На два аспекты, характэрныя для Найсвяцейшай Панны Марыі — веру, а таксама слуханне Божага слова і разважанне над ім — звярнуў увагу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB на ранішняй святой Імшы ў межах урачыстасцяў у Будславе 2 ліпеня.
Як заўважыў біскуп у гаміліі, Евангелле, кажучы пра Панну Марыю, «указвае не на штосьці знешняе, бачнае для чалавечага вока, але на ўнутраную паставу Марыі».
«Марыя благаслаўлёная, бо зачала Бога ў сваім целе, калі ўжо насіла Яго ў сваім сэрцы, — адзначыў іерарх. — Марыя была на першым месцы сярод тых, ‘то слухае Божае слова і верна захоўвае яго».
Па словах біскупа, «вера Марыі дазволіла Ёй у паўнаце аддацца Пану Богу, даверыцца Яму», «дапамагла Ёй так дасканала выконваць волю Айца».
«Вера — гэта фундамент усяго. Таксама ад нашай веры ў вялікай меры залежыць наша здольнасць сапраўды аддацца Богу, залежыць наша гатоўнасць рэалізаваць Божую волю ў нашым штодзённым жыцці, залежыць тое, ці зменіцца штосьці ў нашым жыцці, — падкрэсліў іерарх. — Дзякуючы веры наша мысленне становіцца больш сталым, больш поўным, я сказаў бы, больш рэалістычным, паколькі мы бяром пад увагу не толькі малыя акалічнасці нашага зямнога існавання, але і ўсю рэчаіснасць нашага існавання».
Дзякуючы веры, дадаў біскуп, «у нас змяняецца шкала каштоўнасцяў». «Сама па сабе вера — гэта крыніца моцы і духоўнага дынамізму, бо яна адкрывае перад намі велізарную перспектыву жыцця, паўнаты нашага існавання».
«Кожны з нас адказны за сваю веру», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што, каб вера магла ў чалавеку быць жывой і развівацца, «неабходна малітва, сакрамэнты, кантакт з Богам, гэта значыць, каб мы былі ўключаны ў Хрыста», каб «дазволілі Хрысту дзейнічаць у нас, усведамляючы, што без Яго нічога не можам учыніць», «трэба паступаць паводле патрабаванняў веры кожны дзень і дзяліцца ёю з іншымі».
«Калі быць да канца шчырымі перад сабой, то трэба сказаць, што без Божай дапамогі мы не можам нават ні разу прамовіць: “Абба, Ойча” або “Маці Божая”, — заўважыў біскуп. — Часта Бог прыводзіць нас да канчатковай мяжы нашай немачы, і менавіта тады мы разумеем нашу немач».
Па словах іерарха, «гэтае святое месца, дзе валадарыць наша Будслаўская Пані, сведчыць, што Бог удзяляе людзям ласкі, гэтыя ласкі выпрошвае Марыя, дзякуючы якой мы перамяняемся, становімся здольнымі да здзяйснення немагчымых рэчаў». «Хто слухае Божага Сына і Яго Маці, не загіне. Тыя, хто для Яе працуе, не зграшаць. Хто аб Ёй думае — дасягне жыцця вечнага», — падкрэсліў біскуп.
«Няхай наша жыццё, наш асабісты давер і абуджэнне даверу будзе нашай своеасаблівай падзякай. Няхай Марыя дапамагае нам, каб мы ніколі не слухалі таго голасу, які сее сумненні, нараканне і ўсё тое, што адцягвае ад Бога, — пажадаў біскуп Аляксандр Яшэўскі. — Няхай Яна ахоўвае нас, каб мы самі ніколі не былі злым, д’ябальскім прыкладам, які нішчыць і аддаляе людзей ад Бога».
(AG)