«Выхаванне ў веры ўзнёслае, хаця часам бывае складанае; яно патрабуе крапатлівай працы»
(Папа Францішак, Міжнародны кангрэс катэхетаў, 2013).
Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!
1 верасня ўсе вучні, развітаўшыся з канікуламі, зноў пайшлі ў школу. Тое ж самае зрабілі іх настаўнікі і выхавальнікі.
Распачаўся чарговы навучальны год, а разам з ім і катэхетычны. Інакш кажучы, распачаўся новы год працы. Заняткі ў школе і катэхеза ў парафіі — гэта вялікі высілак з боку ўсіх тых, хто вучыцца, і тых, хто навучае. Можна далей адзначыць, што ў першыя дні верасня распачаліся новыя вялікія задачы для Касцёла і для школы.
У гэтым годзе вас, дарагія дзеці і моладзь, чакае вялікая і захапляльная праца! Кожная катэхеза, як вядома, мае свайго адрасата. Вы знойдзеце на занятках практычныя парады, як паступаць, каб нават у складаных умовах выконваць Божую волю і трываць у салідарнай супольнасці з іншымі людзьмі. На катэхезе вы даведаецеся, як працаваць, каб, шануючы сваю годнасць і годнасць бліжніх, глыбока і ўсебакова развівацца. Вы адкрыеце, што належыць прадпрымаць для працягу і распаўсюджвання вялікіх хрысціянскіх традыцый нашага народа, а таксама як уратаваць веру тых, хто сумняецца. Спазнаеце, што рабіць, каб назаўсёды выпрацаваць у сабе паставу Божага дзіцяці.
Дарагія бацькі і катэхеты! Кожны з вас па-свойму нясе адказнасць за вялікую і важную справу катэхізацыі. Так, напрыклад, бацькі ад моманту хросту дзіцяці прымаюць выключную адказнасць за яго рэлігійнае выхаванне і тым самым за яго катэхізацыю. На бацьках у некаторай ступені ляжыць адказнасць за агульную арганізацыю катэхезы ў парафіі. Гэта вынікае з факту, што катэхеза з’яўляецца абавязкам для ўсёй супольнасці Касцёла. Усе спаўна выканаюць гэты абавязак, калі самі будуць паглыбляць сваё пазнанне веры. Касцёл, які катэхізуе, з’яўляецца супольнасцю, якая сама пастаянна катэхізуецца.
Браты і сёстры! Маладыя людзі прыходзяць да Пана Езуса як да Добрага пастыра з найбольш фундаментальнымі пытаннямі, якія датычаць іх жыцця. Ён не абыякавы да нашых пытанняў, клопатаў, сумненняў, але заўсёды навязвае з намі сяброўскі дыялог. Прыкладам такой размовы з’яўляецца апісаная ў Евангеллі сцэна сустрэчы юнака з Езусам (Мк 10, 17-22; Мц 19, 16-22; Лк 18, 18-23). Малады чалавек паставіў перад Хрыстом пытанне, якое датычыла ўсяго жыцця: «Як паступаць? Што мне рабіць, каб дасягнуць жыцця вечнага? Што рабіць, каб маё жыццё мела вартасць і сэнс?» Адказы на гэтыя і падобныя пытанні дапамагае знайсці катэхеза, якая дазваляе здабыць грунтоўныя рэлігійныя веды. Але галоўная яе роля — прывесці верніка да пазнання захапляльнай Асобы Бога-Чалавека, нашага Збаўцы — Езуса з Назарэта, а пасля ўвесці хрысціяніна ў свет глыбокай камуніі (адзінства) з Хрыстом.
На пачатку чарговага школьнага і катэхетычнага года я кірую словы асаблівай удзячнасці да ўсіх катэхетаў: духавенства, кансэкраваных і свецкіх асобаў. Праца катэхета — гэта ўзнёслае, але разам з тым складанае пакліканне. Сапраўдны катэхет закаханы ў сваё пакліканне. Ён ідэнтыфікуе сябе з атрыманай місіяй і адчувае, што Бог дае яму важнае заданне. Усведамленне гэтага паклікання перапаўняе яго сэрца і становіцца крыніцай радасці, мабілізуе да ўсё большай руплівасці ў Божай справе.
Дзякую сёння вам, дарагія катэхеты, за вашу поўную запалу катэхетычную працу ў парафіях. Дзякую за кіраванне групамі, а таксама за падрыхтоўку вучняў да розных рэлігійных конкурсаў. Дзякую за ажыццяўленне духоўнай фармацыі. Больш за ўсё я ўдзячны вам за жывую веру і трывалую малітву ў інтэнцыі катэхізаваных і за сведчанне вашага жыцця.
На поўны спадзяванняў школьны і катэхетычны год дзецям, моладзі, бацькам, катэхетам, настаўнікам, выхавальнікам, кіраўніцтву школ, уладам, якія клапоцяцца пра адукацыю, вучням кожнай школы ў нашай дыяцэзіі ўдзяляю пастырскае благаслаўленне.
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 27 жніўня 2016 г., успамін св. Монікі
Шаноўных ксяндзоў пробашчаў прашу прачытаць гэты ліст у першую нядзелю верасня на ўсіх святых Імшах і размясціць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь катэхетычны год 2016-2017.
Пастырскі ліст біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на пачатак катэхетычнага года 2016/2017
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .