4 лютага ў магілёўскай катэдры прайшла пастырская сустрэча з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупскага вікарыя для Магілёва і Магілёўскага рэгіёна біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, святароў і кансэкраваных асобаў, якія служаць у Магілёўскай вобласці.
У межах сустрэчы Мітрапаліт Кандрусевіч выступіў з дакладам на тэму паклікання да святарскага і манаскага жыцця.
«Нам цяжка ўявіць, як Бог мог дазволіць чалавеку выкарыстоўваць Яго Боскую функцыю. Мы ведаем, як цяжка атрымаць дазвол, каб дзейнічаць ад імя, напрыклад, дырэктара нейкага прадпрыемства. Прэзідэнт ніколі і нікому не перадае сваёй улады. А тут не прэзідэнт, а Бог, які не пабаяўся так учыніць. І гэта адбылося падчас Апошняй Вячэры, калі Езус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства, — адзначыў іерарх, падкрэсліваючы выключнасць служэння на ніве Пана. — Дзякуючы гэтаму Езус у Эўхарыстыі прысутны ва ўсім свеце, бо там, дзе цэлебруецца св. Імша, там ёсць і Ён. Езус ёсць таксама там, дзе абвяшчаецца Божае слова, цэлебруюцца іншыя сакрамэнты і здзяйсняюцца ўчынкі міласэрнасці».
Як сцвердзіў арцыпастыр, нярэдка можна пачуць меркаванне, што святарам жывецца вельмі добра, але «так можа гаварыць толькі той, хто не ведае рэальнасці святарскага жыцця».
«Калі б нехта ішоў у семінарыю толькі з-за таго, што, як думаюць некаторыя, святарскае жыццё лёгкае і забяспечвае шчаслівую будучыню, то не павінен гэтага чыніць, бо ашукае самога сябе і не зможа даць таго, чаго ад яго чакаюць вернікі. Такое святарства не будзе трываць доўга і будзе толькі яго карыкатурай», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.
«Далоні святара памазаны святым алеем для таго, каб складаць ахвяры Богу. Аднак гэтай ахвярай святар перадусім павінен стаць сам. Ён павінен ахвяроўваць сябе Пану і заўсёды быць у Яго распараджэнні. Раз ахвяраваўшы сябе Богу, ён не можа адысці, не можа дэзерціраваць», — дадаў арцыпастыр.
«Ці заўсёды гатовы сведчыць жывога Бога мы — святары і кансэкраваныя асобы? ...Ці не паддаёмся тэндэнцыям паслабіць маральныя патрабаванні ў імя так званага прагрэсу ці таннага папулярызму і гэтым самым спрыяць культуры часовасці? Ці заўсёды мы паслухмяныя вучэнню Евангелля? У сучасных абставінах адыходу чалавека ад Бога і Касцёла мы заўсёды павінны памятаць, што Евангелле нам дадзена не для таго, каб мы яго змянялі, але каб яно змяняла нас», — адзначыў Мітрапаліт.
Іерарх таксама падкрэсліў, што кіраванне Божым народам, які даручаны пастырскай апецы святара, павінна выконвацца ў духу служэння.
«Якім узнёслым і ў той жа час адказным з’яўляецца пакліканне да святарства і служэнне святара, і як многа залежыць ад яго!» — падкрэсліў арцыпастыр.
Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы ў Магілёве.
«Пад крыжам Езуса мы бачым Яго Маці Марыю і св. апостала Яна. Цярпенні Езуса не завяршыліся. Ён і надалей памірае на крыжы. Наша краіна ў ХХ стагоддзі перажыла сваю Галготу, і з намі пад крыжам Езуса ў сваім фацімскім пасланні была Марыя. Пад Яго крыжам заставаліся таксама і Ягоныя вучні — гэта мучанікі і сведкі веры атэістычнага рэжыму. У новых абставінах свабоды веравызнання і адначасова адыходу ад веры і маральнага рэлятывізму, дарагія святары і кансэкраваныя асобы, застанемся пад крыжам Езуса разам з Марыяй і святым Янам!» — заклікаў іерарх і падкрэсліў, што «святарства і кансэкраванае жыццё — гэта шлях крыжа і супрацьстаяння.
(DN), (VGr)