Пошук

12.09.2016 18:12  

Тэкст на польскай мове>>>

Умілаваныя ў Хрысце Пану, браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

Як і штогод, у трэці тыдзень верасня мы ўдзельнічаем у квартальных днях малітваў у інтэнцыях дзяцей, моладзі, настаўнікаў і выхавальнікаў. З даверам папросім Пана Бога, праз заступніцтва св. Станіслава Косткі, аб благаслаўленні для ўсіх, хто распачынае новы навучальны і катэхетычны год. Падтрымаем малітвай нашых дзяцей і моладзь, каб іх сённяшнія штодзённыя намаганні ў здабыванні ведаў прынеслі плён ужо ў недалёкай будучыні, калі яны, стаўшы дарослымі, будуць служыць усяму грамадству, уносячы свой уклад у яго развіццё. Памолімся за настаўнікаў і выхавальнікаў, каб не толькі сумленна і адказна перадавалі вучням неабходныя веды, але таксама словам і асабістым прыкладам выхоўвалі ў іх сапраўдныя чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці. Нашымі малітвамі агорнем таксама бацькоў, якія па сваёй сутнасці маюць найбольшы ўплыў на працэс выхавання сваіх дзяцей.

Няма сумненняў, што мэтай усіх адукацыйных і выхаваўчых намаганняў павінна быць забеспячэнне маладому чалавеку ўмоваў для ўсебаковага развіцця, каб ён, калі ўвойдзе ў рэчаіснасць дарослага жыцця, мог сумленна і адказна рэалізаваць заданні, якія яго чакаюць у грамадстве. Гэтае ўсебаковае развіццё мае на ўвазе не толькі здабыванне ведаў і авалодванне практычнымі ўменнямі, якія будуць патрэбнымі або нават неабходнымі ў будучыні. Нам, як хрысціянам, важна тое, каб маладое пакаленне выпрацавала ў сабе адпаведныя маральныя і этычныя паставы, якія засноўваюцца на пазачасавых, універсальных евангельскіх каштоўнасцях. Таму так важна, каб працэс адукацыі і выхавання дзіцяці ці маладога чалавека меў таксама духоўнае і рэлігійнае вымярэнне.

Першым і найважнейшым «месцам», у якім здзяйсняецца выхаванне чалавека да жыцця верай, з’яўляецца сям’я, а галоўнымі выхавальнікамі — бацькі. Добра, калі менавіта ад бацькоў дзіця вучыцца знаку крыжа і пазнае словы малітвы, калі ў сям’і пануе атмасфера, прасякнутая духам веры і традыцыі, калі практыкуецца штодзённая супольная малітва i рэгулярнае наведванне святой Імшы, частае прыняцце святых сакрамэнтаў і выкананне іншых рэлігійных практык. Важна таксама, каб у сям’і супольным намаганнем усіх яе членаў ствараўся клімат сапраўднай любові і згоды, даверу і дабрыні, узаемнай падтрымкі і адкрытасці на бліжніх. Такая сям’я становіцца тады сапраўдным «хатнім Касцёлам», а словы бацькоў і іх асабісты прыклад трапляюць глыбока ў сэрца дзяцей, быццам зерне, кінутае ў зямлю, якое ў свой час прынясе шчодры плён.

Таму хачу нагадаць вам, дарагія бацькі, аб неад’емным праве і разам з тым абавязку выхавання дзяцей у духу веры, згодна з абяцаннем, якое вы склалі перад Богам і Касцёлам, калі заключалі сакрамэнтальны сужэнскі саюз, і якое аднавілі, просячы аб уключэнні сваіх дзяцей у супольнасць Божага народу праз сакрамэнт святога хросту. Толькі ад вас, дарагія бацькі, залежыць, ці атрымаюць вашы дзеці ў сям’і першае і асноўнае пасланне веры, якое іх увядзе на шлях хрысціянскага жыцця.

Святы Касцёл нястомна падкрэслівае велізарнае значэнне выхавання да жыцця верай у сям’і, якое з’яўляецца асаблівым, незаменным і вельмі патрэбным родам катэхезы. Больш за тое, як Маці, якая клапоціцца аб сапраўдным дабры ўсіх сваіх дзяцей, Касцёл прыходзіць з дапамогай хрысціянскім сем’ям, падтрымліваючы іх у справе выхавання патомства, між іншым праз катэхізацыю дзяцей і моладзі. Такім чынам супольнасць Касцёла рэалізуе місію, давераную ёй Хрыстом Панам, «які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1Цім 2, 4).

Сістэматычная парафіяльная катэхізацыя не замяняе хрысціянскага выхавання ў сям’і, але дапаўняе і паглыбляе яго. Навучанне рэлігіі, арганізаванае пры парафіях, адбываецца паводле праграм, зацверджаных Касцёлам, якія дастасаваны да ўзросту катэхізаваных і іх пазнавальных магчымасцяў. Правядзенне катэхетычнай дзейнасці даручана асобам, адпаведна падрыхтаваным і маючым упаўнаважанне касцёльных уладаў. Наведваючы ўрокі рэлігіі, дзеці і моладзь паступова пазнаюць Божае слова і абвешчаныя праўды веры, адкрываюць для сябе багацце і прыгажосць нашай рэлігійнай традыцыі, вучацца таму, як дзейсна ўдзельнічаць у літургіі і прыступаць да святых сакрамэнтаў, вучацца практыцы супольнай і асабістай малітвы — адным словам, ідуць дарогай хрысціянскага выхавання, якая вядзе «да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (Эф 4, 13).

Нагадваю вам таксама, дарагія бацькі, пра ваш абавязак клопату аб тым, каб вашы дзеці сістэматычна наведвалі парафіяльную катэхезу. Каб у паўнаце выканаць гэты абавязак, не дастаткова толькі «прывесці» дзяцей да першай споведзі і святой Камуніі, або, магчыма, да сакрамэнту канфірмацыі. Удзельнічаць у катэхізацыі дзеці і моладзь павінны на працягу ўсяго часу навучання ў школе, а бацькі, якія дапускаюць у гэтым занядбанне, не могуць апраўдвацца ні недахопам часу, ні празмернай абцяжаранасцю дзіцяці вучобай у школе, ні яго наведваннем спартыўных секцый, колам інтарэсаў ці іншымі пазашкольнымі заняткамі.

Шаноўныя святары, айцы законныя, дыяканы, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, якія з адданасцю выконваеце місію катэхізацыі дзяцей і моладзі! На пачатку новага катэхетычнага года дзякую вам за прыгожае і ахвярнае служэнне, за даступнасць, самапрысвячэнне і руплівасць, з якімі вы перадаяце радаснае пасланне хрысціянскай веры маладому пакаленню. Прашу вас прыкладаць усе старанні, каб як мага большая колькасць дзяцей і моладзі ў вашых парафіяльных супольнасцях была ахоплена сістэматычнай катэхізацыяй. Няхай Добры Бог адорвае вас сваім благаслаўленнем і падтрымлівае ў адказнай рэалізацыі выхаваўчай місіі, даверанай вам Касцёлам.

Дарагія дзеці і ўмілаваная моладзь! Рэгулярна наведвайце ўрокі рэлігіі, будзьце пільнымі і руплівымі ў пазнаванні Езуса Хрыста, адкрытымі на Божае слова, з ахвотай і запалам здабывайце веды, якія перадаюць вам катэхеты, з удзячнасцю прымайце іх парады, павучанні і заахвочванні. Узрастайце ў веры і надзеі, у любові да Бога і бліжняга. Няхай Добрая Навіна Езуса Хрыста, якую нястомна абвяшчае Касцёл, будзе сапраўдным святлом на ўсіх шляхах вашага жыцця.

Заахвочваю вас усіх, дарагія дыяцэзіяне, да малітвы за дзяцей і моладзь, а таксама за бацькоў, катэхетаў, настаўнікаў і выхавальнікаў. Няхай навучальны і катэхетычны год, які распачынаецца, будзе паспяховым, творча выкарыстаным і няхай прынясе ўсім як мага большыя духоўныя плёны.

Усіх вас, умілаваныя браты і сёстры, з сэрца благаслаўляю, давяраючы вас заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы нашых сем’яў.

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 12.09.2016 № 394/16

Прашу паважаных святароў прачытаць гэты Пастырскі ліст ва ўсіх касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі замест казання падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 18.09.2016 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця