Пошук

20.06.2016 15:15  

З 17 па 19 чэрвеня ў вёсцы Лебедзева (Маладзечанскі раён) прайшлі рэкалекцыі для ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка». Духоўныя практыкаванні праводзіў кс. Юзаф Сярпейка, вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы.

На рэкалекцыі прыбыло 20 вернікаў з розных парафій: з Рубяжэвіч з Вілейкі, Маладзечна, Свіры, Мінска, а таксама мясцовыя парафіяне з Лебедзева.

Распачаліся рэкалекцыі ў пятніцу сумеснай вячэрай у парафіяльным доме, дзе  вернікі мелі магчымасць пазнаёміцца паміж сабою, як даўно прымаюць удзел у апостальскім руху «Маргарытка».

Падчас першай канферэнцыі ўдзельнікі рэкалекцый змаглі глыбей пазнаёміцца з сутнасцю апостальскага руху «Маргарытка», яго мэтамі і важнасцю малітвы за святароў.

Сутнасцю апостальскага руху «Маргарытка» з’яўляецца малітва ў вызначаны дзень тыдня за канкрэтнага святара або манахіню.

Маргарытка — кветка белага колеру. Яе сем пялёсткаў сімвалізуюць сем дзён тыдня. Сем асобаў, якія ўваходзяць у апостальскі рух «Маргарытка», ахвяруюць па адным дні ў тыдзень за святара або законную сястру, выбіраюць форму малітвы, якая ім больш адпавядае, і моляцца за духоўную асобу ўсё жыццё.

Падчас канферэнцыі кс. Юзаф звярнуў увагу вернікаў на тое, што той, хто моліцца за святара, таксама прымае ўдзел у яго жыцці: у яго святарстве і тых ласках, якія святар атрымлівае.

Духоўная еднасць, паводле слоў рэкалекцыяніста, палягае на тым, што молячыся за святара, вернік таксама атрымлівае шмат ласкаў і Божае благаслаўленне праз ўдзел у поўні святарства — у святарстве Езуса Хрыста.

«Паколькі малітва непазбежна накіроўвае да нейкага дзеяння, учынка, таму ўдзельнікі «Маргарыткі» не толькі моляцца, але і  прысвячаюць свае цярпенні за святароў, ахвяруюць ім дары дня праз усё сваё жыццё», — заўважыў кс. Юзаф Сярпейка падчас канферэнцыі.

Адразу пасля канферэнцыі вечарам распачалася святая Імша, якая цэлебравалася ў капліцы Сэрца Езуса ў парафіяльным доме — ў цемры, пры запаленых свечках, таму што не было электрычнасці з-за моцнай буры, маланак і перуна з навальніцаю.

Але надвор’е не стала перашкодаю для вячэрняй эўхарыстычнай ахвяры на хвалу Божую. Дарэчы, падчас святой Імшы паступова бура сціхла і нават крыху засвяціла сонца. Езус Хрыстус — сапраўднае святло, якое раз’ясняе цемру!

Наступны дзень рэкалекцый распачаўся ранішнімі малітвамі ў капліцы.  У суботу ў першай палове дня ўдзельнікі рэкалекцый супольна памаліліся ў інтэнцыях «Маргарытак» за пэўных святароў Вяночкам да Духа Святога і малітваю аб святасці святароў, Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Падчас другой канферэнцыі перад Найсвяцейшым Сакрамантам, трываючы на малітве Адарацыі, ўсе прысутныя зрабілі духоўнае практыкаванне аздараўлення пачуццяў.

«Не чалавек дрэнны, а мы негатыўна да яго настроеныя. Таму нам трэба знайсці месца для пакоры, бо не толькі ад нас усё залежыць. Неабходна прасіць Бога, каб даў нам святла шукаць дабра ў чалавеку. Такім чынам, праз пошук дабра мы самі змяняемся», — заўважыў кс. Юзаф Сярпейка.

Другая канферэнцыя была спалучана з малітвай Адарацыі ў цішыні. Вернікі маліліся на Ружанцы, чыталі Божае Слова, Літаніі або маліліся кантэмпляцыйна, сузіраючы Святыя Дары на алтары.  Падчас Адарацыі некаторыя ў сакрыстыі прыступілі да сакрамэнту споведзі.

У 12 гадзін у парафіяльным доме распачалася святая Імша.

Таксама быў час на асабістыя малітвы і духоўныя размовы паміж сабою і са святаром-рэкалекцыяністам. Дарэчы, менавіта ў час Божай міласэрнасці, толькі на другі дзень рэкалекцый у парафіяльным доме з’явілася электрычнае святло.

Падчас рэкалекцый малітва, духоўныя размовы былі арганічна спалучаны з актыўным адпачынкам. У суботу адбыўся так званы «зялёны вечар» — прыгатаваная вячэра была на вуліцы каля парафіяльнага дома.

Жадаючыя гулялі у валейбол, фатаграфаваліся, танцавалі… Пасля актыўных забаў удзельнікі рэкалекцый зрабілі «кола добрых сэрцаў» — размясціліся на свежым паветры на траве вакол стала на вуліцы з мэтаю, каб падзяліцца досведамі свайго духоўнага жыцця, распавесці ў якіх «Маргарытках» удзельнічаюць, калі паўстала «Маргарытка», пры якой нагодзе, чаму менавіта за таго ці іншага святара пажадалі маліцца. Шмат было цікавых сведчанняў.

Нават такі верш нарадзіўся, менавіта прысвечаны Апостальскаму руху «Маргарытка»:

Апостальскi рух «Маргарытка» —
У любовi з'яднаныя сэрцы,
Яны — простыя, неганарлівыя,
Бо адкрытыя, дабразычлівыя...

Умацаваныя Духам Святым,
У малітве штодзённай з' яднаныя,
Да апекі духоўнай прыдатныя,
Божым провідам да Вас пасланыя:

То апосталы Вашы - заступнікі,
Якіх Бог нездарма пасылае,
Каб сваімі малітвамі шчырымі
Яны Вас у жыцці падтрымалі!

І няхай Добры Бог блаславіць Вас
У святарскім служэнні няпростым,
Каб бязмежныя Божыя ласкі
Паспрыялі духоўнаму росту!!!

На заканчэнне такой супольнай духоўнай размовы памаліліся Апэль да Маці Божай і, атрымаўшы святарскае блаславенне, пайшлі адпачываць.

Падчас трэцяй канферэнцыі святар-рэкалекцыяніст распавядаў пра святарскую малітву Псальмамі — чытанне брэвіярыя; патлумачыў, наколькі гэта важна для духоўнага развіцця святара, а таксама заўважыў, што чытанне брэвіярыя практыкуецца і сярод свецкіх вернікаў, як малітва экзарцызму — абароны ад уздзеяння злога духа.  Але  для свецкіх няма смяротнага граху, калі яны рэгулярна не чытаюць брэвіярый, для святара ж — гэта абавязак пад пагрозаю вельмі цяжкага граху. Калі святар не прачытае брэвіярый у вызначаныя гадзіны без паважнай прычыны, ён не можа прымаць святую Камунію — яднацца з Езусам.

На трэці дзень рэкалекцый, каб духоўна падтрымаць святароў малітвамі, пасля канферэнцыі вернікі таксама сабраліся вакол Божага алтара ў капліцы Сэрца Езуса на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта: маліліся напачатку Вяночкам да Божай Міласэрнасці, а потым чыталі духоўныя разважанні з Дзённіка святой сястры Фаустыны Кавальскай  «Божая міласэрнасць у маёй душы». Разважанні былі пра споведзь і ўчынкі міласэрнасці да бліжніх.

На завяршэнне рэкалекцый — супольны абед, падчас якога ўсе ўдзельнікі мелі магчымасць абмеркаваць важныя пытанні, падзякаваць Богу і святару-рэкалекцыяністу, а таксама адзін аднаму за той час, які правялі, сумесна з’яднаныя ў малітве, на працягу гэтых трох дзён і прыйшлі да высновы, што сапраўды служэнне святара — вялікая адказнасць.  

Анастасія-Алена Блусянкова

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 31.08.2022 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа