3 ліпеня, у першы дзень святкавання Будслаўскага фэсту, пляц перад касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе запоўніўся пілігрымамі, якія прыбылі ў беларускі Нацыянальны марыйны санктуарый пешшу, на роварах, монаколах, а таксама цягніком і аўтобусам. Усе яны чакалі распачацця святой Імшы, падчас якой праз заступніцтва Будслаўскай Багародзіцы даверылі Богу свае інтэнцыі.
Узначаліў урачыстую вячэрнюю Эўхарыстыю з удзелам пілігрымаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з ім маліліся арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары, манаскія асобы і шматлікія вернікі, пілігрымы, у большасці — маладыя людзі. У гэты ж час некалькі дзясяткаў святароў служылі вернікам у сакрамэнце пакаяння. Упрыгожыў Імшу літургічнымі спевамі хор Салезіянскай моладзевай евангелізацыйнай пілігрымкі.
Кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз канонік Аляксей Раманчук шчыра прывітаў прысутных і паасобна падзякаваў біскупам, святарам, законным сёстрам і братам, а таксама пілігрымам за прыкладзены высілак для таго, каб прыбыць у Будслаў і супольна маліцца праз заступніцтва Маці Божай. Святар запэўніў: «Ведайце цвёрда — Маці Божая Будслаўская чакала менавіта вас. (…)
Тут, пад Яе ласкавым, поўным любові і разумення позіркам, няма чужых. Тут няма мінакоў. Тут усе свае, усе родныя, кожны пачуты, суцешаны і прыняты. (…) Калі ласка, адчувайце сябе дома — вас тут любяць!»
У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі адзначыў, што месца, у якім сабраліся тыя, хто прыбыў на Будслаўскі фэст, — не проста прыгожае месца ці традыцыйны цэнтр пілігрымак, але яны прысутнічаюць «у самым сэрцы нашай веры, у тым духоўным доме, дзе Беларусь ужо стагоддзямі сустракаецца з Марыяй, сваёй Апякункай і Маці». Нагадваючы пра святкаванне ў бягучым годзе 35-годдзя аднаўлення касцёльных структур на Беларусі, іерарх узгадаў продкаў, якія перад абразом Маці Божай «плакалі і радаваліся», тут «шукалі суцяшэння, тут аднаўлялі надзею, тут вучыліся даверу Богу». Гэта, паводле яго, «ясны знак Божай вернасці, сведчанне таго, што пасля цяжкіх дзесяцігоддзяў маўчання і пераследу Касцёл у нашай краіне зноў дыхае, моліцца і жыве».
Далей біскуп узгадаў дэвіз сёлетняга Будслаўскага фэсту: «Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць». Прамоўца акрэсліў гэтыя словы як дарогу, па якой маюць ісці вызнаўцы Хрыста, а асабліва каталіцкая моладзь Беларусі. У іх адрас у першую чаргу іерарх скіраваў свой заклік, бо, паводле яго, менавіта ім «Бог давярае будучыню сваёй супольнасці», а яны, рэалізуючы гэты заклік, павінны зрабіць сваё духоўнае жыццё моцным, «як дом, пабудаваны на скале, пра які кажа Евангелле» (пар. Мц 7, 24-25).
Пастыр растлумачыў слухачам кожную з трох частак дэвізу.
«Першы крок нашага жыццёвага компаса заклікае нас аддаваць Богу хвалу», — сцвердзіў біскуп Аляксандр. Ён прывёў вучэнне Касцёла, выражанае ў пункце 293-м Катэхізіса Каталіцкага Касцёла: свет быў створаны дзеля славы Божай, і чалавек пакліканы ўвасобіць гэтую славу ў сваім жыцці. Для сучасных маладых людзей гэта азначае «рабіць кожную дробязь свайго жыцця на вышэйшым узроўні, з любові да Творцы, як заклікае апостал Павел, кажучы, каб усё, што мы робім, мы рабілі на славу Божую» (1 Кар 10, 31). Гэта азначае, напрыклад, праявіць інтэлектуальную сумленнасць пры напісанні курсавой працы, не «купляючы» гатовую працу і не выкарыстоўваючы пры напісанні штучны інтэлект, ці таксама ў сацыяльных сетках «замест удзелу ў таксічных дыскусіях або пагоні за танным хайпам» публікаваць тое, «што натхняе іншых, падтрымлівае чалавечую годнасць і нясе праўду».
«Богу хвала — гэта ваша адвага зрабіць знак крыжа, праходзячы міма храма, або шчыра прызнацца перад калегамі па працы ці вучобе, што вы ходзіце ў нядзелю ў Касцёл, нават калі ў адказ прыйдзецца сустрэць незразумелыя позіркі»,
— растлумачыў біскуп.
«Другі кірунак нашага шляху — гэта давер па прыкладзе Найсвяцейшай Панны Марыі», — прадоўжыў біскуп і звярнуўся да адказу Марыі на словы арханёла Габрыэля fiat — «Вось я, слуга Пана; няхай мне станецца паводле слова твайго» (Лк 1, 38). Гэтыя словы, паводле пераканання прамоўцы, «не былі праявай слабасці, гэта быў акт найвышэйшай адвагі і поўнага даверу Богу ў сітуацыі абсалютнай чалавечай невядомасці», таму таксама Катэхізіс кажа, што менавіта праз веру Марыя стала найбольш дасканалым узорам гэтага даверу (ККК 506). У той час, калі свет патрабуе ад маладых людзей беспамылковасці ў разліках і татальнага кантролю за ўсімі справамі, які часта прыводзіць да роспачы, Марыя паказвае прыклад даверу, які загадвае «адпусціць гэты сутаргавы кантроль і дазволіць Богу быць Богам». Іерарх прывёў сітуацыю разрыву адносін паміж хлопцам і дзяўчынай, якія замест таго, каб закрыцца ў сабе, павінны «стаць на калені перад Будслаўскім абразом» і прызнаць, што Бог мае для кожнага з іх лепшы план. Тады Марыя з разбітых кавалкаў чалавечага жыцця «дапамагае Хрысту пераплавіць іх у нешта велічнае і прыгожае».
«Трэці і фундаментальны заклік нашага фэсту — гэта вернасць Касцёлу», — сказаў біскуп. Ён зазначыў, што слова «касцёл» найперш асацыюецца ў людзей з прыгожымі архітэктурнымі будынкамі з высокімі вежамі, аднак Хрыстус у размове з апосталам Пятром падае іншае значэнне гэтага слова, якое адпавядае грэчаскаму тэрміну ecclesia — сход пакліканых людзей. Менавіта ў такім значэнні Касцёл «з’яўляецца знакам і прыладай глыбокага яднання з Богам і адзінства ўсяго чалавечага роду» (LG 1). Ён быў пабудаваны, па словах іерарха, «на веры і крыві жывых людзей, якія захавалі гэты знак у часы жорсткага пераследу». Ён узгадаў такіх «волатаў веры», як кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Кашкевіч і іншых святароў і вернікаў, якія, згодна з трапным выказваннем святога Аўгустына, «як рэзаныя камяні для будовы святыні» «ачэсваюцца праз выпрабаванні», «злучаюцца вапнай Духа Святога» і «становіцца трывалым Храмам».
Катэхізіс кажа, што кожны ахрышчаны пакліканы ўдзельнічаць у місіі Хрыста і нясе за яе адказнасць (ККК 871). Усе вернікі пакліканы знаходзіцца ў камандзе Хрыста.
«Калі мы спрабуем быць хрысціянамі паасобку, кажучы, што Бог у нас у душы і нам не патрэбны Касцёл, мы становімся падобнымі да адзінокага каменя на дарозе, які лёгка адкінуць нагой»,
— папярэдзіў пастыр.
Далей ён засяродзіў увагу слухачоў на праблеме адказу чалавека на пакліканне. Біскуп нагадаў, што заклік Хрыста гучыць няспынна, «галоўнае пытанне толькі ў тым, ці здольныя мы прарвацца праз аглушальны шум сучаснага свету, каб пачуць гэты голас». Прамоўца даў акрэсленне паняццю «пакліканне» — «гэта глыбокае, часам трывожнае і хвалюючае, але вельмі яснае і непераадольнае жаданне прысвяціць кожнае імгненне свайго жыцця нечаму бязмерна большаму, чым проста эгаістычны і пусты ўласны камфорт».
І тут ён падвёў слухачоў да фундаментальнай праблемы сённяшняга Касцёла, якая часта акрэсліваецца тэрмінам «крызіс пакліканняў». Іерарх назваў галоўнай прычынай гэтай з’явы ўплыў сучаснай культуры, якая заклікае маладога чалавека: «Жыві выключна для сябе, бяры ад жыцця ўсё, пабудуй кар’еру, зарабі мільёны і будзь абсалютна незалежным». У такіх умовах «радыкальны заклік Хрыста “Ідзі за Мною” выглядае як сапраўднае шаленства, як вар’яцкая рызыка і крок у невядомасць». Але калі малады чалавек свядома выбірае, напрыклад, шлях ратавальніка ці ваеннага хірурга, ён выдатна ведае, што яго чакаюць выпрабаванні: бяссонныя ночы, каласальная адказнасць, стрэс і пастаянная небяспека. Тым не менш, каштоўнасць уратаванага чалавечага жыцця вышэйшая за асабістую выгаду і спакой. Святарства, паводле біскупа Яшэўскага, — гэта «найвышэйшае духоўнае ратавальніцтва», у якім Хрыстус не забірае ў чалавека маладосць, прыгажосць і радасць, а наадварот, напаўняе яго сваёй моцай. Таму пастыр заклікаў маладых людзей: «Ніколі не бойцеся гэтага велічнага выкліку» і, звяртаючыся асабіста да кожнага з іх, прамовіў: «Хрыстус прапануе табе (…) стаць Ягонымі жывымі рукамі, Ягоным гарачым голасам і Ягоным міласэрным сэрцам на нашай роднай беларускай зямлі, якае так прагне і ўсцяж чакае духоўнага адраджэння.
Каталіцкі Касцёл у Беларусі востра мае патрэбу ў тваёй адвазе, ён чакае новых і ахвярных працаўнікоў на Божым жніве, бо менавіта ад твайго сённяшняга рашэння напрамую залежыць, ці будзе каму заўтра ўдзяляць хрост дзецям, адпускаць цяжкія грахі ў канфесіяналах і цэлебраваць Эўхарыстыю ў нашых святынях».
Прамоўца запэўніў, што Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне і манаскія супольнасці «з адкрытым сэрцам, надзеяй і малітвай» чакаюць кожнага ахвотнага: «Адкінь усе сумневы, пераступі гэты парог і дазволь Творцу зрабіць тваё адзінае жыццё сапраўдным, несмяротным шэдэўрам веры, любові і перамогі».
Напрыканцы гаміліі біскуп Аляксандр пакінуў моладзі тры прынцыпа, якія, паводле яго меркавання, павінны для іх стаць «пуцяводным компасам на кожны дзень»:
- «у праслаўленні Бога імкніцеся да таго, каб вашае штодзённае жыццё, якасць вашай працы, сумленнасць у вучобе і адносінах з блізкімі сталі найлепшай хвалой для Творцы»,
- «у даверы да Марыі навучыцеся аддаваць у Яе мацярынскія рукі ўсе свае страхі перад будучыняй, крызісы і нявызначанасць, цвёрда верачы, што Яна заўсёды вядзе нас да святла Хрыстовага ўваскрасення»,
- «у вернасці Касцёлу будзьце тымі жывымі камянямі, якія не проста назіраюць збоку, але актыўна будуюць свае парафіяльныя супольнасці, прыходзячы туды як сапраўдныя гаспадары, гатовыя да ахвярнага служэння і адважнага адказу на Божы заклік».
«Будзьце годнымі гэтай вялікай спадчыны волатаў духу, — у кантэксце 35-годдзя адраджэння структур Касцёла ў Беларусі заклікаў моладзь біскуп. — Няхай жа вашае жыццё, напоўненае гарачым Божым словам і адважнымі ўчынкамі, стане тым святлом, якое здольна змяніць, аднавіць і асвяціць твар нашай любай Бацькаўшчыны». Пастыр яшчэ раз паўтарыў: «Не бойцеся!» і ў малітве аддаў маладых людзей пад апеку Маці Божай Будслаўскай.
Пасля Імшы адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак аб’явіў колькасць пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў у арганізаваных пешых або роварных пілігрымках. Вынікам усіх падлікаў стала лічба 2680 прыбылых у Нацыянальны санктуарый на Будслаўскі фэст.
















































Больш фота ў хуткім часе ў сацыяльных сетках catholic.by.











