Вечаровую святую Імшу ў мінскай архікатэдры 8 снежня з нагоды ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У сваёй гаміліі іерарх распавёў пра вытокі ўрачыстасці, патлумачыўшы, чаму Бог вызваліў Марыю ад першароднага граху.
«Прыняўшы Божую волю, Марыя стала першым табэрнакулюмам і таму мусіла быць абсалютна чыстай, — адзначыў арцыпастыр. — Пацвярджае гэта і сённяшняе Евангелле, калі арханёл Габрыэль называе Марыю “поўнаю ласкі”».
Паводле слоў іерарха, дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі стаў адказам Касцёла на выклікі другой паловы XIX стагоддзя, калі пачала моцна распаўсюджвацца атэістычная ідэалогія, людзі адмаўляліся ад захоўвання маральных нормаў, а тэхнічная рэвалюцыя і індустрыялізацыя, якая хутка развівалася, ускладнялі сацыяльную несправядлівасць.
«Марыя вядзе нас да Хрыста»
У такіх складаных абставінах Касцёл звярнуў сваю ўвагу на духоўную прыгажосць Марыі і падкрэсліў, што кожны з нас павінен імкнуцца да гэтага.
Праводзячы паралелі з Праваслаўнай Царквой, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што, хоць у Праваслаўнай Царкве няма дагмату веры аб Беззаганным Зачацці, аднак літургія спасылаецца на яго, бо Марыя праслаўляецца як «Прачыстая Багародзіцца», што нагадвае аб Яе Беззаганным Зачацці.
«Тое, што Каталіцкі Касцёл называе праўдай веры, праяўляецца і ў праваслаўнай літургіі. Таму адсутнасць гэтага дагмату веры ў Праваслаўнай Царкве не з’яўляецца прычынай для разладаў ва ўзаемаадносінах паміж католікамі і праваслаўнымі», — падкрэсліў іерарх.
Тэкст гаміліі цалкам тут››
«Марыя вядзе нас да Хрыста. Яна паказвае шлях да святасці. Таму Касцёл заахвочвае браць прыклад з Яе, найперш практыкуючы цноту паслухмянасці Божай волі, — сказаў арцыбіскуп. — Касцёл таксама заахвочвае практыкаваць Яе культ і яго развіваць. Калі мы не праслаўляем Марыю, то не можам праслаўляць і Яе Сына, бо яны плячо ў плячо ідуць побач і звязаны адно з адным».
Чалавек XXI стагоддзя, дзе ты?
Нагадваючы пра перэгрынацыю фігуры Маці Божай па Беларусі да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, Мітрапаліт падкрэсліў, што яе мэта — дапамагчы людзям асэнсаваць значэнне фацімскага прароцтва аб навяртанні нашага краю да Бога пасля 70 гадоў ганенняў і актуальнасці фацімскіх аб’яўленняў.
«Калі мы будзем слухаць Бога, маліцца і імкнуцца да навяртання, то ўсё будзе добра, калі не — нас чакаюць новыя катаклізмы», — сказаў іерарх.
«Найкарацейшы шлях да святасці — наследаваць Марыю. Яна паказвае нам, як праз паслухмянасць і давер Богу стаць святым. Бог жадае бачыць нас падобнымі да Яе, жадае, каб мы так, як Яна, адказалі на Яго заклік», — дадаў арцыбіскуп.
Напрыканцы сваёй гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў па прыкладу Марыі сказаць Богу «так» і праз адвэнтавыя практыкаванні апрануцца ў адзенні Божай ласкі, «каб нашы сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу».
Цытуючы ўрывае з першага чытання, дзе прадстаўлена гісторыя выгнання з Эдэмскага саду Адама і Евы, Мітрапаліт адзначыў: «Адам і Ева пасля граху схаваліся ад Бога. Чаму? Бо ўбачылі сябе нагімі. Нагімі перадусім у сэнсе Божай ласкі, якую праз грэх страцілі. Сёння гэтаксама Бог шукае нас. Сёння мы таксама чуем Яго пытанне: “Адам, дзе ты?” Гэта азначае: “Чалавек XXI стагоддзя, дзе ты? Можа, ты хаваешся ад Мяне, бо духоўна нагі?”»