Пошук


9 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і арцыбіскуп Габар Пінтэр, Апостальскі Нунцый у Беларусі, узначалілі  святыя Імшы ў архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Па традыцыі каля архікатэдры прайшла інсцэніраваная працэсія.

Каб прыняць удзел у працэсіі, якая рэканструявала падзеі дзвюх тысяч гадоў таму, калі Езус прыбыў у Ерузалем, вернікі, стоячы ля мінскай архікатэдры, трымалі ў руках упрыгожаныя галінкі вярбы. Працэсіяй распачыналіся тры святыя Імшы ў першай палове дня.

Падчас Імшы ў 10:00 арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў казанне да дзяцей.

У казанні, прамоўленым падчас Імшы ў 11:30, нагавадваючы, што гэты дзень называюць Нядзеляй Мукі Пана, іерарх адзначыў, што «літургія Пальмовай нядзелі паказвае, што энтузіязм людзей пры ўваходзе Езуса ў Ерузалем не быў сапраўдны, ён быў штучны. Лёгка было быць часткай натоўпу, які вітаў Езуса, каб потым таксама з лёгкасцю стаць часткай натоўпу, які патрабаваў Яго смерці».

Тэкст гаміліі цалкам

Паводле слоў арцыбіскупа, у літургіі Пальмовай нядзелі выразна бачна рэзкая змена настрою натоўпу, які спачатку вітае Хрыста з воклічамі радасці, а потым вельмі хутка асуджае Яго на смерць.

«Сапраўды, не складана быць часткай натоўпу. Але як цяжка быць пад крыжам. Натоўп не пайшоў да крыжа Езуса, пакінуў Яго сам-насам са сваімі цярпеннямі. Для натоўпу гэта было зацяжка. Толькі Марыя, апостал Ян і некалькі жанчын пайшлі за Езусам да крыжа».

Мітрапаліт нагадаў, што мука Хрыста, апісанне якой чытаецца ў касцёлах у гэты дзень, не можа нікога пакінуць абыякавым: «Апісанне Мукі Хрыста узрушвае нас, бо мы з’яўляемся яе прычынай. Не толькі першасвятар, не толькі Пілат, не толькі рымскія жаўнеры былі тымі, хто асудзіў Езуса на крыжовую смерць і выканаў прысуд. Прычынай цярпенняў Езуса былі грахі ўсяго чалавецтва, у тым ліку і нашыя. Тут няма ні мінулага, ні цяперашняга, ні будучага. Калі мы грашым, то крыжуем Езуса, прыбіваем Яго святое Цела да дрэва крыжа».

Святую Імшу ў 13.00 узначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. «Уражвае да слёз тое, што Езус нават на момант не перастае глядзець на натоўп са спагадай і пяшчотай, што пад цяжарам расчаравання і пакуты Ён не становіцца вострым і раздражнёным, — адзначыў прадстаўнік Папы ў сваім казанні. — Яго рэакцыя сапраўды захапляе, выклікае давер і запрашае нас наследваць Яго».

(KB)

Фота Аляксандры Шчыглінскай і Віктара Ведзеня

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 03.03.2018 15:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа