Пошук

04.03.2017 00:00  

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Тэкст паслання на польскай мове››

1. Юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, які сёлета Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзначае разам з паўсюдным Касцёлам, заклікае нас да навяртання. Нагадвае аб гэтым і дэвіз пастырскага года: «Фацімскія аб’яўленні — шлях да навяртання».

Падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме ўмовай да нармальнага шчаслівага жыцця Марыя назвала малітву і навяртанне (пар. http://www.vatican.va/roman_curia/congregations/cfaith/documents/rc_con_cfaith _doc_20000626_message-fatima_pl.html)).

Яе заклік не страціў сваёй актуальнасці і ў наш час.

На пачатак Вялікага посту Касцёл, паўтараючы першыя словы, з якімі Езус звярнуўся да сваіх слухачоў — «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15), таксама заклікае нас да навяртання. Хрысціянін пакліканы вярнуцца да Бога ўсім сэрцам (пар. Ёэл 2, 12), каб не задавальняцца пасрэдным стылем жыцця, а ўзрастаць у адносінах з Богам, як кажа папа Францішак ва ўступе да сёлетняга паслання на Вялікі пост (пар. ПВП-17).

Маючы на ўвазе тое, што новы літургічны перыяд, які распачынаецца ў Папяльцовую сераду, па сваёй сутнасці з’яўляецца найбольш адпаведным часам для пакаяння і навяртання, нам неабходна засяродзіцца на гэтай праблеме сучаснага чалавека з мэтай атрымаць патрэбную для збаўлення Божую ласку.

2. На пачатку нашых разважанняў трэба прызнаць, што самай вялікай перашкодай у працэсе навяртання ў наш час з’яўляецца страта слушнага разумення граху і ідэя самадастатковасці.

Яна, між іншым, праяўляецца ў ідэалізацыі і выбельванні саміх сябе да такой ступені, што знешні выгляд чалавека закрывае яго грэшнае нутро і паслядоўна становіцца перашкодай для пакаяння і духоўнага дасканалення. У выніку ўзнікае пачуццё бязгрэшнасці і невінаватасці. Замест таго, каб прызнаць сваю віну і выйсці на шлях пакаяння і навяртання, мы апраўдваем сябе з мэтай абараніць ідэальны вобраз нашай асобы. Гэты сімптом становіцца хваробай нашага часу.

Калі мы нават і прызнаём свае памылкі, то імкнёмся шукаць алібі з мэтай аднавіць наш імідж ва ўласных вачах і ў вачах іншых людзей. Мы кажам, што ўчынілі той ці іншы грэх, але адначасова падкрэсліваем, што ён не прынёс нікому шкоды і з-за яго ніхто не пацярпеў, або гэта здарылася даўно і цяпер не мае ніякага значэння, бо пасля гэтага мы зрабілі многа добрых учынкаў і маліліся, паехалі, напрыклад, у пілігрымку ў Святую Зямлю, наведалі пусты гроб Пана, былі ў Рыме на агульнай аўдыенцыі са Святым Айцом, які нас благаславіў і г.д.

Такое мысленне памылковае, бо вядзе да наступнай высновы: «Са сваімі слабасцямі я даю рады сам». Яно таксама пацвярджае вялікі духоўны крызіс, у аснове якога знаходзіцца ідэя антрапацэнтрызму. Сучасны чалавек ставіць сябе, а не Хрыста, на першае месца і забываецца пра хрыстацэнтрызм.

3. Бог жадае чагосьці іншага. Успомнім словы Езуса Хрыста, што без Яго мы не можам нічога зрабіць (пар. Ян 15, 5). Успомнім евангельскую гісторыю пра марнатраўнага сына, які зразумеў свой грэх і сказаў: устану і пайду да майго бацькі і скажу, што зграшыў супраць яго і Бога. Ён так і ўчыніў, бо ведаў, што не дастаткова толькі ўсвядоміць сабе сваю грэшнасць, але неабходна яе прадставіць Богу, бо толькі Ён можа вылечыць гэтую духоўную хваробу (пар. Лк 15, 1-32).

Марнатраўны сын не ідэалізаваў сябе, не апраўдваўся, што зграшыў даўно, але з жалем канстатаваў свой грэх (пар. Лк 15, 21).

У той жа час духоўная самаідэалізацыя вядзе да абсалютызацыі нашай волі і супрацьпастаўлення яе Божай волі, што ў сваю чаргу становіцца прычынай духоўнай паталогіі і развіцця пачуцця самадастатковасці, і таксама перашкаджае ва ўрэгуляванні нашых адносін з Богам. У сваёй ганарлівасці мы не адважваемся прызнаць нашае духоўнае паражэнне і няжыццяздольнасць створанага намі нашага духоўнага ідала і ўласнага абагаўлення, каб звярнуцца па дапамогу да Бога.

4. У такой складанай маральнай сітуацыі мы нярэдка стараемся  заспакоіць голас сумлення справамі дабрачыннасці, якая, калі мы не кіруемся ўзнёслымі духоўнымі ідэаламі міласэрнасці, становіцца філантропіяй. Гэта не што іншае, як маскіроўка з мэтай схаваць нашыя духоўныя недахопы і прадставіць сябе перад іншымі шляхетнай асобай, што не спрыяе нашаму духоўнаму ўдасканальванню і не вядзе да вечнага шчасця.

Адзін аповед распавядае пра тое, як вельмі багаты і адначасова амаральны чалавек пасля смерці трапіў у пекла. Ён быў не задаволены і казаў св. Пятру, што яго месца ў небе, бо ён збудаваў святыню. Пётр пайшоў да Бога і спытаў, што чыніць у такім выпадку. Бог адказаў: «Спытай, колькі каштавала пабудова святыні — і мы яму вернем грошы, а ён застанецца ў тым месцы, якое заслужыў сваім жыццём». Мараль гэтага аповеду ў тым, што нельга адкупіцца ад грахоў, з іх трэба паспавядацца. Гэта азначае, што патрэбна навяртанне.

Зразумела, што гэта ўсё не адмаўляе неабходнасці дабрачыннасці, бо бедных заўсёды будзем мець, як кажа Хрыстус (пар. Ян 12, 8). Аднак, як вучыць папа Бэнэдыкт XVI, дабрачыннасць не можа быць толькі формай сацыяльнай падтрымкі, яна заўсёды павінна захоўваць сваю высакароднасць з мэтай сведчыць пра Хрыста (пар. DCE 31).
    
5. Дзе шукаць паратунку ў сітуацыі ідэалогіі духоўнай самадастатковасці і маральнага заняпаду? Хто дапаможа? Ці ёсць надзея?

Яна ёсць і яна ў Езусе Хрысце, які нас збавіў праз сваю Пасхальную таямніцу крыжовай смерці і ўваскрасення і які ў сваёй бязмежнай міласэрнасці не пакідае нас адных, бо ў сакрамэнце пакаяння працягвае нам сваю руку дапамогі. Для гэтага найперш неабходна перамагчы самога сябе, адмовіцца ад ідэі самадастатковасці і ідэалізацыі самога сябе.

Не трэба пакланяцца самому сабе і сфармаванаму намі нашаму «я», якое мы баімся страціць. Сваімі сіламі мы не дасягнём вечнага Валадарства, бо на шляху да яго знаходзіцца злы дух. Аднак Хрыстус перамог яго і адчыніў нам брамы неба. Трэба толькі скарыстацца плёнамі Яго перамогі.

6. Мы вызвалены для свабоды дзяцей Божых (пар. Гал 5, 13) і такімі павінны быць. Але ці мы імі з’яўляемся? Трэба памятаць аб тым, што чалавек не мае ўнутранай свабоды, калі толькі з-за баязлівасці, а не з любові, захоўвае Божы закон.

Бог дазваляе спакусы. Але ніколі не дапусціць тыя, якія з Яго дапамогай мы не зможам перамагчы. У сваёй слабасці мы грашым. Гэта па-чалавечаму. Аднак заставацца ў граху — гэта ўжо д’ябальская справа. Таму, усведамляючы сваю слабасць і грэшнасць, нам трэба шукаць паратунку ў бязмежнай Божай міласэрнасці. А для гэтага неабходна выказаць сваю любоў да міласэрнага Езуса, у якім наша надзея. Калі гэтага не будзе, то ўсе нашыя змаганні будуць падобны да змаганняў міфічнага Сізіфа, які коціць камень на гару і зрываецца ўніз — і так без канца.

Таму, пакуль мы не ўсвядомім сваю грэшнасць, не зможам уступіць на шлях навяртання. Такі стан душы — гэта наша духоўная восень. Як вядома, прырода на восень замірае. А мы пакліканы да жыцця, таму духоўную восень неабходна замяніць на духоўную вясну. Зрабіць гэта можна толькі праз пакаянне, якое вызваляе нас і адраджае. Бог нічога ў нас не просіць і нічога не жадае, акрамя прызнання ў грэшнасці.

7. Аднойчы пустэльнік, у якога была слава святога, сустрэўся з вельмі багатым, шчодрым маладым чалавекам, які не захоўваў Божы закон. Ён, падобна фарысею, хваліўся сваім цнатлівым жыццём (пар. Лк 18, 11-12), асабліва тым, што многа дапамагае іншым. Старац выслухаў яго і ў адказ сказаў, што і ён грэшны і патрабуе навяртання.

Пры гэтым ён падкрэсліў небяспеку самапакланення, калі самазадаволены чалавек не бачыць сваіх грахоў. Гэта не робіць яго больш цнатлівым, нават калі ён і здзяйсняе добрыя ўчынкі. Як вядома, да цнатлівага жыцця вядзе навяртанне.

Далей старац сказаў маладому чалавеку: «Добра. Ты можаш працягваць жыць не паводле Божай волі, але сваёй! Але што далей?» Гэтыя словы так моцна запалі ў яго сэрца і так узрушылі яго, што ён задумаўся над сваім духоўным жыццём і вярнуўся на шлях навяртання.

Гэты прыклад паказвае, што, будучы задаволенымі сабою, як быццам заключанымі ў вязніцу самадастатковасці і самалюбства, мы не карыстаемся Божай ласкай і наследуем выключна свецкі стыль жыцця. Без пакаяння мы губляем унутраную свабоду, якой нам так не хапае. Прызнанне ж грэшнасці становіцца пачаткам навяртання і разумення таго, што мы самі без Божай дапамогі нічога не зможам зрабіць, бо з грахоўнага рабства нас можа вызваліць толькі Хрыстус.

8. Распачынаючы Вялікі пост — час пакаяння і навяртання — добра паглядзець на гэту праблему праз прызму вучэння Святога Пісання. Яно дае нам шмат прыкладаў барацьбы паміж дабром і злом. Успомнім некаторыя з іх.

Хрыстус на пустыні не паддаўся спакусам сатаны (пар. Мц 4, 1-11). Мытнік Левій стаў апосталам Мацвеем (пар. Мц 9, 9). Са святыні апраўданым выйшаў не ганарысты фарысей, а пакорны мытнік (пар. Лк 18, 9-14). Хрыстус не папракаў чужаложніцу, а сказаў ёй больш не грашыць (пар. Ян 8, 11). Злачынцу, які шкадаваў за свае грахі, Езус на дрэве крыжа паабяцаў Божае Валадарства (пар. Лк 23, 39-43). Ганіцель Касцёла Саўл становіцца апосталам язычнікаў Паўлам (пар. Дз 22, 6-16).

Усё гэта падобна на скандал. Але гэта праўда бязмежнай Божай міласэрнасці, доступ да якой мае кожны, трэба толькі звярнуцца да яе ў сакрамэнце пакаяння. «Міласэрнасць аднаўляе і здзяйсняе адкупленне, бо гэта сустрэча двух сэрцаў: Божага сэрца, якое выходзіць насустрач сэрцу чалавека», як вучыць папа Францішак (ММ 16).

Каб напіцца вады з крыніцы на полі, неабходна стаць на калені. Падобна і тут, каб атрымаць Божую ласку, якая прабачае грахі, неабходна стаць на калені перад канфесіяналам, у якім ад імя Езуса і Ягонай моцай дзейнічае святар. Трэба стаць на калені і сказаць: «Я зграшыў». Толькі тады мы зможам напіцца жыццядайнай вады Божай ласкі, а наш грэх заменіцца ў радасць. Нездарма падчас Пасхальнай вігіліі святар спявае пра шчаслівую віну Адама: «О, сапраўды абавязковым быў грэх Адама, бо яго згладзіла смерць Хрыста! О, шчаслівая віна, якую знішчыў такі вялікі Адкупіцель!»

9. Нагадваючы пра пакаянне, вельмі добра ўспомніць гісторыю навяртання марнатраўнага сына і гісторыю пракляцця Каіна, які забіў свайго брата Абеля.

Марнатраўны сын зразумеў свой грэх і прасіў прабачэння ў Бога і свайго бацькі, і атрымаў яго (пар. Лк 15, 21-24). Каін жа на пытанне Бога, дзе яго брат, адказаў, што не з’яўляецца яго вартаўніком. Ён не хацеў прызнацца ў сваім граху, і гэта стала яго трагедыяй (пар. Быц 4, 8-11).

Бог пакараў Каіна не за злачынства, а за няшчырасць. Трэба памятаць, што грэх — гэта адна справа, а непрыстойнасць — іншая. Тут гаворка не пра тое, што Бог імкнецца нас пакараць за наш грэх, а пра тое, што сам грэх карае нас.

Таксама не было б наступстваў першароднага граху Адама і Евы, калі б яны пасля з’едзенага плоду з забароненага дрэва, не схаваліся ад Бога, а прызналіся ў граху (пар. Быц 3, 1-24).

У гэтым і ёсць сэнс падзення Адама і Евы. Яны не верылі ў тое, што Бог заўсёды застаецца міласэрным Айцом і што Ён дараваў бы ім нявернасць, калі б яны аб гэтым папрасілі. Замест гэтага яны дзейнічалі паводле свайго чалавечага менталітэту — апраўдвалі сябе і шукалі вінаватых. Яны нібы казалі: «Гэта Ты, Божа, вінаваты, бо не збярог нас ад падзення. Дзе Ты быў тады, калі сатана нас спакушаў, дзе быў, калі мы зрывалі забаронены плод, дзе быў, калі мы яго елі і г.д.» Праблема Адама і Евы ў тым, што яны не даверылі сябе Божай міласэрнасці.

10. У гэтым сэнсе павучальнай з’яўляецца гісторыя навяртання караля Давіда, які ўчыніў грэх чужаложства і забойства. Будучы каралём, ён пачаў жыць з Бэтшэбай, жонкай свайго военачальніка Урыі, і паслаў яго на немінучую смерць на поле бітвы (пар. 2 Сам 11, 2-17). У гэтым быў яго грэх, бо ён, выбраная Богам пярліна, упаў у грахоўнае балота.

Аднак, ап’янёны цялеснай юрлівасцю, ён не адчуваў гэтага. З ім адбывалася тое, што адбываецца з возчыкам брычкі: калі ён цвярозы, то і брычка едзе нармальна, калі п’яны — то хаатычна. Адносіны паміж возчыкам і брычкай з’яўляюцца прыкладам адносін паміж душой і целам. Калі душа не затоплена ў грэшным віры, то яна можа кантраляваць дзейнасць чалавека. Калі ж душа ап’янела ад граху, то траціць кантроль над целам. Так было і з каралём Давідам.

Пазнаць ягоны грэх Давіду дапамог прарок Натан. Ён распавёў яму гісторыю пра багатага чалавека, які забраў у беднага апошнюю авечку, каб падрыхтаваць абед для госця. Давід вельмі абурыўся і сказаў, што багаты чалавек паступіў несправядліва. Тады прарок Натан сказаў цару Давіду, што гэта ён той чалавек, які зрабіў зло. Прарок спытаў яго словамі самога Бога: «Я табе даў усё, і даў бы больш, калі б ты папрасіў. Чаму ты так паступіў?» Давід зразумеў свой грэх і сказаў, што зграшыў перад Богам (пар. 2 Сам 12, 1-13).

11. Дарагія браты і сёстры!

Распачынаючы Вялікі пост, дазволім Касцёлу дапамагчы нам убачыць наш грэх, падобна таму, як прарок Натан дапамог убачыць яго каралю Давіду, каб мы пазналі яго і прасілі ў Бога прабачэння, і тады будзем апраўданыя. Няхай гэты час стане часам міласэрнасці для кожнага грэшніка, каб ён нястомна прасіў аб прабачэнні і адчуў руку Айца, які заўсёды нас вітае і туліць да сябе, як кажа папа Францішак (пар. ММ 21).

Давяраючы ўсіх вас Марыі, Маці міласэрнасці, якая ў сваім фацімскім пасланні заклікае да навяртання і вядзе да свайго Сына Езуса Хрыста — лекара душаў, на духоўную працу над сабой і адкрыццё на Божую міласэрнасць у гэты час ласкі перамены нашага жыцця ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 22 лютага 2017 г.
Свята катэдры св. Пятра, апостала



Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка «Deus caritas est» (DCE)
  2. Францішак. Апостальскі ліст «Мisericordia et misera» (ММ)
  3. Францішак. Пасланне на Вялікі пост 2017 (ПВП-17)
  4. http://www.vatican.va/roman_curia/congregations/cfaith/documents/rc_con_cfaith_doc_20000626_message-fatima_pl.html)


P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэта пасланне вернікам у першую нядзелю Вялікага посту — 5 сакавіка 2017 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа