Пошук

21.07.2026 12:30   grodnensis.by

З 17 па 19 ліпеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі рэкалекцыі для юнакоў на тэму распазнання паклікання.

У іх удзельнічалі міністранты з розных частак Гродзенскай дыяцэзіі і іншых месцаў. Рэкалекцыі давалі магчымасць разам памаліцца, падзяліцца досведам служэння пры алтары, пазнаёміцца з жыццём семінарыі, адпачыць.

Кіраўніком быў ксёндз Павел Скуба, які ўжо не першы раз арганізоўвае такія рэкалекцыі.

Гэтыя духоўныя практыкаванні праходзілі пад назвай «Давід — чалавек, сэрца якога шукала Бога».

На працягу трох дзён удзельнікі разважалі над постаццю старазапаветнага караля Давіда, яго якасцямі і духоўным шляхам.

Распачаліся рэкалекцыі супольнай малітвай, потым адбылася Імша, якую цэлебраваў рэктар семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі. У звароце да ўдзельнікаў ён звярнуў увагу на важнасць такіх сустрэч, назваўшы іх добрай магчымасцю паразважаць пра ўласны шлях і знайсці новых сяброў.

Пасля супольнага пасілку адбылася сустрэча з рэктарам, ксяндзом Паўлам і семінарыстамі. Удзельнікі рэкалекцый задавалі пытанні пра хобі святароў, вучобу ў семінарыі і шлях паклікання. Студэнты семінарыі распавялі пра свой досвед распазнання паклікання, святары падзяліліся гісторыямі ўласнага духоўнага шляху. Дзень завяршыўся супольнай адарацыяй са спевамі і малітвай.

У другі дзень рэкалекцый адбылася канферэнцыя, у межах якой ксёндз Павел засяродзіў увагу на жыцці Давіда, калі той быў пастухом, яго малітоўным досведзе і пакаянні. Як і ў першы дзень, юнакі ўдзельнічалі ў Імшы і малітвах.

Быў час для адпачынку ў братэрскай атмасферы ў кавярні.

Перад вячэрай адбылася ружанцовая малітва ў інтэнцыі распазнання жыццёвага шляху.

Вечар быў прысвечаны актыўнаму адпачынку: гульні ў тэніс, більярд, футбол, відэапрыстаўку і прагляд фільма давалі ўдзельнікам магчымасць пазнаёміцца бліжэй. Чарговы дзень рэкалекцый скончыўся малітвай.

Заканчэннем рэкалекцый сталі Імша ў гродзенскай катэдры і супольны абед, на якім юнакі маглі падзяліцца ўражаннямі. На памяць аб удзеле ў рэкалекцыях яны атрымалі ад семінарыі невялікія падарункі.

Абноўлена 21.07.2026 12:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця