Пошук

18.07.2026 07:17   Тэкст і фота: Марыя Ахрамовіч / Catholic.by

16 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль (Шкаплернай).

Галоўную святую Імшу ўзначаліў кусташ санктуарыя айцец Аркадзь Куляха OCD, а гамілію прамовіў ксёндз Іван Кароткін, пробашч парафіі святога Арханёла Міхала ў Лужках (Віцебская дыяцэзія, Мёрскі дэканат).

У сваім слове святар засяродзіўся на марыйнай духоўнасці, падкрэсліўшы:

«Чым бліжэй чалавек да Марыі, тым бліжэй ён да Хрыста».

Таксама прапаведнік звярнуў увагу на сутнасць малітвы праслаўлення, падчас якой чалавек пераносіць увагу з самога сябе, сваіх патрэбаў і праблем на Бога, пачынае бачыць Яго веліч, дабрыню і любоў і таму велічае Яго так, як Марыя.

У літургіі ўдзельнічалі мясцовыя кармэліты босыя, адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак з маладымі валанцёрамі з Мінска, а таксама кансэкраваныя асобы і пілігрымы з іншых парафій.

Пасля святой Імшы адбылося набажэнства, падчас якога прысутныя даверылі сябе Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Шкаплера.

Затым парафіяне, моладзь і госці павіншавалі свайго пробашча, айца Аркадзя Куляху, з 60-годдзем з дня нараджэння. Вернікі выказалі падзяку за душпастырскае служэнне і пажадалі яму моцнага здароўя і Божага благаслаўлення.

Фэст у гонар Маці Божай Гудагайскай пройдзе 18 і 19 ліпеня. Айцы кармэліты запрашаюць усіх парафіян і гасцей прыняць у ім удзел.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.