Пошук


Ганне Расцішэўскай, парафіянцы архікатэдральнай парафіі ў Мінску — 75 гадоў. Але і ў гэтым узросце яна імкнецца кожны год прымаць удзел у будслаўскіх урачыстасцях.

Апошнія 15 гадоў у Будслаў кабета прыязджае аўтобусам. Але кожны раз з сабою яна прывозіць хусцінку пілігрыма, якую захавала падчас свайго апошняга пешага падарожжа ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

І цяпер штолета пасля будслаўскіх урачыстасцяў жанчына вышывае на хусцінцы яшчэ адзін год. Сёлета такіх вышываных дат набралася ўжо 15 — самай «свежай» сталі лічбы 2016.

«Я вельмі люблю Будслаў і яго ўрачыстасці, — прызнаецца Ганна Расцішэўская. — І хоць я ўжо не ў маладым узросце, але гэтак жа цешуся, калі прыбываю сюды, як і раней. А вышыванне новага года дае надзею і сілы, каб прыехаць у Будслаў і на наступны год».



Кабета прызнаецца, што паказвала сваю хусцінку пілігрыма дапаможнаму біскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыю Касабуцкаму.

«Біскуп спытаў, чаму я прапусціла адзін год — 2010-ы. Але тады я была ў Польшчы некалькі дзён і не магла прыехаць. Але ў малітвах была ў Будславе разам з усімі», — кажа жанчына.

Ганна Расцішэўская доўгі час працавала ўрачом артапедам-траўматолагам у Мінску, а сама паходзіць з Навагрудка.

«Кожны раз, калі прыязджаю дадому, адпачываю, бо мая радзіма — Навагрудчына, — дадае кабета. — А ўвогуле, я, як кажуць, з мінулага стагоддзя. Памятаю Мінск яшчэ савецкім і атэістычным: як маліліся перад зачыненымі святынямі... Дзякуй Богу за тое, што ўсё гэта ў мінулым, а сёння мы маем такі жывы Касцёл!»

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага


Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.