Пошук

28.08.2016 19:04  

28 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Мышынцы (Польшча), дзе адзначалася свята збору мёду.

У велізарнай святыні сабралося вельмі шмат вернікаў. Прысутнічаў таксама гурт з Гродна, які Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў на беларускай мове. 

У гаміліі беларускі арцыпастыр сказаў, што наведвае гэтую парафію ўжо не першы раз і заўсёды здзіўляецца крэатыўнасці пробашча і парафіян: новым ініцыятывам, якія ўключаюць таксама душпастырства пчаляроў.

Іерарх адзначыў, што ў хуткім часе ў дзяцей пачынаецца новы навучальны год, а ў дарослых заканчваецца летні адпачынак, і заахвоціў агарнуць малітвай іх усіх. Разам з тым арцыбіскуп заклікаў да малітвы ў інтэнцыі пчаляроў, «чыё служэнне мае вялікае значэнне для ўсяго грамадства». «Няхай ваша праца і хобі будуць для вас крыніцай радасці. Будзьце шчаслівыя і заставайцеся вернымі Богу», — пажадаў ім Мітрапаліт.


Разважаючы над літургічнымі чытаннямі ХХІІ Звычайнай нядзелі, іерарх заўважыў, што яны кажуць пра цноту пакоры, «аб якой нялёгка гаварыць у сённяшні час». «Жыццё дае нямала прыкладаў, як кардынальна і не найлепшым чынам людзі змяняюцца, заняўшы высокае становішча», — дадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт звярнуў увагу на словы Езуса ў Евангеллі, які, вучачы апосталаў аб тым, што сапраўды вялікае, паклікаў дзіця і сказаў, што калі яны не зменяцца і не стануць як дзеці, не ўвойдуць у Божае Валадарства.


«У практыкаванні цноты пакоры мы павінны быць падобныя да дзяцей. Натуральна для малога дзіцяці ўсміхацца іншым, з павагай ставіцца да кожнага і дзеліцца з ім тым, што мае. Дзіця не імкнецца да канкурэнцыі любым коштам», — сказаў арцыбіскуп.

«Мы добра ведаем, што калі дзіця не выхавана ў духу пакоры, то становіцца эгацэнтрычным. Калі яно вырастае, то ў жыцці можа імкнуцца да славы і прывілеяванага месца ў грамадстве любым коштам, — дадаў іерарх. — Гэта вядзе да маніі вялікасці».

«Сёння мы сабраліся, каб разам з пчалярамі разважаць над Божым словам аб пакоры, — адзначыў Мітрапаліт. — Найперш трэба мець на ўвазе саміх пчол, жывых Божых стварэнняў, якія не маюць падобных сабе». Арцыпастыр нагадаў, што, «калі гаворым пра пчол, падкрэсліваем іх незвычайную працавітасць: нездарма аб працавітым чалавеку кажуць, што ён працуе, як пчолка».


«Нашы сем’і і нават усё грамадства пэўным чынам падобныя да вулля. Але ці ў іх такі ж парадак, як у вуллі? Ці ўсе служаць агульнаму дабру?» — паставіў таксама пытанне іерарх.

«Будзем браць прыклад з арганізацыі жыцця і дзейнасці пчол, каб супольна на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваць новае заўтра, дзе будзе шанавацца кожны чалавек і яго права на народныя традыцыі, культуру і хрысціянскую спадчыну», — заклікаў арцыбіскуп.

«Толькі Бог, які ведае нашы сэрцы, мае права зрабіць нас вялікімі. Аднак некаторыя хочуць быць больш значнымі за Езуса. З гэтай мэтай яны імкнуцца да змены нават Евангелля, забываючы аб тым, што не мы павінны змяняць яго, але яно нас», — звярнуў увагу Мітрапаліт.


Беларускі іерарх пажадаў, каб «заклік Езуса, прыклад Панны Марыі, шматлікіх святых і асабліва Папы Францішка, якога можна назваць уцелаўленнем цноты пакоры, заахвоціць нас, каб мы ёю жылі і каб Бог нас узвысіў у вечнасці».

Пасля Імшы пачалася мастацкая праграма, у якой прыняў удзел гурт з Гродна.

(AG), фота Міраслава Бродзіка

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа