Пошук


13 лістапада ў Беларусі, як і ва ўсіх краінах свету, на завяршэнне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці ў катэдрах і юбілейных святынях праходзіць закрыццё Святых Дзвярэй. Важкія дзверы мінскай архікатэдры на працягу года былі адной з такіх Брам Міласэрнасці, і 13 лістапада яны былі сімвалічна зачынены.

Напамінам пра гэты час надзвычайнай Божай ласкі застануцца памятныя знакі Года Міласэрнасці, якія ў дзень закрыцця Святых Дзвярэй былі ўмураваны ў сцены мінскай архікатэдры і некаторых іншых юбілейных святыняў Беларусі.

Падчас урачыстага набажэнства з нагоды заканчэння Юбілейнага Года, а таксама святкавання 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай Мітраполіі некаторыя вернікі былі адзначаны ганаровымі граматамі за ўклад у гэтае адраджэнне.

Сярод уганараваных былі тыя, хто, молячыся ў спёку і мароз ля сакральных будынкаў, «адваёўваў» былыя касцёлы, хто на працягу гэтых 25 гадоў дзейсна супрацоўнічаў с Касцёлам, а таксама тыя, хто вяртаў людзям Божае слова праз друк і духоўную кнігу (выдавецтва «Про Хрысто»), хто працаваў над літургічнымі тэкстамі на беларускай мове, якія сёння гучаць ва ўсіх касцёлах Беларусі (Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ).

Святую Імшу на завяршэнне Юбілейнага Года ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Мы прызвычаіліся да ўпрыгожанага фасаду нашай катэдры і да таго, што кожны дзень, праходзячы праз яе дзверы, якія сталі Брамай Міласэрнасці, мы маглі атрымаць поўны адпуст. Але на ўсё свой час, і сёння трэба развітвацца з гэтай брамай і з Юбілейным Годам Божай Міласэрнасці», — звярнуўся да прысутных арцыпастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Святкаванне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці ў Беларусі супала з Сярэбраным Юбілеем адраджэння іерархічных структур Касцёла і ўстанаўлення св. Янам Паўлам II Мінска-Магілёўскай мітраполіі, што, па словах іерарха, «дало новы імпульс і магчымасці для развіцця нашага Касцёла».

«Вялікае пасланне Юбілейнага Года заключаецца ў тым, каб зведаць тое, што наш Бог міласэрны. Гэта азначае, што Ён не абыякавы да нашых праблем і бярэ іх у сваё сэрца, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Пасхальная таямніца смерці і ўваскрасення Хрыста з’яўляюцца найвышэйшым праяўленнем Божай міласэрнасці. Вядучая думка Юбілейнага Года заключалася ў тым, каб пазнаць ідэю міласэрнасці як галоўную прыкмету Бога, дасведчыць яе і ажыццяўляць у штодзённым жыцці».

Міласэрнасць Бога, як дадаў арцыпастыр, «нікім і нічым не абмежавана», «міласэрнасць Бога — гэта не што іншае як Яго адказнасць за нас, бо Ён жадае нам дабра».

Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на завяршэнне Надзвычайнага Юбілейнга Года Божай Міласэрнасці.

«Калі Бог міласэрны, то і мы павінны быць такімі», — заклікаў іерарх, а таксама пажадаў, каб «адзінай канкурэнцыяй паміж намі была канкурэнцыя ў тым, чыя любоў мацнейшая».

Урачыстае набажэнства на завяршэнне Юбілейнага Года стала падзякай мінскай каталіцкай супольнасці за гэты час.

Для многіх юбілейная катэдра ў Мінску ў апошнія дванаццаць месяцаў стала месцам ледзь не штодзённых малітваў. Многія прыязджалі сюды з іншых гарадоў, каб атрымаць адпуст за сябе або за памерлых.

Год Міласэрнасці ў Беларусі скончыўся, аднак, ёсць надзея, плёны яго будуць трываць праз сведчанне тых, хто імкнуўся спазнаць міласэрнасць Айца і цяпер не можа ёй не дзяліцца.

Завяршэнне Юбілейнага Года Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле і закрыццё Брамаў Міласэрнасці ў базыліцы св. Пятра ў Рыме адбудзецца 20 лістапада, ва ўрачыстасць Езуса Хрыста Валадара Сусвету.

Валянціна Грамыка, (DN)

Фота Аляксандры Шчыглінскай і кс. Кірыла Бардонава

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.