На Магілёўшчыне сярод шматлікіх выклікаў вылучаецца праблема ідэнтыфікацыі сучасных веруючых людзей. На гэта падчас перадкаляднай прэс-канферэнцыі ў Мінску звярнуў увагу біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB, падводзячы вынікі 2016 года.
Сярод шматлікіх выклікаў, якія існуюць на Магілёўшчыне, біскуп Аляксандр вылучыў праблему ідэнтыфікацыі сучасных веруючых людзей. Як падкрэсліў іерарх, у часы камунізму на Магілёўшчыне не працаваў ніводны касцёл, таму дзяцей даводзілася хрысціць у праваслаўных святынях:
«Але прыносілі дзіця не з тым намерам, каб яно стала праваслаўным вернікам, а каб ахрысціць яго, — патлумачыў біскуп Аляксандр Яшэўскі. — Таму сёння ўзнікае праблема ідэнтычнасці: вернікамі якога Касцёла мы з’яўляемся?»
Іерарх пазнаёміў прысутных з гісторыяй Магілёўшчыны — некалі самай вялікай каталіцкай Мітраполіяй ў свеце. Гэтая зямля, як нагадаў біскуп Яшэўскі, у мінулыя часы славілася багаццем кляштараў, святыняў, багатай адукацыйнай дзейнасцю, дзе працавалі прадстаўнікі розных манаскіх ордэнаў.
«Аднак 200 гадоў пераследу веруючых, асабліва католікаў, прынеслі "свой плён". Гэта і царская ўлада, якая прымушала ўсіх пераходзіць у праваслаўе (у адваротным выпадку людзей чакала высылка ў Сібір, Казахстан), пасля — трагічны перыяд Молатава, калі Магілёў павінен быў стаць сталіцай атэістычнай БССР, — адзначыў іерарх. — Дзякуй Богу, што прыйшоў час, калі людзі ўзрастаюць у веры і прагнуць духоўных каштоўнасцяў».
«Пасля пастырскіх візітацый, якія я здзейсніў ва ўсіх парафіях Магілёўшчыны, я ўбачыў вельмі дынамічную прысутнасць Касцёла, хоць ён і невялікі ў Магілёўскай вобласці, — дадаў біскуп Яшэўскі. — Магу сказаць, што святары, якія служаць сёння на Магілёўшчыне, вельмі адважна і вельмі аддана прысутнічаюць амаль што ва ўсіх сферах грамадскага жыцця Магілёўшчыны».
Іерарх таксама ўказаў на актыўны ўдзел мясцовых вернікаў у жыцці Касцёла, што было відавочна падчас набажэнстваў у межах перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай.
Сімвалічным біскуп Яшэўскі назваў заснаванне ў Магілёве ў Юбілейны Год Божай Міласэрнасці новай парафіі — пад тытулам Божай Міласэрнасці.
Важнай падзеяй гэтага года, як нагадаў іерарх, стала і першая пешая пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы — месца, якое славіцца цудадзейным абразом Мацi Божай. 25 верасня там быў асвячаны памятны крыж на месцы былых каталіцкіх могілак ХVІІІ–ХІХ стст., зруйнаваных савецкай уладай пасля Вялікай Айчыннай вайны.
Валянціна Грамыка
Фота Віталія Палінеўскага