Пошук

31.01.2026 22:24   Catholic.by
Выява ілюстрацыйная

Пастырскае слова
арцыбіскупа Іосіфа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на свята Ахвяравання Пана — Сусветны дзень кансэкраванага жыцця

«Вось гэты (Хрыстус) прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх …»
(пар. Лк 2, 34)

Тэкст для друку ТУТ>>>

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

2 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. Сёння мы зноў перажываем тое, што адбылося калісьці ў Ерузалемскай святыні, — Марыя разам з Юзафам ахвяравала Дзіцятка Езуса Богу Айцу, а Сімяон абвясціў, што нованароджаны Сын Божы ёсць Святлом свету і збаўленнем народаў.

Сённяшняе свята можна назваць святам згоды з Божым планам. Марыя і Юзаф — цудоўны прыклад людзей, якія заўсёды ўслухоўваліся ў голас Бога і выконвалі Яго волю на працягу ўсяго свайго жыцця. Маці Езуса, безумоўна, была ўзрушана прароцтвам Сімяона, што ўсё складзецца інакш, чым чакалася. Нягледзячы на «плату», прадугледжаную Законам, Дзіця ніколі не будзе вернута Ёй, ніколі не будзе Яе ўласнасцю і не забяспечыць Ёй спакойную старасць. Для Марыі ў гэты дзень становіцца відавочным, што з самага пачатку Езус будзе знакам супраціву. Але Марыя не адступае, не ўцякае з плачам ад меча, які праніжа Яе сэрца, не зберагае Дзіця для сябе. Марыя прымае цяжкі шлях, які чакае Яе і Сына. Яна згаджаецца на такі Божы план. Гэтае ахвяраванне было згодай на ўсё, што запланаваў Бог, і Марыя была верная гэтай згодзе праз усё сваё жыццё. Таму мы адзначаем свята, у якім Марыя дала нам выдатны прыклад таго, як вярнуць Богу тое, што сапраўды Яму належыць, і прыняць тое, што лепшае, нават калі гэта з чалавечага пункту гледжання выглядае інакш.

Марыя аддае свайго Сына і абяцае, што будзе побач з Ім. І Яна вытрывала ўсе цярпенні, знявагі, крыжовы шлях Езуса, не пакінула Сына падчас канання, была з Ім да канца. Марыя зразумела, што збаўляе не цярпенне і нават не смерць, а бязмежная любоў, якая не вагаецца прыняць цярпенні і нават памерці. Жыццё вечнае нараджаецца з жыцця зямнога, ахвяраванага, пакладзенага на алтар з любові, — з жыцця, вернага Богу.

Свята Ахвяравання вучыць нас, каб мы прымалі Божыя планы — якімі б яны ні былі — як штосьці асаблівае, вельмі важнае для кожнага з нас.

Прыкладам вернасці Пану Богу з’яўляюцца таксама старац Сімяон і прарочыца Ганна, якія чакалі на Езуса-Месію доўгія гады, жывучы праведна і годна. Сёння нам не трэба доўга чакаць, каб сустрэцца з Езусам. Наадварот, у кожнай святыні гэта Ён нас цярпліва і з любоўю чакае, пакуль мы прыйдзем да Яго. Езус чакае нас у табэрнакулюме, у сакрамэнтах, асабліва ў сакрамэнце пакаяння, чакае ў хворых і церпячых, — усюды, дзе мы толькі ўспомнім пра Яго і паклічам.

Свята Ахвяравання Пана называюць таксама святам Маці Божай Грамнічнай. Сёння благаслаўляюцца свечкі, якія называюць грамнічнымі і якія лічацца абаронай ад усялякай небяспекі. Але на самой справе сённяшні абрад благаслаўлення свечак, і асабліва момант іх запальвання, — гэта падзяка, скіраваная да Хрыста, які сказаў: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12). Святло — гэта таксама выраз ззяння жывой веры, якім мы павінны палаць, ідучы на сустрэчу ў вечнасць з самым дасканалым Святлом-Хрыстом. Ніхто іншы не можа прабіць цемру грахоў, толькі Святло, якім ёсць Езус. Гэтае Святло прапануе нам сёння Марыя, якая першая несла Яго, аберагала і жыла ў Яго ззянні ў Назарэце.

Святло ўзнікае ўсюды, дзе з'яўляецца Хрыстус. Адсюль паходзіць традыцыя запальвання свечак падчас святой Імшы, таму перад табэрнакулюмам гарыць вечная лампадка і пры запаленых свечках абвяшчаецца Евангелле. Свечка павінна быць у кожным хрысціянскім доме як абарона ў хвіліны, калі жыццё верніка знаходзіцца ў небяспецы. Кожны раз, калі вернік бярэ ў рукі запаленую свечку, ён вяртаецца да моманту свайго хросту, калі святар упершыню ўручыў бацькам ці яму самому запаленую свечку — як сімвал веры. З гэтым святлом і верай мы павінны крочыць па жыцці. Мы павінны сачыць за тым, каб гэтая вера сапраўды не згасла, не знікла. Мы павінны старацца годна дайсці аж да таго моманту, калі хтосьці з нашых блізкіх запаліць грамнічную свечку ў апошні раз і ўкладзе яе ў нашыя рукі перад адыходам у вечнасць.

Мае дарагія. Шматлікія прыклады жыцця святых сведчаць, што існуе толькі адзін спосаб бяспечна пранесці гэтае святло веры — самому паволі ператварыцца ў святло. Гэта не значыць трымаць толькі светач у сваёй руцэ, — не, мы павінны самі быць святлом. «Вы — святло свету», (Мц 5, 14) — так сказаў Езус. Гэта значыць, што кожны з нас — святло свету. Усё маё жыццё павінна ператварыцца ў святло, каб, калі хтосьці паглядзіць на мяне, ведаў, што я — чалавек святла.

Гэта заданне, даручанае хрысціяніну на зямлі: ператварыцца ў святло, ахапіць верай усе сферы жыцця і кожны перыяд чалавечага існавання. Сэнс у тым, каб кожны ўчынак, кожны момант нашага жыцця былі сведчаннем веры.

Сёння мы дзякуем за вялікі скарб веры. Людзі часта не ўсведамляюць, наколькі каштоўная ласка веры. Шлях да веры часам бывае вельмі доўгі. Чалавек, які верыць, вельмі багаты. Гэтая вера можа быць вельмі рознай: ад маленькага тлеючага кнота да магутнага вогнішча. Чалавек веры можа быць падобны да маленькай лямпы, а можа быць падобны да домны. Але нават калі вера падобная да тлеючага агеньчыка, то і тады мы маем справу з вялікім дарам, вялікай ласкай. Бо калі гэты агеньчык пастаянна раздзімаць, ён можа ператварыцца ў вялікі агонь. Просім Бога, каб ніхто з нас не страціў веры, каб мы рабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб дасканаліць яе, бо гэта найважнейшае заданне нашага жыцця. Толькі праз веру мы можам выканаць волю Айца, якую Ён даручыў нам тут, на зямлі. Ад веры залежыць нашае збаўленне і збаўленне іншых. У кожнага з нас ёсць мары — і гэта добра, але няхай яны ніколі не засланяюць Божыя планы. Няхай ахвяраванне, здзейсненае Марыяй, навучыць нас поўнаму даверу да Бога і да Яго планаў.

У 1997 годзе папа Ян Павел II менавіта ў свята Ахвяравання Пана устанавіў Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, заклікаючы ўвесь Касцёл глыбей паразважаць над дарам жыцця, прысвечанага Богу. Найсвяцейшая Маці ахвяруе Пану Богу найвялікшы дар, які Яна атрымала, — свайго Сына, Езуса Хрыста, — і тым самым ахвяруе сябе. Кансэкраваныя асобы складаюць падобную ахвяру з любові да Хрыста. Святы Ян Павел II падкрэсліў гэта, кажучы:

«Ахвяраванне Езуса становіцца яскравым сімвалам цалкавітага ахвяравання свайго жыцця для тых, хто пакліканы, каб аднаўляць у Касцёле і ў свеце праз евангельскія парады «характэрныя цноты Езуса: чыстасць, убогасць і паслухмянасць»

(Vita consecrata, 1).

Браты і сёстры. Сённяшняе свята прысвечана таксама малітве за тых, хто прысвяціў усё сваё жыццё Богу і бліжнім, служачы ў манаскіх ордэнах і супольнасцях. Магчыма, малітвы і ахвяры мноства святых, якія належалі да той ці іншай манаскай супольнасці, і цяпер ратуюць гэты свет ад знішчэння. Можна ўзгадаць хоць бы святую Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса і яе трох сясцёр, якія ахвяравалі сваё жыццё Богу і выбралі манаскае служэнне. Святы Ян Павел ІІ у адгартацыі Vita consecrata, прысвечанай кансэкраванаму жыццю, падкрэслівае: невядома што сталася б са светам, калі б не было манаскіх асобаў, іх ахвярнага служэння і іх нястомнай малітвы.

«Трэцяе тысячагоддзе чакае ўкладу веры і ініцыятывы мноства маладых кансэкраваных асобаў, каб свет стаў больш радасным месцам, здольным прыняць Бога і ў Ім усіх Яго сыноў і дачок»

(Vita consecrata, 106).

Сёння Касцёл дзякуе Богу за дар кансэкраванага жыцця, за ўсіх тых, хто прысвяціў сябе Богу. Яны — скарб Касцёла і з'яўляюцца асаблівай крыніцай Хрыстовага святла ў свеце. Атулім, мае дарагія, малітвамі нашых дарагіх кансэкраваных асобаў, а таксама, па магчымасці, прымем удзел у пілігрымцы да трону Маці Божай Будслаўскай — Духоўнага цэнтра Каталіцкага Касцёла на Беларусі, дзе 7 лютага пройдзе агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця пад дэвізам «Пакліканне  дар і заданне».

Мае дарагія. Памолімся, каб Пан Бог адарыў кансэкраваных асобаў адвагай супрацьстаяць выклікам нашага часу і ласкай нястомна паказваць людзям дабрыню і міласэрнасць нашага Збаўцы Езуса Хрыста, а таксама каб Усемагутны напоўніў іх радасцю і суцяшэннем.

Перажываючы ў нашай краіне «Год беларускай жанчыны», памолімся за ўсе жанчыны Беларусі, каб яны па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі Грамнічнай моцна трывалі ў веры і былі яскравым прыкладам згоды з Божым планам у сваім жыцці.

На далейшае крочанне за Езусам, Святлом і Месіяй, шчырым сэрцам благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Іосіф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Абноўлена 01.02.2026 01:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця