Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі на пенсіі Казіміра Велікасельца.
Ваша Эксцэленцыя
Біскуп Антоні Дзям'янка
Дыяцэзіяльны біскуп Пінскай дыяцэзіі
Духавенства і вернікі Палескага краю
Родныя і блізкія
спачылага святой памяці
біскупа Казіміра Велікасельца ОР
Мае дарагія,
з вялікім смуткам мы прынялі паведамленне курыі Пінскай дыяцэзіі аб тым, што сёння, 8 лютага, у 5 Звычайную нядзелю, на 81-м годзе зямнога жыцця адышоў у вечнасць біскуп Казімір Велікаселец ОР, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі на пенсіі.
З 24 чэрвеня 1999 года па 10 кастрычніка 2024 года — дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі.
З 3 студзеня 2021 года па 23 кастрычніка 2021 года — Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ad nutum Sanctae Sedis.
У Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі — Старшыня Рады па справах міграцыі, рэлігійнага турызму і пілігрымак, а таксама член іншых камісій і радаў пры канферэнцыі.
У святарскай паслузе 41 год, у біскупскім служэнні 26 гадоў, зямнога жыцця 80 гадоў. Хрысціянін ад 5 мая 1945 года з дэвізам на ўсё жыццё: «Будзь воля Твая» (Fiat voluntas Tua).
Браты і сёстры. Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, духавенства і вернікаў нашай краіны, выказваю словы спачування ўсім, каго гэта смерць закранула.
Каталіцкі Касцёл на Беларусі і іншыя людзі добрай волі многім удзячныя святой памяці біскупу Казіміру.
Яго натхнёныя гаміліі, дабрыня сэрца, духоўная раўнавага, а перадусім малітоўная засяроджанасць былі для многіх з нас прыкладам сціплага і адданага пастыра Касцёла. У нашай памяці надоўга застануцца яго жывыя прыклады, узятыя з жыцця нашых вернікаў, якія ў цяжкія часы дапамаглі захаваць веру.
Моладзь і дзеці будуць памятаць, з якім запалам і сентыментам ён прыгадваў у сваіх прамовах вялікіх класікаў «рускага пяра», цытуючы іх роздумы аб веры і прысутнасці Бога ў нашым жыцці. Дзякуем, што па іх прыкладу біскуп Казімір пакінуў нам друкаваныя разважанні аб веры як для католікаў, так і для людзей, якія шукаюць веру: «Все думают одно и то же — Бог существует». Дзякуем таксама за касцёлы і капліцы, узведзеныя для карысці вернікаў, і распачатую будову касцёла ў горадзе Гомелі.
Сёння, калі ўвесь народ Божы ў 5 Звычайную нядзелю разважае над літургіяй Божага слова, хочацца прыгадаць некаторыя словы, якія, як я мяркую, маюць аднясенне да асобы спачылага Пастыра: «Калі я прыйшоў да вас, браты, я не прыйшоў абвяшчаць вам сведчанне Божае ўзнёслым словам ці мудрасцю. Бо я вырашыў не ведаць нічога між вас, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага. І я стаў перад вамі ў слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні. А слова маё і прапаведаванне маё не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў выяўленні духа і сілы, каб вера вашая абапіралася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай» (1 Кар 2, 1–5).
«Я — святло свету, — кажа Пан, — хто пойдзе за Мною, будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12).
«Вы — святло свету. <…> Вы — соль зямлі. <…> Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (пар. Мц 5,13-16).
Молімся, мае дарагія, каб усё зямное жыццё і пастырская паслуга спачылага біскупа Казіміра Велікасельца, якія былі «праслаўленнем Айца нашага, які ў нябёсах», паспрыялі яго сустрэчы з Творцам у Валадарстве Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…
З малітвай за спачылага
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі







