У сувязі з вышэйсказаным звяртаюся да дзяржаўных уладаў і ўсяго беларускага грамадства з заклікам не дапусціць яго маральнага разлажэння праз увядзенне ў штодзённую жыццёвую практыку гендарнай ідэалогіі. Законы, якія прымаюцца ў краіне, павінны служыць захаванню традыцыйнай сям’і і спрыяць яе развіццю, бо ад гэтага будзе залежаць будучыня нашай Бацькаўшчыны. Перафразуючы словы св. Яна Паўла II, хочацца сказаць: «Беларусь, калі жадаеш быць вялікаю і моцнаю, барані сям’ю!».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 14 сакавіка 2017 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.