26 жніўня ў Нясвіжы прайшла навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная Слузе Божаму Эдварду Вайніловічу, адным з арганізатараў якой выступіў пробашч мінскай парафіі Свв. Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк.
На пачатак канферэнцыі было зачытана прывітальнае слова Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
У сваім звароце, які адкрываў канферэнцыю, іерарх адзначыў, што Эдвард Вайніловіч увайшоў у гісторыю не толькі як будаўнік Чырвонага касцёла ў Мінску, але і як дзяржаўны дзеяч, добры гаспадар і чалавек, які імкнуўся да развіцця міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу.
«Ужо стагоддзе таму ён адчуваў патрэбу пошуку еднасці як паміж хрысціянамі, так і паміж вернікамі розных рэлігій. Для ажыццяўлення гэтай сваёй думкі Эдвард Вайніловіч фінансаваў будову не толькі каталіцкіх святынь, але таксама праваслаўных, габрэйскіх і мусульманскіх. І гэта цэлае стагоддзе таму!»
Арцыпастыр дадаў, што Слуга Божы Эдвард Вайніловіч унёс важкі ўклад у развіццё міжканфесійнага дыялогу, што афіцыйна пацвярджаюць Дэкрэт пра экуменізм «Unitatis redintegratio» і Дэкларацыя пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій «Nostra aetate».
Тэкст прывітання цалкам ››
Як адзначыў іерарх, у сённяшніх умовах, калі на карце Еўропы бачныя не толькі крыж, але і паўмесяц, Слуга Божы Эдвард Вайніловіч можа служыць прыкладам, бо «ў ім дамінаваў шырокі, поўны любові і адкрытасці на людзей іншых веравызнанняў і культур погляд».
«Памяркоўны беларус будуе сваё жыццё не на прынцыпе "хто каго", а на законе любові, імкнучыся ў кожным чалавеку бачыць свайго брата ці сястру. Сілы для гэтага ён чэрпае з духоўных каштоўнасцяў, якія сваім жыццём сведчыў Эдвард Вайніловіч», — падкрэсліў Мітрапаліт.
Чытайце таксама:
- У Мінску пачаўся беатыфікацыйны працэс Эдварда Вайніловіча
- Працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча: 5 фактаў ад пастулатара кс. Анджэя Сцонбера
Паводле слоў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, маляўнічы Нясвіжскі край абраны месцам правядзення навукова-практычнай канферэнцыі нездарма, бо гэты край вядомы сваёй талерантнасцю адносна людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.
«У гэтым годзе мы адзначалі 400-годдзе смерці будаўніка Нясвіжа з яго славутым замкам і касцёлам Божага Цела, князя Мікалая Радзівіла Сіроткі, чалавека шырокіх поглядаў. Але ён, стаўшы католікам, будаваў святыні і для вернікаў іншых канфесій і займаўся дабрачыннасцю. Сваёй дзейнасцю ён таксама пакінуў глыбокі след на нашай зямлі», — заўважыў іерарх.
На завяршэнне арцыбіскуп выказаў надзею, што канферэнцыя зможа дапамагчы яшчэ лепш зразумець багатую культурную і духоўную спадчыну, якую пакінуў Эдвард Вайніловіч, а таксама гісторыю Беларусі.
(IL)