24 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў капліцу св. Яна Хрысціцеля ў в. Амнішава Лагойскага раёна. Нагодай для візіту іерарха сталі ўрачыстасць нараджэння св. Яна Хрысціцеля і 200-годдзе з дня пабудовы капліцы.
Арцыбіскуп цэлебраваў урачыстую святую Імшу, пасля якой адбылася працэсія вакол капліцы.
Ва ўрачыстасцях таксама ўдзельнічалі кс. Ян Крэміс, які прыняў словы віншавання з нагоды імянін, пробашч амнішаўскай парафіі кс. Томаш Маліноўскі MSF і кс. Войцех Вальчына MSF.
У гаміліі іерарх распавёў сабраным вернікам пра значэнне св. Яна Хрысціцеля ў гісторыі збаўлення чалавецтва. Мітрапаліт засяродзіў сваю ўвагу на тым, што гэты святы з’яўляецца звяном, якое злучае Стары Запавет і Новы; ён апошні прарок Старога Запавету, чыім заданнем было падрыхтаваць людзей да прышэсця Збаўцы, а канкрэтна – падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану. Таму, дадаў арцыбіскуп, св. Ян Хрысціцель сябе называе клічучым у пустыні голасам.
«Людзі жылі далёка ад Бога, не захоўвалі Яго запаведзяў, іх духоўныя кіраўнікі — фарысеі — былі павапненымі грабамі, як назваў іх Хрыстус, абвяшчалі Божае права, але самі не жылі паводле яго. Менавіта таму там была духоўная пустыня, і менавіта таму св. Ян Хрысціцель стаў голасам, які ў ёй заклікаў да навяртання», — адзначыў Мітрапаліт.
Іерарх нагадаў, што, будучы апошнім прарокам Старога Запавету, св. Ян Хрысціцель увёў Божы народ у Новы, бо над ракой Ярдан паказаў людзям Збаўцу, абвяшчаючы, што Езус – гэта той Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету.
«З часоў святога Яна Хрысціцеля мінула 2 тысячы гадоў. 20 стагоддзяў абвяшчаецца Евангелле, аднак свет, асабліва сучасны, усё больш і больш нагадвае свет часоў гэтага вялікага прарока – духоўную пустыню, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — І таму сёння патрэбныя людзі фармату св. Яна Хрысціцеля, якія сваім жыццём і сведчаннем будуць абвяшчаць Божую праўду. Яны патрэбныя, каб гэтую праўду бараніць і заклікаць людзей да жыцця паводле яе».
Гэтую праўду, дадаў Мітрапаліт, абвяшчае Касцёл, і такім месцам яе абвяшчэння была і гэтая капліца, юбілей 200-годдзя якой адзначаецца ў гэты дзень. «Тут нашы продкі вучыліся праўдам веры, каб у цяжкія часы ганенняў не адмовіцца ад яе і нават пацвердзіць сваёй крывёй», — сказаў іерарх.
«У часы ганенняў капліца раздзяліла лёс соцень іншых касцёлаў і капліц і была зачынена. Аднак Бог так пакіраваў, што сёння ізноў яна стала месцам сустрэчы чалавека з Богам; месцам, дзе ў духоўнай пустыні сучаснасці ізноў гучыць голас Бога, які заклікае да малітвы і навяртання», — адзначыў арцыпастыр.
Мітрапаліт назваў сімвалічным тое, што юбілей капліцы святкуецца ў Юбілейны Год Божай Міласэрнасці і юбілей 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. «Перадача яе Касцёлу, рэстаўрацыя і аднаўленне набажэнстваў – гэта не што іншае, як знак Божай міласэрнасці і знак адраджэння Касцёла ў нашай краіне», — падкрэсліў іерарх.
Арцыбіскуп заклікаў вернікаў не праходзіць міма гэтых знакаў, а «чытаць іх і карыстацца новымі магчымасцямі, каб расчысціць дарогу Езусу, які прыходзіць да нас у Святым Пісанні і сакрамэнтах».
Урачыстасці прайшлі ў вельмі шчырай і сардэчнай атмасферы. Напрыканцы парафіяне выказалі словы ўдзячнасці Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу за вялікую працу па аднаўленні каталіцкай веры, увагу да сем’яў і моладзі.
Даведка:
«У 1775 г. Юзаф Марцэлій Корсак і яго маці Анэля з роду Байкоўскіх пабудавалі тут [у Амнішаве] касцёл, кансэкраваны 4 чэрвеня 1797 г. у гонар Найсвяцейшай Тройцы. Гэта быў адносна невялікі драўляны 2-вежавы касцёл у стылі барока. Званіца, “у адной лініі з фасадам” касцёла, была таксама пабудаваная з дрэва. Касцёльная тэрыторыя была абнесеная агароджай з “палявога каменя”. Да амнішаўскай парафіі, якая атрымала статус самастойнай з 1804 г., належалі 2 капліцы – у Грэбнях (адпісаная ў 1832 г. да Амнішава ад павізіцкага касцёла ў в. Вілейка, цяпер у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.) і на могілках у самім Амнішаве. Апошняя пад тытулам св. Яна Хрысціцеля была ўзведзеная ў 1816 г. і асвечаная ў 1825 г. Перад капліцаю стаяла невялікая званіца» (Паводле: «Каталіцкія святыні. Ч.1»).