Напярэдадні святкавання 265‑годдзя каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай, якое прыпадае на 2026 год, адкрываецца глыбіня гэтага тытулу і яго значэнне для Беларусі. У сучаснай свядомасці ён можа гучаць як паэтычны вобраз, але ў сваёй аснове мае папскае пацвярджэнне, багатую гісторыю цудаў, міжканфесійную пашану і жывую традыцыю, якая не перарывалася нават пасля страты арыгінальнага абраза.
У 1761 годзе Папа Клімэнт XIII зацвердзіў каранацыю абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі. Падчас гэтай урачыстасці Марыя атрымала афіцыйны тытул Regina Lithuaniae et Russiae — Каралева Літвы і Русі. У геаграфічным кантэксце XVIII стагоддзя гэтыя назвы ахоплівалі тэрыторыю сучаснай Беларусі: «Літва» — гэта Вялікае Княства Літоўскае, «Русь» — усходняя частка таго ж арэала. Таму тытул фактычна азначаў Каралеву Беларусі.
Гэта не легенда і не народная традыцыя — гэта папскае прызнанне Марыі Каралевай нашага краю.
Каралеўскі тытул Марыі мае глыбокія карані ў Святым Пісанні. У кнізе Апакаліпсіса святога Яна чытаем: «Вялікі знак з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе нагамі, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак» (Ап 12, 1).
Экзегеза гэтага фрагмента паказвае, што Марыя прадстаўлена не толькі як Маці, але як Валадарка, увянчаная нябеснай славай. У арыгінальным грэцкім тэксце ўжываецца слова στέφανος (stefanos) — «вянок перамогі», што падкрэслівае Яе трыумф над злом і ўдзел у Божым Валадарстве.
Другі Ватыканскі Сабор у канстытуцыі Lumen Gentium, 59 вучыць, што Беззаганная Дзева з целам і душою ўзята ў неба да нябеснай славы і ўзвышана Панам як Валадарка ўсяго, каб больш прыпадобніцца да свайго Сына, Валадара валадароў. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККЦ, 966) пацвярджае гэтую дагматычную праўду.
Святыя Айцы таксама тлумачылі каралеўскую годнасць Марыі. Святы Тамаш Аквінскі называў Яе Sedes Sapientiae — Сталіцай мудрасці і Каралевай нябёсаў, бо Яна насіла ў сваім улонні Уцелаўлёную Мудрасць. Святы Аўгустын падкрэсліваў, што каралеўская годнасць Марыі вынікае з Яе поўнага і пакорнага fiat («няхай Мне станецца») Божай волі.
Такім чынам, тытул Каралевы Беларусі мае не толькі гістарычнае, але і біблійнае, дагматычнае і патрыстычнае абгрунтаванне.
Найважнейшай крыніцай пра культ Бялыніцкага абраза з’яўляецца праца айца Вацлава Навакоўскага OFMCap на польскай мове «O cudownym obrazie Matki Bożej w kościele OO. karmelitów w Białyniczach wiadomość historyczna przez X. Wacława, kapucyna».
У ёй аўтар апісвае Бялынічы як «скарбніцу Божых ласкаў» і цэнтр духоўнага жыцця ўсходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага. Святыня паўстала дзякуючы фундацыі вялікага канцлера і гетмана ВКЛ Льва Сапегі ў 1622 годзе — як вотум удзячнасці Богу за перамогу над Масквой у 1618 годзе.
Айцец Навакоўскі падкрэслівае, што абраз Маці Божай Бялыніцкай адрозніваўся незвычайнай прыгажосцю і духоўнай глыбінёй. Паводле зафіксаванай ім традыцыі, у 1634 годзе ў кляштар кармэлітаў прыйшоў малады мастак, які падчас спявання законнікамі літаніі да Маці Божай за кароткі час стварыў абраз надзвычайнай прыгажосці, адмовіўся ад аплаты і знік. Гэта пераканала кармэлітаў у яго анёльскім паходжанні.
Капуцын Навакоўскі занатаваў, што позірк Дзевы Марыі «пранікаў у душу, уліваючы веру, надзею і любоў», а Бялынічы былі месцам, куды цэлы год ішлі пілігрымы з усіх куткоў.
Асобнае месца ў працы айца Навакоўскага займае гісторыя выпрабаванняў і цудаў. Падчас вайны 1655 года абраз быў вывезены ў Ляхавіцкую фартэцыю, дзе знаходзіўся сто гадоў і стаў сімвалам вызвалення і перамогі над ворагамі.
У 1755 годзе камісія Віленскага біскупа атрымала дзевяць афіцыйных сведчанняў цудаў, у тым ліку: цудоўнае напісанне абраза, цуд вызвалення Ляхавіц у 1660 годзе, аздараўленні, дапамога ў небяспечных абставінах. Гэта стала падставай для папскай каранацыі, якую 20 верасня 1761 года здзейсніў смаленскі біскуп Юрый Мікалай Хільзен.

Часопіс «Наша Вера» перадае, што Бялынічы называлі «беларускай Чэнстаховай», падкрэсліваючы, што гэтае вызначэнне грунтуецца на дакладных гістарычных звестках пра маштаб пілігрымак, міжканфесійную пашану і духоўны ўплыў Бялыніцкага абраза на вернікаў розных рэгіёнаў. Да абраза прыбывалі пілігрымы з Магілёва, Віцебска, Мінска, Полацка, Смаленска, Бранска, Літвы і Украіны. Перад абразом маліліся католікі, праваслаўныя, уніяты і людзі, якія прыходзілі незалежна ад канфесіі. Гэта сведчыла пра агульнанацыянальны характар культу.
Важным сведчаннем значнасці Бялыніч з’яўляецца дзейнасць духавенства, якое рыхтавала каранацыю абраза. Дыякан Ян Шумскі і дзекан бабруйскі ксёндз Юзаф Крыцкі 27 лістапада 1755 года прыехалі ў Бялынічы ў складзе спецыяльнай біскупскай камісіі, каб пад прысягай заслухаць сведкаў і даследаваць кнігу цудаў абраза. Менавіта іх праца стала асновай для афіцыйнага прызнання цудаў і падрыхтоўкі да каранацыі.
Урачыстую каранацыю абраза 20 верасня 1761 года здзейсніў смаленскі біскуп Юрый Мікалай Хільзен, які дзейнічаў па даручэнні Папы Клімэнта XIII. Гэтая падзея стала кульмінацыяй шматвяковай пашаны да Маці Божай Бялыніцкай і замацавала Яе тытул Каралевы Літвы і Русі.
У XIX стагоддзі, пасля касацыі кляштара кармэлітаў і перадачы святыні пад ведамства Праваслаўнай Царквы, ключавую ролю ў захаванні абраза адыграў ксёндз Люцыян Гадлеўскі, апошні бялыніцкі пробашч. Ён здзейсніў гераічны ўчынак: таемна вынес Найсвяцейшы Сакрамэнт і сам абраз, не дазволіўшы зняважыць святую выяву. Паводле паданняў, ён схаваў арыгінал «у надзейнае месца».

Гістарычныя крыніцы і праца айца Вацлава Навакоўскага OFMCap праліваюць святло на драматычныя падзеі XIX стагоддзя і гераічную постаць апошняга бялыніцкага пробашча, ксяндза Люцыяна Гадлеўскага. Пасля скасавання кляштара кармэлітаў царызмам у 1832 годзе і перадачы святыні дыяцэзіяльнаму духавенству, а затым у 1876 годзе гвалтоўнай перадачы касцёла пад ведамства праваслаўнага духавенства, ксёндз Гадлеўскі здзейсніў учынак надзвычайнай духоўнай адвагі.
Айцец Вацлаў Навакоўскі называе ксяндза Гадлеўскага «чалавекам святога жыцця і апантанай руплівасці», які нібыта самім Божым Провідам быў пасланы ў Бялынічы, каб суцешыць вернікаў у часы суровых выпрабаванняў. Бачачы нарастаючую пагрозу захопу святыні і прадчуваючы, што касцёл будзе забраны, ксёндз Гадлеўскі прыняў рашучыя крокі для выратавання рэліквій.
Паводле гістарычных сведчанняў і паданняў, зафіксаваных айцом Навакоўскім, ксёндз Гадлеўскі таемна замовіў дакладную копію абраза і не стаў устаўляць у галоўны алтар арыгінал, каб захаваць яго ад магчымага прафанацыі ці канфіскацыі. Калі пагроза зачынення касцёла стала непазбежнай, ён здолеў таемна вынесці з зачыненай святыні Найсвяцейшы Сакрамэнт і сам першапачатковы цудоўны абраз Маці Божай. Арыгінал быў надзейна схаваны пробашчам у таемным месцы, пра якое ведала толькі кола найбольш давераных асоб, а ў касцёле засталася копія.
Гэты гераічны ўчынак ксяндза Люцыяна Гадлеўскага дазволіў захаваць галоўную святыню Бялыніцкай зямлі ад знішчэння. Нягледзячы на тое, што сам ксёндз Гадлеўскі неўзабаве памёр, а пазнейшыя гістарычныя завірухі XX стагоддзя заблыталі сляды схаванага арыгінала, яго адвага і глыбокая вера пакінулі незгладжальны след у гісторыі Касцёла на Беларусі і ўратавалі марыйную спадчыну Бялынічаў для будучых пакаленняў.
Сёння ў Бялынічах ушаноўваецца копія абраза, намаляваная ў Кракаве на дошцы з дакладным захаваннем памераў абраза з касцёла ў Новай Мышы, дзе ўшаноўваецца абраз XVII стагоддзя. У парафіі захоўваюцца сведчанні пра атрыманыя ласкі і цуды.
У Кракаве, у касцёле чаравічкавых кармэлітаў, у бакавой капліцы захоўваецца абраз Маці Божай Бялыніцкай з тымі ж памерамі, што быў у Бялынічах. У архівах ёсць запіс, што ён быў створаны «для патрэбаў каранацыі ў Бялынічах». Узнікае пытанне: навошта для каранацыі ствараць копію, калі звычайна карануюць арыгінал? Гэта наводзіць на думку, што кракаўскі абраз можа быць тым самым арыгіналам, які ксёндз Гадлеўскі схаваў.

Служачы на Магілёўшчыне ўжо адзінаццаць гадоў, я меў магчымасць адкрыць для сябе гісторыю абраза Маці Божай Бялыніцкай і ўсвядоміць, якую духоўную вагу мела гэтая святыня для нашых земляў. Чым больш я знаёміўся з гістарычнымі крыніцамі, сведчаннямі цудаў, традыцыяй пілігрымак і руплівасцю тых, хто праз стагоддзі захоўваў пашану да Бялыніцкай Маці Божай, тым больш глыбока нараджалася ў маім сэрцы любоў да гэтага абраза.
Маці Божая Бялыніцкая — гэта не толькі частка гісторыі Магілёўшчыны. Гэта абраз, які стагоддзямі валадарыў у сэрцах людзей, натхняў, суцяшаў, абараняў і вёў да Хрыста. Яна сапраўды была і застаецца Каралевай Беларусі, бо Яе каралеўская годнасць пацверджана не толькі Папам Клімэнтам XIII, але і жывой верай народа, які праз пакаленні звяртаўся да Яе ў малітве.

Адкрываючы гісторыю абраза і ўсведамляючы глыбіню подзвігу ксяндза Люцыяна Гадлеўскага, я часта звяртаюся ў малітве да святой памяці гэтага святара, просячы яго заступніцтва. Я малюся аб тым, каб праз яго заступніцтва Бог адкрыў нам тое «надзейнае месца», дзе можа знаходзіцца арыгінал Бялыніцкага абраза, які ён так аддана абараняў. Гэтая малітва — просьба не толькі аб адкрыцці гістарычнай праўды, але і аб духоўным святле, аб аднаўленні памяці і аб захаванні нашай марыйнай спадчыны.
У беларускай марыйнай традыцыі існуюць два вялікія тытулы: Маці Божая Бялыніцкая — Каралева Беларусі, Маці Божая Будслаўская — Апякунка Беларусі.
Тытул Апякункі выражае мацярынскую блізкасць і пастаянную апеку.
Тытул Каралевы — гэта тытул Валадаркі, прызнанай Папам і народам.
Гэтыя тытулы адлюстроўваюць розныя аспекты прысутнасці Марыі ў жыцці народа.
Сёння культ Маці Божай Бялыніцкай адраджаецца з новай сілай. Духавенства Магілёўскага рэгіёна развівае марыйную пабожнасць, падтрымлівае пілігрымкі і аднаўляе традыцыйныя набажэнствы. Вернікі актыўна ўдзельнічаюць у жыцці парафіі, захоўваюць і перадаюць марыйную спадчыну.
Асаблівую ролю адыгрывае ксёндз Юзаф Сярпейка, пробашч бялыніцкай парафіі. Яго пастырская руплівасць, клопат пра супольнасць і ўвага да гісторыі святыні зрабілі Бялынічы духоўным цэнтрам рэгіёна.

Пытанне ўключэння тытулу Маці Божай Бялыніцкай — Каралевы Беларусі ў Літанію Ларэтанскую да Найсвяцейшай Панны Марыі было афіцыйна разгледжана на 95‑м пазачарговым пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі 29 жніўня 2025 года ў Мінску. Біскупы ўзгадалі гістарычныя, тэалагічныя і пастырскія матывацыі, падкрэсліўшы папскі тытул 1761 года, старажытны культ абраза і сучаснае адраджэнне марыйнай пабожнасці на Магілёўшчыне. Па выніках абмеркавання іерархі падтрымалі падрыхтоўку афіцыйнага абгрунтавання для перадачы ў Апостальскую Сталіцу.
Адказ Апостальскай Сталіцы быў пазітыўны, і сёння на завяршэнне Літаніі Ларэтанскай у касцёлах Беларусі гучыць малітва: «Каралева Беларусі, маліся за нас». Гэта стала важным знакам прызнання жывой марыйнай традыцыі і духоўнай еднасці нашага народа пад апекай Маці Божай Бялыніцкай.
Каранацыя абраза і прызнанне Марыі Каралевай Беларусі — гэта заклік да кожнага верніка даверыць свае сэрцы Яе мацярынскаму і каралеўскаму заступніцтву. Святкуючы 265 гадоў каранацыі, мы не толькі ўспамінаем гісторыю, але адкрываем для сябе Марыю, якая і сёння вядзе Беларусь шляхам веры, надзеі і любові.
У гэтым святле я сардэчна запрашаю ўсіх вернікаў і людзей добрай волі на пілігрымку 5-6 верасня і святкаванне Бялыніцкага фэсту 6 верасня ў 15.00, каб разам ушанаваць Маці Божую Бялыніцкую, падзякаваць Ёй за атрыманыя ласкі і папрасіць аб благаслаўленні для нашай краіны, нашых сем’яў і кожнага чалавека, які шукае Божай прысутнасці.
Няхай гэтае свята стане часам еднасці, малітвы і аднаўлення веры, а Бялынічы — месцам, дзе кожны адчуе цеплыню Маці і каралеўскую годнасць Той, якая вядзе Беларусь да Хрыста.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB







