16 жніўня, ва ўспамін св. Роха, у мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) прайшла парафіяльная ўрачыстасць, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
У гаміліі іерарх адзначыў важнасць адпустовай Эўхарыстыі і ўдзелу ў ёй вернікаў:
«У першую чаргу гэта нагода да таго, каб быць адкрытымі на Святога Духа і пачуць тое, да чаго заклікае нас Бог, асабліва ў сёлетні Год Божай Міласэрнасці напярэдадні 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, а таксама каб падзякаваць Богу за ўсе атрыманыя ласкі», — заўважыў біскуп.
Іерарх заахвоціў вернікаў перапрашаць Бога за чалавечую недасканаласць і праз заступніцтва св. Роха прасіць Бога адарыць іх усімі неабходнымі ласкамі.
«Кожная Эўхарыстыя — таксама перапрашэнне. Нельга наблізіцца да алтара Слова і эўхарыстычнага алтара Цела і Крыві Пана, не паяднаўшыся з Ім, не перапрасіўшы за грахі і правіны», — падкрэсліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Таксама іерарх ўзгадаў жыццё св. Роха, які, нарадзіўшыся ў багатай сям’і, у маладым узросце асірацеў і, пачуўшы словы Хрыста: «Прадай усё, што маеш, раздай бедным і ідзі за Мной», – так і зрабіў.
«Узяўшы кій, святы Рох пайшоў у Рым. Ідучы па дарозе і бачучы эпідэмію чумы, ён затрымліваўся, каб служыць бліжнім, і выконваў такім чынам наказ Хрыста: што вы зрабілі другому – тое Мне зрабілі. Святы Рох сваімі ўчынкамі сведчыў пра сваю міласэрнасць і сапраўдную любоў да бліжняга», — дадаў біскуп.
Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на пакору святога Роха і яго адкрытасць на Божае слова:
«Святы Рох быў адкрыты на Божае слова. Ён прымаў яго з вялікай радасцю і здзяйсняў у сваім жыцці. І яго прыклад паказвае, наколькі святы Рох прыцягваў не сваім словам, не сваёй навукай, а менавіта здзяйсненнем Божага слова і Божай навукі ў сваім жыцці».
Біскуп адзначыў, што «сёння хоць і няма фізічнай чумы, але існуе духоўная чума».
«Таму трэба прасіць, каб святы Рох аздаравіў наша грамадства ад духоўнай чумы — няведання Бога, жыцця насуперак Божым запаведзям, недахопу пакоры і адсутнасці міласэрнасці да іншага чалавека».
Напрыканцы біскуп Аляксандр Яшэўскі пажадаў усім прысутным, каб, гледзячы на св. Роха, «у першую чаргу пазнавалі Бога ў Яго слове і ўцелаўлялі Яго жыццё, былі людзьмі, якія па-сапраўднаму любяць бліжняга і асабліва таго, каго Бог ставіць побач з намі».
«Жадаю, каб цнота пакоры і жаданне выканаць выключна Божую волю былі бачныя ў нашым жыцці», — заключыў іерарх.
Завяршылася ўрачыстасць працэсіяй з Целам Хрыста вакол святыні.