Пошук

13.08.2016 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

У фацімскі дзень 13 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах адбылося благаслаўленне і ўмураванне адмысловай капсулы з каменем са Святой Зямлі ў сцяну новага касцёла. Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Камень быў прывезены са святыні Гробу Пана са Святой Зямлі адмыслова для закладкі яго ў сцяну старадарожскай святыні. Касцёл тут пачалі будаваць у 2014 годзе. Сёння асноўныя працы па ўзвядзенні сцен ужо выкананы, але будоўля яшчэ не скончана.

Варта адзначыць, што новы касцёл стане першай каталіцкай святыняй у Старых Дарогах і раёне за ўсю іх гісторыю. 

«Новы касцёл у Старых Дарогах дапоўніць сабою спіс святыняў архідыяцэзіі, якімі апякуюцца айцы францішкане, і стане ў адзін шэраг з каталіцкімі святынямі ў Любані, Салігорску, Капылі, Асіповічах і г.д.», — адзначыў пробашч парафіі а. Аляксей Рамановіч OFM.


У святой Імшы прымалі ўдзел дэкан Нясвіжскага дэканату кс. Пётр Шарко, правінцыял францішканаў, святары з прылеглых рэгіёнаў, мясцовыя ўлады, прадстаўнікі Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, архітэктары і інш. У Эўхарыстыі таксама ўдзельнічалі як вернікі са Старых Дарог, так і шматлікія госці з памежных рэгіёнаў.

Запавет Фацімы

У гаміліі Мітрапаліт падкрэсліў значэнне аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, 100-я гадавіна якіх будзе адзначацца ў 2017 годзе, у справе адраджэння Касцёла ва Усходняй Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі.

Арцыпастыр падкрэсліў, што дзякуючы ажыццяўленню дадзеных Паннай Марыяй фацімскіх абяцанняў сёння ў Беларусі існуе свабода веравызнання і ў гэтым годзе адзначаецца сярэбраны юбілей адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.

Іерарх нагадаў, што галоўныя ўрачыстасці гэтага юбілею адбыліся падчас сёлетняга будслаўскага фэсту на чале з папскім легатам кардыналам Крыстафам Шонбарнам.



Таксама Мітрапаліт нагадаў сабраным вернікам, што яны знаходзяцца практычна напярэдадні ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — Апякункі парафіі ў Старых Дарогах.

«Сучаснасць Марыі — гэта наша будучыня, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Езус Хрыстус адкупіў усяго чалавека, з душой і целам, і таму ўвесь чалавек прызначаны да нябеснай славы. Першай у яе ўвайшла Марыя, як тая, якая да канца даверылася і згадзілася з Божай воляй».


Іерарх дадаў, што Яе “Fiat” — “Так” Богу — гэта «ключ да разумення таямніцы збаўлення, а таксама ключ да дасягнення шчасця чалавека». «Бог даў чалавеку свой закон не для таго, каб абмяжоўваць яго свабоду, але каб зрабіць шчаслівым», — звярнуў увагу арцыпастыр.

Мітрапаліт адзначыў, што, згаджаючыся з Божай воляй, Панна Марыя «стала першым табэрнакулюмам, бо пад Яе сэрцам пачало біцца сэрца Збаўцы».

Наследаваць прыклад Марыі

«Табэрнакулюм у касцёле займае галоўнае месца, бо там у Эўхарыстыі знаходзіцца Збаўца. Менавіта таму Езус не мог дазволіць, каб цела Яго Найсвяцейшай Маці, гэты табэрнакулюм, разлажылася і чакала ўваскрашэння цел напрыканцы свету, каб увайсці ў вечную радасць», — сказаў іерарх.

Па словах арцыбіскупа, хаця дагмат Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі як праўда веры быў прыняты не так даўно, у 1950 г., аднак культ Унебаўзятай Марыі «вядомы з першых стагоддзяў хрысціянства і вельмі моцна ўкараніўся ў практыку як Каталіцкага Касцёла, так і Праваслаўнай Царквы».

«Разважаючы пра Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, мы павінны наследваць Яе прыклад, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Найперш бязмежна даверыцца Богу і выконваць Яго волю. А выконваць Божую волю азначае жыць паводле Яго запаведзяў, духу Евангелля і вучэння Касцёла. Нельга казаць, што я веру ў Бога, але не веру ў Касцёл. Касцёл не можа існаваць без Бога. Яго заснаваў сам Збаўца, які жыве ў сваім Касцёле».

Арцыпастыр нагадаў, што дзейнасць Касцёла найперш ажыццяўляецца праз жыццё парафіяльных супольнасцяў, а для іх нармальнага функцыянавання патрэбны малітоўныя дамы — касцёлы.

«Таму сёння з радасцю я благаслаўляю камень са Святой Зямлі, які ў знак трываласці будучай святыні, разам з адмысловай капсулай, у якой змешчана афіцыйнае пацвярджэнне гэтай падзеі, будзе ўмураваны ў сцяну гэтага касцёла ў Старых Дарогах», — сказаў Мітрапаліт.

Іерарх дадаў, што з часам змяняюцца будаўнічыя тэхналогіі, аднак, калі ўспомніць, як яшчэ не ў вельмі далёкіх часах будавалі дамы, асабліва на вёсцы, то «найперш усталёўвалі вуглавыя камяні і на іх клалі бярвенні».

«Вядома, калі вуглавы камень слабы, то дом паваліцца. Калі паглядзім на старадаўнія будовы мураваных касцёлаў, то таксама лёгка заўважым, што вуглавыя камяні вельмі трывалыя, — адзначыў арцыбіскуп. — Такім адмысловым вуглавым каменем стане і прывезены камень са Святой Зямлі».

Мітрапаліт нагадаў, што ў Старым Запавеце слова «вуглавы камень» мае сімвалічнае значэнне і адносіцца да Месіі. Напрыклад, у Кнізе псальмаў гаворыцца, што адкінуты камень стаўся вуглавым.

Гэта, як дадаў іерарх, алюзія на Хрыста, якога Ізраіль не прыняў, але які стаўся вуглавым каменем Новага Ізраэля, а менавіта Касцёла.

«І сапраўды, у Новым Запавеце, асабліва ў вучэнні самога Збаўцы і апосталаў Пятра і Паўла, Хрыстус прадстаўляецца як вуглавы камень Касцёла, фундамент якога — апосталы, а вернікі — жывыя камяні гэтай будоўлі», — заўважыў арцыбіскуп.

Па словах Мітрапаліта, благаслаўленне і ўмураванне каменя са Святой Зямлі «азначае прызнанне Хрыста як адзінага фундаменту хрысціянскага жыцця, на якім можна бяспечна будаваць як святыню, так і хрысціянскае жыццё».

«Нездарма Хрыстус кажа, што дом неабходна будаваць на скале, а не на пяску, каб ён не разваліўся», — адзначыў іерарх і дадаў, што асвячэнне вуглавога каменя і яго закладка таксама падкрэсліваюць сакральнасць будоўлі.

Мітрапаліт заклікаў вернікаў быць удзячнымі Богу, «які праз смерць свайго Сына Езуса Хрыста праявіў да нас сваю міласэрнасць і дазваляе будаваць новы касцёл, які стане месцам сустрэчы чалавека з Богам».


Іерарх пажадаў вернікам са Старых Дарог «ісці новымі дарогамі па абвяшчэнні Евангелля». 

 (DN), (AG), фота Ільі Лапато

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа