
Курыя Пінскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што ў нядзелю 8 лютага на 81-м годзе зямнога жыцця, 42-м годзе святарства, 27-м годзе біскупскага служэння адышоў у вечнасць біскуп Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі на пенсіі.
Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 года у вёсцы Стараволя Пружанскага раёна. У дзяцінстве бацька вазіў яго на ровары ў Кобрын (больш за 50 км), таму што найбліжэйшы касцёл у Шарашове быў зачынены. У такіх умовах развівалася яго вера, якая, нягледзячы на атэістычнае процістаянне, дапамагала выстаяць падчас службы ў войску і падчас цяжкай працы на будоўлі ў Вільні. У Вільні ён пазнаёміўся з айцамі дамініканамі, з якімі пазней звязаў свой святарскі лёс.
Тры гады ўлады не давалі дазволу на паступленне ў Рыжскую семінарыю, але будучы біскуп разам з цяперашнім біскупам Антоніем Дзям’янкам нелегальна вучыўся ў доктара тэалогіі ксяндза Вацлава Пянткоўскага ў парафіі Мядзведзічы (цяпер Ляхавіцкі дэканат, Пінская дыяцэзія). У 1981 годзе Казімір Велікаселец быў прыняты ў Рыжскую духоўную семінарыю. Падчас вучобы ў семінарыі склаў першыя законныя шлюбы ў манаскі ордэн айцоў дамініканаў. Пасля заканчэння Рыжскай семінарыі (1984 год) ва ўрачыстасць Святой Тройцы атрымаў сакрамэнт святарскага пасвячэння з рук кардынала Юліяна Вайвадса і прызначэнне ў сваю першую парафію Святой Тройцы ў Ішкалдзі. Святар, апрача Ішкалдзі, абслугоўваў яшчэ 10 касцёлаў. Акрамя душпастырскага служэння айцец Казімір займаўся адбудоваю і рамонтам святыняў.
У 1992 годзе ён быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі і адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканата і пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.
24 чэрвеня 1999 года ў пінскай катэдры адбылося біскупскае пасвячэнне Казіміра Велікасельца, якое здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк.
Іерарх пасяліўся ў Гомелі і ў 2013 годзе зарэгістраваў новую парафію пад гістарычнай назвай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. 15 жніўня 2018 года ён асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва новага касцёла, а 16 лістапада таго ж года — часовую капліцу. Дзякуючы яго намаганням будаўніцтва касцёльнага комплекса працягвалася ўвесь час.
Пасля дасягнення 75-гадовага ўзросту ў маі 2020 года паўнамоцтвы біскупа Казіміра Велікасельца былі працягнуты на наступныя два гады.
3 студзеня 2021 года Папа Францішак прызначыў біскупа Казіміра Велікасельца Апостальскім адміністратарм Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ad nutum Sanctae Sedis. Знаходзіўся ён на гэтай пасадзе да 23 кастрычніка 2021 года. Затым іерарх далей выконваў паўнамоцтвы дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі да 10 кастрычніка 2024 года.
8 лютага 2026 г. у Гомельскім гарадскім кардыялагічным цэнтры біскуп Казімір Велікаселец адышоў у вечнасць. Ён быў найстарэйшым паводле ўзросту беларускім каталіцкім іерархам.
Інфармацыя пра пахаванне будзе пададзена пазней.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…







