Шаноўныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі Пінскай дыяцэзіі!
2 лютага ў свята Ахвяравання Пана ў 1997 г. Папа Ян Павел ІІ устанавіў Сусветны Дзень кансэкраванага жыцця, даючы Касцёлу магчымасць глыбей паразважаць над дарам жыцця, цалкам прысвечанага Богу. Найсвяцейшая Маці ахвяруе Пану Богу найбольшы Дар, які яна атрымала — Сына, Езуса Хрыста. Праз гэта яна складае таксама ў ахвяру саму сябе. Падобную ахвяру з сябе ў любові да Хрыста складаюць кансэкраваныя асобы.
Ян Павел ІІ падкрэсліў гэта, кажучы: «Ахвяраванне Езуса становіцца яскравым прыкладам поўнага аддання свайго жыцця для тых, хто пакліканы, каб праз евангельскія парады абвяшчаць характэрныя рысы Езуса — чысціню, беднасць і паслухмянасць» (Vita consecrata, 1).
У пасланні на І Дзень кансэкраванага жыцця Святы Айцец акрэсліў тры яго мэты. Перадусім гэта асабістая патрэба ўрачыстага праслаўлення Пана і падзяка за вялікі дар кансэкраванага жыцця, якое ўзбагачае і радуе хрысціянскую супольнасць рознымі харызмамі, а таксама падзяка за плённую дзейнасць многіх асобаў, цалкам прысвечаных справе Божага Валадарства.
Па-другое, мэтаю Дня кансэкраванага жыцця з’яўляецца пазнанне гэтай формы жыцця і развіццё пашаны да яго з боку Божага народа.
Трэцяя мэта адносіцца непасрэдна да кансэкраваных асобаў, запрошаных да супольнага і ўрачыстага святкавання незвычайных спраў, якія Пан здзейсніў у іх жыцці, каб у святле веры яшчэ больш адкрыць Божую прыгажосць, а таксама, каб яшчэ мацней усвядоміць сабе іх незаменную місію ў Касцёле і свеце.
Кансэкраванае жыццё знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла як элемент, які мае фундаментальнае значэнне для яго місіі, паколькі выражае самую сутнасць хрысціянскага паклікання і імкненне ўсяго Касцёла-Нявесты да з’яднання з адным Улюбёным (Vita consecrata).
Гісторыя Касцёла сведчыць, што ў кожны час знаходзяцца людзі, якія па прыкладзе евангельскай Марыі прагнуць выбраць лепшую частку (пар. Лк 10, 42), гэта значыць выбіраюць жыццё ў чысціні, беднасці і паслухмянасці, каб чыстым і непадзельным сэрцам служыць Хрысту і бліжнім. Услед за святым Паўлам яны могуць сказаць: «Для мяне жыццё — гэта Хрыстус» (Флп 1, 21). Гісторыя паказвае, што жыццё ў чысціні, беднасці і паслухмянасці дазваляе асягнуць дасканалую любоў.
Наша дыяцэзія можа ганарыцца такімі прыкладамі: благаслаўлёныя сёстры назарэтанкі з Навагрудка, бл. Ахілес Пухала OFMConv і бл. Герман Стэмпень OFMConv. Кансэкраваныя асобы прыбылі калісьці на гэтыя тэрыторыі, каб паказаць, на што абапіраецца манаскае жыццё, ажно да аддання жыцця за іншых у духу каталіцкай веры. Больш таго, у гісторыі Пінскай дыяцэзіі адзначыліся таксама законныя асобы, якія ў часы камуністычнага пераследу далі прыгожае сведчанне ахвярнай працы ў сваіх парафіяльных святынях.
У Мядзведзічах у сакрыстыі працавала сястра Юлія Астапчык, анялянка, ціхая і пакорная ў сваёй службе. Яна выпякала аплаткі, гостыі і камуніканты, шмат часу праводзіла ў малітве і была для акружаючых прыкладам веры. У Навагрудку «вартаўніком» фарнага касцёла была сястра Малгажата Банась, назарэтанка. Яна жыла ў сакрыстыі пры касцёле і падобна евангельскай прарочыцы Ганне ўдзень і ўначы ўзносіла да Бога малітвы (пар. Лк 2, 36 – 37). Наша дыяцэзія мае шмат прыкладаў адданых Богу людзей, якія гераічна баранілі веру і Касцёл: а. Войцех Навачык ОМІ з Навагрудка, с. Ружа Свянткоўская, францішканка ад церпячых, кс. Міхал Варанецкі СМ, пробашч у Ружанах і Лыскаве. Сёстры палатынкі мелі свае пляцоўкі ў вёсцы Райца каля Навагрудка, у Навасадах (Пінская дыяцэзія), у Бярозе Картузскай каля Брэста і ў Карэлічах.
Практыка евангельскіх цнотаў з’яўляецца стрыжнем манаскага жыцця. Складзеныя абяцанні чысціні, беднасці і паслухмянасці датычаць трох асноўных сфер жыцця. Першы — шлюб чысціні — гэта выбар Хрыста як адзінай любові і таму ён звязаны з дабравольнай адмовай ад сужэнскага жыцця. «Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану», – кажа апостал Павел (1 Кар 7, 32). Любоў нявесты да Жаніха знаходзіць свой працяг у любові да тых, каго ўсе пакінулі.
Шлюб беднасці — гэта адказ кансэкраванага жыцця на паўсюль прысутнае ў сучасным свеце матэрыялістычнае жаданне валодаць рэчамі, ігнараванне патрэбаў і пакутаў слабых, адсутнасць раўнавагі ў карыстанні прыроднымі рэсурсамі (пар. Vita consecrata, 89). Першымі сярод благаслаўвёных, ці шчаслівымі, Езус называе ўбогіх духам (пар. Мц 5, 3).
Шлюб паслухмянасці звязаны ў сваю чаргу з культурай свабоды і пашанаю да асобы чалавека, як процівага несправядлівасці і гвалту. «Характэрная для кансэкраванага жыцця паслухмянасць выразна паказвае паслухмянасць Хрыста Айцу і, грунтуючыся на гэтай таямніцы, сведчыць, што паміж паслухмянасцю і свабодай няма супярэчнасці» (Vita consecrata, 91). Той, каму ў акце кансэкрацыі пакліканы прысвячае жыццё, паказвае на самога сябе як на кагосьці ціхага і пакорнага сэрцам, запэўніваючы, што яго цяжар салодкі і лёгкі (пар. Мц 11, 29 – 30).
Пакліканне да законнага жыцця з’яўляецца прапановай, якую дае Езус: «Калі хочаш быць дасканалым…» (Мц 19, 21). Евангельскія парады ў іх разнастайнасці прапаноўваюцца ўсім вучням Хрыста. Дасканалая любоў, да якой пакліканы ўсе вернікі, накладвае на тых, хто свабодна прымае заклік да кансэкраванага жыцця, абавязак практыкавання ўбоства і паслухмянасці, а таксама чысціні ў вольным стане дзеля Божага Валадарства.
Манаскія супольнасці ўзнікалі ў гісторыі Касцёла, засноўваліся ў ім і яму служылі. Хрысціяне, якія прагнулі жыць у поўнай згодзе з ідэаламі вучэння Хрыста, праз практыку евангельскага радыкалізму ажыўлялі Касцёл, які пастаянна падвяргаўся небяспецы пасрэднасці і сапсаванасці. Манаскія супольнасці з’яўляюцца важнай часткай Касцёла. Неабходнасць у іх дзейнасці не змяншаецца, а наадварод — пастаянна расце. Святы Ян Павел ІІ падчас сустрэчы з манаскімі ордэнамі на Яснай Гары 5 чэрвеня 1979 г. сцвердзіў, што без іх, без жыцця, прысвечанага Богу праз шлюбы чысціні, беднасці і паслухмянасці, Касцёл не быў бы цалкам сабой. «Вашы дамы, — казаў Святы Айцец, — перш за ўсё павінны быць асяродкамі малітвы, засяроджанасці, асабістай і сумеснай размовы з тым, хто ёсць і павінен застацца першым і вядучым суразмоўцам у кожны ваш працоўны дзень».
Сёння ў нашай дыяцэзіі працуе шмат манаскіх супольнасцей. У Лагішыне айцы арыяністы займаюцца хоспісам — Домам Міласэрнасці. З вялікай руплівасцю працуе таксама 30 сясцёр з дзесяці кангрэгацый. Сёстры Місіянеркі Святой Сям’і займаюцца катэхізацыяй. Падобна выконваюць сваё служэнне сёстры палатынкі, дамініканкі, кармэлітанкі і сёстры з іншых супольнасцей. Сёстры Місіянеркі ад маці Тэрэзы з Калькуты займаюцца справамі міласэрнасці ў Гомелі. Таксама ў гэтым горадзе дзяцей-інвалідаў атуляюць апекай сёстры бэнэдыктынкі самарытанкі. Іх дзейнасць выражаецца ў прыняцці як сваіх слоў Хрыста: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (мц 25, 40).
Ад 28 лістапада 2014 г. да 2 лютага 2016 г. трываў, абвешчаны Папам Францішкам, Год кансэкраванага жыцця. Напярэдадні Дня кансэкраванага жыцця ў мінулым годзе папа Францішак сказаў сабраным кансэкраваным асобам: «Прароцтва, блізкасць і надзея — гэта тры асновы кансэкраванага жыцця». Прароцтва палягае на абвяшчэнні людзям рэчаіснасці Бога ў іх жыцці і паказванні дарогі Езуса.
«Гэта дар, аб якім мы павінны прасіць», — падкрэсліў Святы Айцец. Кажучы пра блізкасць, Папа заўважыў, што кансэкраваныя асобы адданыя Богу, але не для таго, каб аддаліцца ад людзей, а, каб быць бліжэй да іх, разумець іх жыццё і праблемы. У сваю чаргу надзея, паводле слоў Святога Айца Францішка, з’яўляецца заклікам да малітвы аб новых пакліканнях. Гэта малітва застаецца пастаянным заданнем і абавязкам усёй супольнасці Касцёла.
Ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляю
+ ў імя Айца і Сына, і Духа Святога
+Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 17.01.2017 г.
Гэты ліст святары абвесцяць у апошнюю нядзелю студзеня 2017 года на
ўсіх святых Імшах, альбо выкарыстаюць яго думкі ў казаннях. Акрамя таго,
ліст вывесяць на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на перыяд да Папяльцовай
серады.