Пошук

03.01.2026 00:00   Catholic.by

З нагоды 80-гадовага юбілею заслужанага іерарха арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе дастойнаму юбіляру шчырыя віншаванні.

Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш!

Ад імя вернікаў, духавенства і пастыраў Каталіцкага Касцёла Беларусі, з падзякай Богу за дар жыцця і паклікання Вашай Эксцэленцыі, хачу выказаць Вам самыя цёплыя віншаванні з нагоды Вашага 80-годдзя.

Шаноўны дастойны Юбіляр! Сёння разам з Вамі мы вяртаемся духоўна «пад страху дома» ў Адэльск, дзе, як казаў некалі святы Ян Павел ІІ, «усё распачалося: жыццё, навука, пакліканне».

Адэльск, дзе малая радзіма, Гродна, дзе Вы рабілі першыя крокі ў дарослае жыццё з малітвай мамы аб святарскім пакліканні для сына, тагачасны Ленінград, дзе атрымалі адукацыю ў політэхнічным інстытуце, — паўсюль пакрысе выспявала Вашае жаданне служыць Богу. Пасля была духоўная семінарыя ў Коўне (Літва) з вандроўкай у філасофска-тэалагічнае навучанне, святарскае пасвячэнне і першая парафія  святой Тэрэзы ў Вільні пры Вострай Браме. Пасля Друскенікі, пасля зноў Вільня. Затым францішканскі ўзгорак у Гродне з Маці Божай Анёльскай і падножжа Маці Божай Кангрэгацкай (так званай «Студэнцкай») у гродзенскай Фары. Потым гістарычны марыйны санктуарый у Гудагаі, дзе  25 ліпеня 1989 года  прагучала «Habemus Episcopum!». 20 кастрычніка  біскупскае пасвячэнне ў Рыме з рук Святога Айца Яна Паўла ІІ. Спачатку служэнне ў Беларусі, затым з 13 сакавіка 1991 года  служэнне ў якасці Апостальскага адміністратара ў Маскве для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі.

Ваша Эксцэленцыя, «дзе нарадзіўся, там прыгадзіўся», кажа народнае выслоўе, — маю на ўвазе вяртанне Вашай Эксцэленцыі на Бацькаўшчыну, гэтым разам ужо згодна з рашэннем Папы Бэнэдыкта XVI.

Новае заданне — і новыя выклікі часу, бо сам Бог у гэты час выбраў Вас: Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі ad nutum Sanctæ Sedis, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Старшыня камісій пры ККББ і многіх іншых структур Касцёла, але перадусім — хрысціянін, як вы самі часта падкрэсліваеце ў сваіх прамовах.

Ваша Эксцэленцыя, поўная сэрца і мудрасці Ваша праца была ацэненая шматлікімі касцёльнымі, дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі: Вы з 1999 года — сапраўдны член Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, член спецыяльнай рады па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сіноду Біскупаў, а таксама Папскай рады справядлівасці і спакою, віцэ-прэзідэнт Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС).

Аднак найвялікшай узнагародай — у часовым вымярэнні — з’яўляецца пашана, сімпатыя і любоў вернікаў, якая выражаецца праз малітву, духоўную падтрымку, добрыя словы і апладысменты!

Ваша Эксцэленцыя, сёння разам з Вамі ахвяруем на алтары плёны 80-гадовага пілігрымавання.

Шаноўны і дарагі наш Юбіляр! Няхай Бог праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці і Вашага заступніка святога Юды Тадэвуша, а таксама Міхала Арханёла благаслаўляе кожны дзень Вашага жыцця. Няхай адорыць Вас патрэбнымі дарамі ў верным служэнні Хрысту, у высакародным служэнні Касцёлу, Бацькаўшчыне і беларускаму народу, у служэнні кожнаму чалавеку, якога Божы Провід паставіць на дарозе Вашага жыцця.

Ваша Эксцэленцыя, арцыбіскуп Тадэвуш! Дзякуем Вам за прыклад крочання за Панам не толькі праз дасягненні і трыумфы, але і праз хваробу і цярпенне.

Plurimos annos!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа