Умілаваныя ў Хрысце Пану,
мы адзначаем святы Божага Нараджэння і злучаны з імі пачатак Новага года. Гэта ўжо 2017 год. Год Пана, як мы кажам, або год, які лічым ад нараджэння Хрыста. Чаму ў нашай культурнай традыцыі прынята лічыць час ад прыйсця на свет у бэтлеемскай стайні маленькага Дзіцяці?
Чаму гэта падзея настолькі важная, што нават тыя, хто не хоча гаварыць пра нараджэнне Хрыста ці пра Божае Нараджэнне, лічаць час ад гэтага нараджэння, называючы яго новай эрай?
Рэч не ў тым, што ў момант нараджэння Езуса ў Рымскай імперыі, якая прасціралася ад Атлантычнага акіяна да Каўказа і ад Паўночнага мора да пяскоў Сахары, запанаваў доўгачаканы спакой.
Жыццё ў Рымскай дзяржаве, якую раздзіралі грамадзянскія войны і барацьба за ўладу, у часы панавання імператара Аўгуста набыло адносную стабільнасць. Аднак гэта не прычына, каб ад яе лічыць новую эру і наступныя календарныя гады нават пасля дзвюх тысяч год. Чаму ж тады нараджэнне Дзіцяці ў далёкай Юдэі, у невялікім мястэчку Бэтлеем, у беднай, вельмі беднай сям’і стала такім важным? Адказ на гэтае пытанне заключаецца ў тым, кім з’яўляецца гэтае Дзіця і якое вучэнне абвяшчаў Нованароджаны ў сваім дарослым жыцці.
Кім было гэтае Дзіця? Над такой таямніцай задумаўся, звязаны з нашай зямлёй і пахаваны ў Лыскаве, на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, паэт Францішак Карпінскі. Немагчыма было лепей спазнаць сутнасць нараджэння маленькага Езуса ў Бэтлееме, як толькі з дапамогаю здзіўляючых парадоксаў. У вядомай калядцы «Песня пра Божае Нараджэнне» мы знаходзім такія словы: «Бог прыходзіць, моц трухлее. Усемагутны Бог спрадвеку. Агонь крэпне, бляск цямнее — стаў Бязмежны Чалавекам. Пагарджаны — знатны славай, смяротны, Пан над вякамі. Творцы Слова Целам стала і жыло паміж намі».
Нараджэнне Бога ў постаці маленькага Дзіцяці было і ёсць настолькі незвычайнай падзеяй, што, паводле слоў паэта, моц, якая па сваёй натуры ўсё перамагае, у гэтым выпадку нішчыцца, памірае, гіне ад страху. Яшчэ больш моцнымі з’яўляюцца наступныя параўнанні. Агонь, які можа разагрэць усё, застывае нібы вада на марозе. Святло, што асвятляе ўсё навокал, цямнее. Так адбываецца таму, што бясконцы Бог прымае маленькае чалавечае цела. Становіцца абмежаваным невялікай прасторай. Далей працягваюцца парадоксы, звязаныя з нараджэннем Хрыста ў Бэтлеемскую ноч. Народжаны ў Бэтлееме Езус, пагарджаны, як чалавек, але адначасова агорнуты сваёй Боскай хвалой; смяротны як чалавек, але разам з тым несмяротны, бязмежны Бог, валадар над вякамі. Напрыканцы паэт робіць вызнанне веры ў таямніцу Уцелаўлення. Робіць ён гэта словамі Бібліі: «Слова сталася Целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14).
Словамі калядкі паэт усведамляе, якім вялікім было здарэнне, якое мела месца ў ціхую святую ноч у юдэйскай краіне. Можа, у ззянні перадсвяточных рэклам, у шырокім афішыраванні Новага года мы губляем разуменне сутнасці Божага Нараджэння? Нам трэба больш задумацца, усвядоміць важнасць гэтага здарэння, каб з вераю перажываць яго ва ўсёй паўнаце як найважнейшую падзею ў гісторыі чалавецтва, а не толькі як народную традыцыю і выхадны дзень.
Гэта падзея настолькі важная, што ад яе мы лічым нашыя гады, новую эру. Яна не можа перажывацца, як штосьці далёкае, аддаленае. Бог стаў чалавекам дзеля дабра кожнага з людзей, якія жывуць у кожны час і ў кожным месцы, а гэта значыць дзеля мяне і Цябе, дзеля кожнага без выключэння.
Таму трэба падрыхтаваць месца ў сваім сэрцы, у маім сэрцы, каб у ім мог нарадзіцца Бог, каб я мог сустрэцца з тым, хто дзеля мяне пастаянна прыходзіць падчас кожнай святой Імшы. Мы спяваем пра гэта ў адной з калядак: «Нізка голавы схіляем, верым, што мы Бога маем у Гостыі Святой». Трэба пастарацца, каб не размінуцца з Хрыстом так, як жыхары Бэтлеема, якія не прынялі Марыю і Юзафа, у выніку чаго Езус нарадзіўся ў стайні сярод жывёлаў. Так, на жаль, можа адбыцца, калі ў штодзённай мітусні, сярод шматлікіх клопатаў і рэкламных заклікаў мы страцім тое, што ёсць найважнейшым у святах Божага Нараджэння. І тады споўняцца горкія, поўныя дакораў словы калядкі: «Не было Табе месца».
Падзея двухтысячагадовай даўніны надалей застаецца важнай і актуальнай па прычыне вучэння, якое Езус прынёс свету. У наш час, у пачатку ХХІ стагоддзя, гэтае вучэнне з’яўляецца як ніколі актуальным. Пры нараджэнні Хрыста анёлы спявалі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Прарок Ісая прадказваў Яго як Валадара спакою (пар. Іс 9, 5). Сам Ён кажа сваім вучням: «Спакой пакідаю вам, спакой мой даю вам. Не так, як дае свет, даю вам» (Ян 14, 27). Перад сваёй мукай Езус сказаў: «Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой» (Ян 16, 33). Пасля свайго ўваскрасення Ён прывітаў вучняў: «Спакой вам» (Ян 20, 21, 26).
Хрыстус гаварыў пра найглыбейшы спакой, які з’яўляецца вынікам упарадкаванага чалавечага сэрца. Падобна хвалям на паверхні вады, ён разыходзіцца ўсё больш шырокімі кругамі, ахінаючы сем’і, месцы працы, вучобы, ахінаючы цэлыя краіны і міжнародныя адносіны. Мы добра ведаем, наколькі патрэбны гэты спакой кожнаму з нас і сучаснаму свету. Нам хацелася б жыць са спакойным сэрцам, у любячых сем’ях, без скандалаў і разводаў, у спакойным свеце. Рэчаіснасць, на жаль, іншая.
Канфлікты, што нараджаюцца ў неўпарадкаваных сэрцах, прыводзяць да цярпенняў у сем’ях. Ахвярамі сварак бацькоў становяцца ні ў чым невінаватыя дзеці. Зайздрасць і хцівасць спараджаюць неспакой у месцах працы. Увесь свет непакоіцца, чуючы пра шматлікія войны, тэрарыстычныя акты, у якіх гінуць нявінныя людзі.
Колькі ж болю і пакутаў дасведчылі людзі, якія мусілі пакінуць свае дамы і стаць бежанцамі. Ці не з’яўляецца найглыбейшай прычынай усяго гэтага тое, што людзі не хочуць прыняць вучэнне Хрыста, не хочуць прыняць Яго самога, які прыйшоў на зямлю, каб быць Валадаром спакою? Ці ж не мае рацыі аўтар калядкі, сцвярджаючы: «Чаму ж цяпер гэтак цяжка плач да нябёс уздымаем? Хіба таму, што для Бога ў душах месца не маем».
Калі Хрыстус прыйшоў на свет у постаці немаўлятка, патрэбна была вера, каб у гэтым, народжаным у беднасці Дзіцяці, якому стаенка стала калыскаю, здолець убачыць абяцанага Месію, якога чакалі, пра якога думалі, што Ён прыйдзе, каб вызваліць выбраны народ з рымскай няволі.
На такую веру адважыліся простыя людзі, тыя пастушкі, якія пакінулі свае статкі і, не зважаючы на начную пару, пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю, Юзафа і Немаўля, якое ляжала ў яслях (пар. Лк 2, 16). На такую веру адважыліся тыя загадкавыя мудрацы, якія, ідучы за зоркаю, вырушылі ў далёкае і небяспечнае падарожжа, каб пакланіцца Нованароджанаму Каралю Юдэйскаму. Яны пайшлі шукаць Яго ў каралеўскі палац, але там Яго не было. Знайшлі яго ў стаенцы ў вялікай нядолі. «Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра» (Мц 2, 11). Але не ўсе паверылі. Не паверылі жыхары Бэтлеема, якія чулі, што казалі пастушкі, бачылі караваны мудрацоў, але пазачыняліся ў цёплых дамах і не паспяшаліся на сустрэчу з Месіяй. А Ён прыйшоў таксама і да іх. Яны ж з Ім не сустрэліся, разышліся з прыходзячым да іх Богам. Больш важнымі для іх аказаліся камфорт і так званы святы спакой.
Ірад даведаўся ад мудрацоў, што нарадзіўся хтосьці незвычайны. Ён ведаў пра нараджэнне Месіі. Вучоныя кніжнікі растлумачылі яму, дзе павінен быў нарадзіцца Хрыстус. Ці ён пайшоў Яму пакланіцца? Паклапаціўся пра Яго? Ён выслаў салдат, каб забіць Нованароджанага (пар. Мц 2, 16 – 18). Ён баяўся канкурэнцыі, баяўся страціць сваё становішча. Часовыя каштоўнасці, становішча, улада былі для яго важнейшымі, чым Божыя справы і вера, якая дае збаўленне. Ці ў сучасным свеце не адбываецца падобнае? Для мноства людзей камфорт, святы спакой, матэрыяльныя справы, пасады сталі настолькі важнымі, што засланілі ім справы вечнага жыцця, звузілі гарызонт да гэтага свету. Падчас буры на моры Хрыстус запытаў спалоханых вучняў: «Дзе ваша вера?» (Лк 8, 25). Ён пытаўся з клопатам пра будучыя пакаленні і ў тым ліку пра нашае пакаленне: «Ці Сын Чалавечы, калі прыйдзе, знойдзе веру на зямлі?» (Лк 18, 8).
Гэтае пытанне, актуальнае на працягу стагоддзяў, асабліва датычыць сучаснага чалавецтва. Мы складаем адно аднаму віншаванні. Яны датычаць хоць і важных спраў, але часовых. Мы жадаем адно аднаму здароўя, поспехаў, матэрыяльных дабротаў. Гэта важна, але мы не павінны забываць пра тое, што самае галоўнае ў жыцці чалавека.
Таму я жадаю ўсім у гэтую ціхую, святую ноч, у якую нараджаецца Бог, каб мы прынялі Яго з вераю ў нашых сэрцах, каб Ён пасяліўся ў нашых дамах, сем’ях, месцах працы, ва ўсёй нашай Айчыне. Няхай Ён, Валадар спакою, адорыць нас сваім спакоем. Няхай Яго благаслаўленне спадарожнічае нам ва ўсе дні надыходзячага Новага 2017 года.
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
19.12.2016 г.
Паважаныя святары абвесцяць гэты ліст або выкарыстаюць тэксты у гаміліі падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 25 снежня альбо у іншую нядзелю бягучага перыяду. Ліст неабходна змясціць на дошцы аб’яў перад касцёлам на ўвесь перыяд Божага Нараджэння.