«Неабходна памятаць і пра тое, што фацімскія аб’яўленні з’яўляюцца найбольш правідэнцыяльнымі аб’яўленнямі сучаснасці», — чытаем у Пастырскім пасланні Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на 2017 год.
Тэкст паслання на польскай мове >>>
ФАЦІМСКАЕ ПАСЛАННЕ МАРЫІ — ШЛЯХ ДА НАВЯРТАННЯ
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, пастырская праграма 2017 г. прысвечана 100-годдзю аб’яўленняў Божай Маці ў Фаціме, якія мелі фундаментальнае значэнне ў трагічнай гісторыі нашага народа ў ХХ стагоддзі, і такімі застаюцца надалей. Дэвіз года, які распачаўся: «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання». Усе мы грэшнікі і ўсе патрабуем навяртання, без якога немагчымым з’яўляецца нармальнае духоўнае і грамадскае жыццё.
Фацімскае пасланне Марыі — гэта найперш пасланне народам Усходняй Еўропы, тым, якія ў 1917 г. уваходзілі ў склад былой Расійскай Імперыі, у тым ліку і Беларусі. 100 гадоў таму атэістычная ідэалогія з Захаду накіроўвалася на Усход. У выніку чаго прывід камунізму, які ўжо блукаў па Еўропе, як пісаў Маркс, сваю ўвагу сканцэнтраваў на яе Усходзе. Ён стаў прычынай шматлікіх трагедый і няшчасцяў, у тым ліку ў галіне свабоды веравызнання, наступствы якіх мы адчуваем да сёння і яшчэ доўга будзем адчуваць.
Цягам трох пакаленняў Касцёл быў цалкам зруйнаваны, а камуністычна-атэістычны рэжым выхаваў новы тып чалавека, якога часта называюць homo sovieticus — «савецкі чалавек». Гэта такі тып чалавека, які ўсведамляе сваю абсалютную залежнасць ад наваколля і выкарыстоўвае яго ў сваіх мэтах. Ён прыстасоўваецца да жыцця ў складаных умовах, не жадае ні якіх перамен, бо раствараецца ў існуючай сацыяльна-палітычнай структуры, і выказвае незадавальненне да ўсяго, што выходзіць за межы агульнапрынятага ў ёй парадку. Ён усведамляе сабе, што ўся яго сіла — у той масе, часткай якой ён з’яўляецца. Толькі ў калектыве ён можа адчуваць сябе асобай.
Марыя прадбачыла ўсё гэта, і таму 100 гадоў таму ў далёкай Фаціме дала нам новую надзею, у тым ліку на духоўнае адраджэнне.
2. Аб’яўленні Божай Маці ў Фаціме ў 1917 г., без сумневу, сталі адным з найбольш інтрыгуючых падзей ХХ стагоддзя і сучаснага свету. Яны складаюцца з трох частак. Першыя дзве датычаць прадстаўлення пекла з яго жудаснымі і жахлівымі сцэнамі вечных цярпенняў, завяршэння Першай сусветнай вайны, пачатку Другой сусветнай, пераследу Касцёла, пакланення Беззаганнаму Сэрцу Марыі, а таксама дадзенай народам Усходу надзеі на навяртанне.
Трэцяя частка да 2000 года заставалася таямніцай за сямю пячацямі і таму выклікала вялікі інтарэс, правакуючы масу здагадак, некаторыя з якіх насілі нават апакаліптычны характар.
Папа Ян Павел II падчас святкавання Юбілейнага Года 2000-годдзя хрысціянства вырашыў абнародаваць яе. Гэта дазволіла пасля драматычнага ХХ стагоддзя агучыць тую рэчаіснасць, якая стварае гісторыю і адначасова тлумачыць яе глыбокі сэнс у непрыхільна ўспрымальнай сучасным светам духоўнай перспектыве (пар. MF, c. 3).
Фацімскія аб’яўленні перадусім адносяцца да барацьбы атэістычнай сістэмы з рэлігіяй і апісваюць цярпенні сведкаў веры ХХ стагоддзя, якое стала Крыжовым шляхам і новай Галгофай Касцёла.
Звышнатуральныя з’явы, якія час ад часу адбываюцца, уваходзяць у гісторыю свету, здзіўляючы веруючых і нават няверуючых. Добра памятаю, як падчас першай расійскай пілігрымкі ў Фаціму ў 1991 г. да нас падышоў пасол тады яшчэ Савецкага Саюза і сказаў: «Я няверуючы, аднак у фацімскіх аб’яўленнях ёсць нешта такое, чаго немагчыма патлумачыць натуральным спосабам. Як простыя, неадукаваныя дзеці, якія не ведалі геаграфіі, маглі прадказаць будучыню, сведкамі якой з’яўляемся мы?»
3. Нагадваючы пра звышнатуральныя з’явы, якія мелі месца ў гісторыі чалавецтва, неабходна памятаць пра тое, што яны не могуць супярэчыць веры. Наадварот, яны павінны канцэнтравацца вакол галоўнага прынцыпу вучэння Езуса Хрыста — любові Бога, якая пабуджае людзей да навяртання і адорвае іх Божай ласкай. Такім акурат і з’яўлецца фацімскае пасланне, якое заклікае да пакаяння і навяртання, і гэтым самым уводзіць у стрыжань Евангелля.
З гэтай нагоды добра прыгадаць, што сёлета прыпадае 500-ая гадавіна выдання Францішкам Скарынам першай Бібліі на беларускай мове. А Святое Пісанне акурат і з’яўляецца кнігай, якая прадстаўляе гісторыю збаўлення і заклікае да навяртання і жыцця згодна з Божай воляй.
Неабходна памятаць і пра тое, што фацімскія аб’яўленні з’яўляюцца найбольш правідэнцыяльнымі аб’яўленнямі сучаснасці. Гэта пацвярджаюць падзеі канца 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, якія мелі месца ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі: распад Савецкага Саюза і камуністычнага блоку, падзенне атэістычнага рэжыму, дар свабоды веравызнання і новыя магчымасці адраджэння веры.
Фацімская візіянерка с. Люцыя падчас сустрэчы з біскупамі з Расіі, Казахстана і Сярэдняй Азіі ў 1997 г., якая мела месца пасля завяршэння перэгрынацыі фігуры Божай Маці Фацімскай па гэтых краінах, сказала, што навяртанне гэта доўгатрываючы працэс і што фацімскае пасланне актуальна таксама і ў наш час, бо ўсе мы патрабуем навяртання і малітвы. Яно таксама адносіцца да ўсяго свету, бо грэх не мае нацыянальнасці. Таму фацімскія аб’яўленні — гэта пасланне не толькі Усходняй Еўропе, але і ўсяму свету.
4. Калі ключом да пазнання першай і другой частак фацімскіх аб’яўленняў з’яўляюцца словы «ўратаваць душы», то да трэцяй — заклік да пакаяння. Гэтыя словы сугучныя са словамі Езуса «кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15), што нагадвае пра вечную актуальнасць пакаяння.
У лісце св. Яну Паўлу II ад 12 мая 1982 г. сястра Люцыя пісала, што трэцяя фацімская таямніца зводзіцца да слоў Божай Маці: «калі так і калі не». Гэта азначае: калі будзеце маліцца і імкнуцца да навяртання, то ўсё будзе добра, а калі не, то прыйдуць новыя выпрабаванні (пар. MF, c. 8-9).
Таму нельга казаць, што Бог нас карае. Наадварот, людзі самі наклікаюць на сябе пакаранне. Бог, які нас адарыў свабодай і яе шануе, цярпліва папярэджвае і заклікае да вяртання на сапраўдны хрысціянскі шлях жыцця. У гэтым акурат і крыецца належны адказ, як прадухіліць пазначаную ў фацімскіх аб’яўленнях пагрозу. Таму фацімскае пасланне не адносіцца толькі да мінулага, але застаецца актуальным заклікам да пакаяння і навяртання.
5. У сувязі з гэтым у наш час антырэлігійнага і агнастычнага секулярызму вельмі важным з’яўляецца фацімскае пасланне. А менавіта: калі людзі будуць слухаць заклік Марыі да малітвы і навяртання, то могуць спадзявацца на спакойнае і шчаслівае жыццё. Калі не, то ўзнікнуць праблемы. Пры гэтым нельга папракаць Бога. Толькі сам чалавек, а не хтосьці іншы, нясе адказнасць за сваю будучыню. Таму чалавецтва не можа забыць трагічны ўрок ХХ стагоддзя: людзі адвярнуліся ад Бога і распачалі барацьбу з рэлігіяй, у выніку наш народ прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, наступствы якіх мы адчуваем цяпер і будзем адчуваць яшчэ вельмі доўга.
У таямніцы ўцелаўлення Бог аб’явіўся свету з чалавечым сэрцам і тварам, каб быць бліжэй да чалавека і перамагчы зло. Дзякуючы гэтаму апошняе слова больш не належыць злу, бо з Божай дапамогай мы здольныя яму супрацьстаяць і перамагчы.
6. Таму фацімскае пасланне — гэта яўны знак Божай міласэрнасці, якая праз Марыю была аказана чалавецтву 100 гадоў таму і працягвае аказвацца. А міласэрнасць — гэта адзіная надзея свету, як вучыць св. Ян Павел II (пар. https://ekai.pl/wydarzenia/temat_dnia/x77225/jedyna-nadzieja-w-milosierdziu-ostatnia-pielgrzymka-jana-pawla-ii-do-polski/).
У кнізе «Езус з Назарэта» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI піша, што рэчаіснасць зла і несправядлівасці з’яўляецца чымсьці так рэальным, што нельга яго ігнараваць, і таму неабходна супрацьпаставіцца яму. Аднак, паколькі людзі самі не могуць гэтага ўчыніць, то гэта чыніць Бог, у чым праяўляецца Яго безумоўная дабрыня (пар. http://www.deon.pl/religia/serwis-papieski/aktualnosci-papieskie/art,4117, tylko-jedna-rzecz-naprawdemoze-zbawic-swiat.html).
Міласэрнасць з’яўляецца галоўным вымярэннем місіі Хрыста, які, у сваю чаргу, ёсць абліччам міласэрнасці Нябеснага Айца, кажа папа Францішак (пар. MV 1. 7-9). Марыя ў сваім фацімскім пасланні якраз і аб’яўляе нам бязмежную Божую міласэрнасць.
7. Фацімскія аб’яўленні з’яўляюцца вельмі добрай і актуальнай дапамогай ва ўмацаванні нашай веры, што вельмі важна перад абліччам грозных выклікаў сучаснасці. Таму іх нельга ігнараваць. Сучасны свет перакананы ў сваёй самадастатковасці і прапануе шмат сродкаў, як перамагчы ўзнікаючыя крызісы.
Пры гэтым ён забывае пра важнае — аб крызісе веры, які з’яўляецца першапрычынай усіх іншых крызісаў. Таму яму патрэбныя не толькі эканамічныя, сацыяльна-палітычныя, культурныя і яшчэ іншыя намаганні, але перадусім неабходна «вератэрапія», якая з’яўляецца лекам душы.
Лекам для лячэння сучаснага свету ад яго хваробаў з’яўляецца заклік Марыі да пакланення яе Беззаганнаму Сэрцу. Ён адносіцца да кожнага чалавека, каб па прыкладу Марыі на першым месцы ставіць Бога і быць паслухмяным Яго закону, з мэтай мець чыстае і адданае Богу сэрца. Гэтым самым Марыя дае новую надзею сучаснаму, поўнаму супярэчнасцяў і выклікаў, свету. Гэта надзея ў чыстым сэрцы, якое спадзяецца на Хрыста.
8. У наш час, калі ўжо не толькі прывід секулярызму, але і яго наяўнасць праяўляецца ў нашым жыцці, нам неабходна вяртацца да фацімскіх аб’яўленняў і ў іх мець надзею, каб даць хрысціянскі адказ на выклікі часу, з мэтай перамагчы зло, якое ўсё больш ўмацоўваецца ў свеце.
Таму трэба памятаць, што навяртанне — гэта не штосьці прынесенае звонку, але стан нашай душы. Навяртання няма там, дзе няма ўнутранай свабоды, якая базуецца не столькі на адсутнасці ГУЛАГаў, сколькі на праўдзе. Не здарма Езус кажа: «Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32).
Небяспека, якая пагражае нам, заключаецца ў тым, што, вызваліўшыся ад знешняга прыгнёту, мы лёгка трапляем у іншыя формы залежнасці, такія як спажывецтва, імкненне да багацця, наркаманія, аборты, нязгодны з Божай воляй секс і г.д.
Нельга забываць пра тое, што чалавек, які жадае валодаць светам без Бога, раней ці пазней сам становіцца яго нявольнікам. Недастаткова клапаціцца толькі пра матэрыяльнае развіццё свету. Яму неабходна вярнуць сапраўдную шкалу каштоўнасцяў. Чалавек годны большага, чым толькі матэрыяльнага дабрабыту, бо «вартасць чалавека вызначаецца тым, кім ён ёсць, а не тым, чым ён валодае», як навучае Другі Ватыканскі Сабор (GS 35).
9. Трэба памятаць, што навяртанне — гэта адмаўленне ад граху. Аднак гэта не зводзіцца выключна да ўсведамлення сабе граху і жалю за яго, што з’яўляецца толькі адным з аспектаў навяртання. Па сваёй сутнасці навяртанне азначае перамену сэрца, адрачэнне ад эгаізму і зварот да Бога.
Горкія слёзы і перапрашэнне — гэта яшчэ далёка не навяртанне, бо яго ласцы заўсёды спадарожнічае радасць і супакой. Таму навяртанне не павінна асацыявацца з негатыўнымі пачуццямі, такімі як віна, агіда да самога сябе, смутак, дэпрэсія і г.д. Навяртанне з’яўляецца плёнам спаткання з Хрыстом. Яно вядзе да поўнага зразумення, што такое грэх, а што Божая любоў і міласэрнасць. Менавіта да такога навяртання заклікае Марыя ў Фацімскіх аб’яўленнях, каб, як кажа Езус, мы маглі любіць Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усёй моцай і ўсім розумам, а бліжняга, як самога сябе (пар. Лк 10, 27).
10. Марыя, ты 100 гадоў таму ў Фаціме заклікала да навяртання. У наш час адыходу ад Бога і жыцця так, як быццам Ён не існуе, заставайся для нас прыкладам вернага служэння Яму і выконвання Яго волі, выпрасі ў свайго Сына ласку навяртання, гэта значыць ласку жыцця паводле Божага закону, духу Евангелля і вучэння Касцёла, і навучы заўсёды быць вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню.
Мы ж, у гэты час, калі ў межах святкавання 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў у нашых парафіях адбываецца перэгрынацыя фігуры Божай Маці Фацімскай і Навэнна да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, ахвяруем сябе, нашы сем’і, грамадства і нашу краіну Беларусь Беззаганнаму Сэрцу Марыі і ўчынім усё магчымае, каб фацімскае пасланне стала нормай нашага жыцця з мэтай сталага навяртання.
На гэты шлях, давяраючы ўсіх вас Маці Божай Фацімскай, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 8 студзеня 2017 г.
Свята Хросту Пана
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» (GS).
2. Папа Францішак. Була «Misericordiae vultus» (MV).
3. Tarcisio Bertone. Il Messaggio di Fatima. Tipografia Vaticana, 2000 (MF).
4. https://ekai.pl/wydarzenia/temat_dnia/x77225/jedyna-nadzieja-w-milosierdziu-ostatnia-pielgrzymka-jana-pawla-ii-do-polski/.
5. http://www.deon.pl/religia/serwis-papieski/aktualnosci-papieskie/art,4117, tylko-jedna-rzecz-naprawdemoze-zbawic-swiat.html.
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэта пасланне вернікам 15 студзеня 2017 г.