Пошук

29.05.2017 11:21  

Мястэчка Будслаў у міжваенны час слыло не толькі як рэлігійны цэнтр (трэба сказаць, што культ Маці Божай Будслаўскай да 90-х гадоў ХХ стагоддзя быў лакальным, мясцовым), але і як асяродак беларускага грамадскага жыцця.

З Будслава паходзілі такія беларускія дзеячы як Эдвард Будзька, Паўліна Мядзёлка, Вінцэнт Грышкевіч, Язэп Гапановіч, Баляслаў Бабарыка-Гапановіч, Анэля Катковіч, Чэслаў Ханяўка.

У 1917 годзе ў Будславе арганізавалася беларуская гімназія, якую палякі закрылі ў 1919 годзе. У 1920-я — 30-я гады ў мястэчку было актыўнае беларускае грамадскае і культурнае жыццё: праводзіліся мітынгі перад выбарамі ў Сойм і справаздачныя мітынгі паслоў Сойму, спектаклі-вечарыны, публічныя лекцыі. У 1929–1936 гадах у Будславе дзейнічаў гурток Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры, сябры якога арганізоўвалі культурніцкія і асветніцкія мерапрыемствы, пры гуртку існавала бібліятэка-чытальня.

Асобныя жартаўнікі ў той час празывалі Будслаў «сталіцай Беларусі». У віленскіх беларускіх газетах друкаваліся дзясяткі матэрыялаў, якія датычылі беларускага жыцця ў Будславе. Дзеля ілюстрацыі апублікуем тут тэксты, надрукаваныя ў газеце Biełaruskaja Krynica.

У №№33-35 Biełaruskaj Krynicy (15 верасня — 7 кастрычніка) за 1934 год друкаваліся нататкі маладога беларускага дзеяча Уладзіміра Казлоўскага, які разам з сябрам выправіўся ў пешую вандроўку па Беларусі і, сярод іншых месцаў, наведаў Будслаў.

Пехатой па Заходняй Беларусі

Сонца пячэ. У мурох места душна. А на вёсцы лес, вада, сенажаці клічуць так і клічуць нас, каб асьвежыць сваім чыстым паветрам, даць супакой на ўлоньні пакрытых краскамі сенажацяў і лясоў, абмыцца ў чыстых водах ад гарадзкога фізычнага і моральнага пылу.

На вёску! — Каб асьвежыцца, каб пазнаць свой край, пагутарыць з гаротнымі сярмяжнікамі, павучыць іх і ад іх навучыцца. Узяўшы клумкі, з калегай мы выбраліся ў дарогу. Кірунак: Вільня — Гелядня — Сьвір — Нарач — Мядзела — Будслаў — Савецкая граніца. З Вільні да Гелядні — цягніком, рэшта — пехатой. […].

Будслаў. Ваколіцы зусім не падобныя да ваколіц Мядзела. Раўніна. Лес і мачары. Працякае рака Сэрвач. Гэтае мястэчка і ягоныя ваколіцы наводзяць нейкі спакойны, мэланхолійны настрой і гарадзкому чалавеку могуць даць шмат супачынку і цішыні.

Навокал роўнага, паросшага травой, рынку разьмясьціліся дзераўляныя, даволі прызваітыя дамы, а над імі красуецца тут-жа вялізарны прыгожы касьцёл — калісь кляштар бэрнардынаў.

Жыхары — беларусы каталікі; амаль усе сьведамыя. Будслаў — гэта адно з нямногіх у Зах. Беларусі каталіцкае мястэчка, дзе існуе агульная беларуская нацыянальная сьведамасьць. Там у свой час была беларуская гімназія, зачыненая польскімі ўладамі. Тут у тарговы дзень на рынку не пачуеце іншай, апрача беларускай, гутаркі.

Мястэчка гэтае выдала шмат інтэлігенцыі, каторая пераважна ня здрадзіла свайго беларускага народу, і працуе над ягоным адраджэньнем.

Слава табе, Буда! Буда — так, кажуць, гэтае мястэчка называлася раней, калі з самага пачатку тут была толькі буда бэрнардынаў. Калі пасьля бэрнардыны праславіліся на ўсю далёкую ваколіцу, дык і іх буда сталася слаўнай. Ад таго і назвалася: Будслаў.

У вёсцы Палесьсі, ляжачай пры самым мястэчку, месьціцца Будслаўскі гурток Б.І.Г.іК. у хаце старшыні яго гр. Бабарыкі. Гэта найдзейнейшы беларускі нацыянальны вясковы дзеяч ува ўсей Будслаўскай ваколіцы.

Адведваю яго. Сялянская хата. На сьцяне пагоня і партрэты беларускіх пісьменьнікаў. У куце шафа з бібліятэкай гуртка. Парадак узаровы. Уся дзейнасьць, уся перапіска памешчана ў пратаколах і кніжках, зложаных у парадку.

Гаспадар наракае, што ўлады не пазваляюць гуртку рабіць прадстаўленьні. Вось ужо даўно, кажа ён, як паслана да Вялейскага старасты просьба аб дазволе на ладжаньне спектаклю, а стараста маўчыць, як вады ў рот набраўшы.

Эх, доля-ж наша беларуская! Разьвітваюся з старшынёю гуртка, жадаючы яму пладавітай працы і геройскага змаганьня за праўду.

— Будзем змагацца, толькі цэнтр няхай пра нас не запамінае, — кажа старшыня коратка.

Мушу ўспомніць пра Будслаўскіх дзяўчат і, на жаль, іх зганіць. Яны заглядаюцца на капралаў. І вось са скуры вылазяць, каб толькі падабацца якому з іх. У мястэчку цэлы батальён пагранічнікаў (К.О.Р.) Разумеецца, каб фліртаваць з салдатамі — трэба польшчыць, дык яны і польшчаць, як могуць, аж сьмяюцца з іх свае хлапцы.

Дзіўная рэч, што гаспадарскія дочкі лятуцяць аб якім-небудзь капралу ці плютановым. Гэта ў іх зьяўляецца зусім з гультайскіх матываў. Бачыце, пані плютанова не патрабуе жаць жыта і г. п. Калі якая выйдзе за падафіцэра, дык думае, што такой зрабілася паняй, што навет хаты лянуецца замесьці, а каб пахваліцца перад суседзямі сваёй «вялікасьцю» — бярэ сабе наймітку. Проста сьмех і грэх!

Трэба ведаць, што падафіцэр у большай часьці — дрэнны матар’ял на мужа, што, нават, здаецца, пераканалася не адна і Будслаўская дзяўчына, але па часе. Слушна робяць Будслаўскія хлопцы, што сьмяюцца з гэткіх сваіх дзяўчат і з імі не сябруюць, аддаючы такое «дабро» салдатам.

Выбачайце, чытач, што так доўга вас затрымаў у Будславе, але гэта дзеля таго, што і сам я там загасьціў даўжэй. […] Ул. Ка.


Газета Biełaruskaja Krynica №6 за 3 лютага 1935 года надрукавала справаздачу аб працы гуртка Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры, якая ўтрымлівае цікавыя звесткі аб бібліятэцы гуртка, а таксама пра склад кіраўніцтва гуртка.

Справаздачу можна прачытаць на westki.info

Як піша аўтар артыкула Кастусь Шыталь, беларуская грамадская актыўнасць у правінцыі мала даследваная гісторыкамі і краязнаўцамі. У той жа час праца многіх свядомых беларусаў, якія займаліся палітычнай, культурніцкай і асветніцкай дзейнасцю, з'яўляецца цікавай старонкай гісторыі. Іх намаганні, якія не прыносілі грошай і камфорту, а часта станавіліся прычынай рэпрэсій з боку дзяржаўнай адміністрацыі і паліцыі, сведчаць пра ахвярнасць гэтых людзей. Гэты прыклад варта памятаць беларусам і сёння.

Паводле westki.info

Абноўлена 17.08.2017 15:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа