Пошук

23.06.2016 23:56  

23 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў мінскую парафію Св. Яна Хрысціцеля ў парафіяльнае свята. Іерарх цэлебраваў у парафіі святую Імшу, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

У гаміліі арцыпастыр нагадаў, што звычайна ўспамін таго ці іншага святога адзначаецца ў дзень яго смерці для зямнога жыцця, які адначасова з’яўляецца днём нараджэння для неба. Аднак, дадаў іерарх, ёсць тры дні нараджэння для зямнога жыцця, якія адзначае Касцёл. Гэта Божае Нараджэнне – дзень прыйсця ў свет Збаўцы Езуса Хрыста; дзень Нараджэння Марыі – Маці Збаўцы; дзень нараджэння св. Яна Хрысціцеля, што само па сабе азначае яго надзвычайную ролю ў гісторыі збаўлення.

Нараджэнне св. Яна Хрысціцеля, па словах Мітрапаліта, было надзвычайным, бо яго бацькі Альжбета і Захарыя былі старымі і ім цяжка было спадзявацца, што ў іх сям’і народзіцца дзіця. Але Бог учыніў цуд, і больш за тое, народжанаму дзіцяці было дадзена імя Ян, якога не было ў традыцыі гэтай сям’і. Важным Мітрапаліт назваў і тое, што, калі арханёл Габрыэль абвясціў Захарыі, што ў яго сям’і народзіцца хлопчык, той не паверыў. За гэта ён быў пакараны — стаў глуханямым. Аднак пасля нараджэння сына і пасля таго, як напісаў, што яго імя будзе Ян, ён зноў пачаў размаўляць і чуць. Людзі, бачачы такія дзіўныя рэчы, пыталіся, кім будзе гэтае дзіця.

Арцыбіскуп нагадаў, што Бог падрыхтаваў для св. Яна Хрысціцеля асаблівую місію – быць прадвеснікам Хрыста і падрыхтаваць Яму дарогу да сэрцаў людзей.

Выконваючы гэтае заданне, дадаў Мітрапаліт, Ян абвяшчаў Божае права і сам жыў паводле яго. Гэта падабалася не ўсім, асабліва цару Іраду, які ажаніўся з жонкай свайго брата Ірадыядай. У выніку канфлікту святы Ян Хрысціцель страціў жыццё. Дачка Ірадыяды, якая спадабалася Іраду, па просьбе сваёй маці папрасіла, каб прынеслі на місе галаву св. Яна Хрысціцеля. «Яна, напэўна, плакала б, каб адрэзалі галаву яе лялькі, але для яе і асабліва для Ірада і Ірадыяды галава св. Яна не значыла нічога», — сказаў Мітрапаліт.

«Прыклад св. Яна Хрысціцеля заахвочвае нас жыць паводле Божага закону. Гэта нялёгка, аднак мы не адны. Езус умацоўвае нас сваёй ласкай. Ён прыходзіць да нас у Святым Пісанні, сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі, і ўсёй дзейнасці Касцёла», — падкрэсліў арцыпастыр.

«На жаль, сучасны чалавек не заўсёды адчувае патрэбу карыстацца гэтай дапамогай. Зараз адбываецца чэмпіянат Еўропы па футболе. Напэўна, спорт дапамагае чалавеку ў яго развіцці і павінен дапамагаць ісці да Бога. Чалавек дабравольна выбірае тую ці іншую галіну спорту. Але, выбраўшы, павінен прытрымлівацца правіл, бо інакш будзе пакараны і нават выключаны з гульні, — сказаў іерарх. — Мы выбралі хрысціянства і павінны трымацца яго прынцыпаў».

З дапамогай, па словах Мітрапаліта, прыходзіць Святы Дух. Яго дзеянне арцыбіскуп параўнаў з новым дыханнем, кажучы мовай спартсменаў. У якасці прыкладу іерарх узгадаў таксама пра чэмпіянат Еўропы па футболе, адзначыўшы, што воля да перамогі дапамагла значна слабейшай Харватыі перамагчы вельмі моцную Іспанію, і тое ж самае адбылося, калі слабейшая Ірландыя перамагла моцную Італію.

Мітрапаліт нагадаў, што Касцёл атаясамліваецца з караблём. Іерарх дадаў, што карабель плыве дзякуючы матору, які можа быць дызельным ці атамным; існуюць і парусныя караблі, якія плывуць дзякуючы таму, што вецер дзьме ў парус.

«Таксама і мы павінны дазволіць Святому Духу дзьмуць у ветразь нашага жыцця, каб яно было згодным з Божай воляй і не страцілася на ўзбураным моры XXI стагоддзя», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.   

(DN), (AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.