Пошук

16.03.2026 15:28   Catholic.by

З нагоды надыходзячай урачыстасці святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе да духавенства і вернікаў сваё слова.

Пастырскае слова
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага,
на ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі

О, святы Юзэфе, Апякун Хрыстовы,
Чалавек сумленны, праўдзівы, святы!
Ты прыняў Марыю, Божае Слова,
Зберажы і нас ад цемры і бяды!

                                                                                        (з песні аб святым Юзафе)

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

19 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.

Для нас, хрысціянаў, першаю і найважнейшаю Асобаю, якую мы ўшаноўваем і праслаўляем, безумоўна, з’яўляецца Езус Хрыстус. Ён аб’яўляе нам Святую Тройцу — Бога, які нас стварыў, які нас збавіў і які нас асвяціў. Праз таямніцу ўцелаўлення Бог падараваў нам сябе. З гэтай таямніцай непарыўна звязаныя Найсвяцейшая Панна Марыя і святы Юзаф, які прысвяціў сябе выхаванню Пана Езуса і апецы Святой Сям’і. Марыя і Юзаф з’яўляюцца для нас прыкладам глыбокага даверу Богу і Яго Провіду.

Імя Юзаф азначае «Бог памнажае, дадае». Святога Юзафа ўсе лічылі праведнікам, ён годны гаспадар у доме свайго Пана, яму даручана заданне даць немаўляці Езусу боскае Імя, абвешчанае анёлам. Юзаф — гэта той, у кім злучаны дзве рэальнасці — зямная і нябесная. Яму выпаў гонар трымаць на руках Божае Дзіця, абараняць Езуса і Яго Маці, клапаціцца пра іх. Ён вучыў Езуса малітве і сваёй прафесіі. Хоць у яго былі сумненні, але ён цалкам даверыўся Богу і Яго словам. Ён — святы, які застаецца як бы нябачным, у цені Езуса і Марыі. Здавалася б, паколькі ён нябачны, то ад яго нічога і не залежыць. Але гэта зусім не так.

Бог з самага пачатку ведаў, што Юзаф, чалавек справядлівы і верны, выканае даручаную яму вельмі важную ролю ахоўніка Адкупіцеля, слугі збаўлення, галавы Найсвяцейшай Сям'і.

Умілаваныя! Святы Юзаф быў адзіным у Святой Сям'і, хто зведваў наступствы першароднага граху і каму давялося весці асабістую барацьбу са спакусамі. Мы можам уявіць, наколькі вялікімі былі яго заслугі. Перамогі святога Юзафа над спакусамі асабліва раздражнялі сатану. Найсвяцейшая Дзева Марыя была беззаганнай, а Збавіцель ніколі не меў граху, аднак святы Юзаф з'яўляецца доказам таго, што наша вольная воля з дапамогай Божай ласкі здольная пераадолець любую спакусу. І гэта было самае прыніжальнае паражэнне для спакусніка. Таму, паколькі сатана панічна баіцца святога Юзафа, бо заўсёды прайграваў яму, трэба не забывацца прасіць дапамогі ў гэтага святога, каб дапамог пераадолець усе спакусы, бо ён, як молімся ў Літаніі, з’яўляецца «пострахам злых духаў».

Паводле Евангелля, Юзаф зрабіў так, як загадаў яму анёл. Ён вырашыў прыняць Марыю і Езуса ў сваё жыццё. Гэта было нялёгка для яго, хоць ён і быў абраны Богам. Нягледзячы на цяжкасці, Юзаф заўсёды дзейнічаў паводле Божага плана. Яго рашэнне прыняць Езуса стала пачаткам шляху, на якім гэты праведнік заставаўся верным да канца, не дыскутуючы з Богам, але цалкавіта давяраючы Яму. І гэта найважнейшы ўрок, які ён нам пакінуў. Кожны з нас часам сутыкаецца з няпростым выбарам. Нярэдка страх падштурхоўвае нас уцякаць ад цяжкасцяў і праблемаў, але любоў дае нам адвагу застацца і даверыцца Езусу.

Мы павінны не забываць у нашых жыццёвых сітуацыях «кансультавацца» з Панам Богам, каб наш выбар, нашыя дзеянні сапраўды былі поўнымі любові і мудрасці.

Мае дарагія, у сваіх цяжкасцях, выпрабаваннях, цярпеннях ніколі не забывайце паслухаць Пана Бога, як гэта рабіў святы Юзаф. Бо толькі Пан Бог мае для нас найлепшыя прапановы і планы, падкажа самае лепшае выйсце з любой сітуацыі.

Пасля таго, як да яго ў сне прамовіў Анёл, Юзаф больш не шукаў уласных рашэнняў. Ён ведаў, што трэба слухаць Нябеснага Айца, што Бог ведае рашэнне, што Ён паклапоціцца пра ўсё, хоць і «даручыў» усе справы Юзафу. Святы Аўгустын калісьці раіў: «Рабі так, быццам усё залежыць ад цябе, але давярай так, быццам усё залежыць ад Бога».

Браты і сёстры! Мы ўсе можам, як гаварыў папа Францішак, «убачыць у асобе святога Юзафа, непрыкметнага, звычайнага, стрыманага чалавека, які з'яўляецца падтрымкай і правадніком у цяжкія часы <...>.

Юзаф вучыць нас: вера ў Бога — гэта вера, якая паказвае нам, што Бог можа дзейнічаць нават нягледзячы на нашы страхі, нашу мізэрнасць і слабасць.

Ён вучыць нас, што нават сярод жыццёвых штормаў мы не павінны баяцца аддаць стырно нашай лодкі Богу».

Хіба ніводзін святы, пасля Найсвяцейшай Панны Марыі, не займае столькі ўвагі ў Касцёле, якой удастоены Юзаф, Яе Абраннік. І гэта не дзіўна, бо сам Бог даручыў яму апеку над сваім Сынам. Папа Пій ІХ, падкрэсліваючы ролю Юзафа ў гісторыі збаўлення, абвясціў яго апекуном Паўсюднага Касцёла, папа Пій ХІІ — апекуном працаўнікоў, а святы Ян Павел ІІ абвясціў яго апекуном Збаўцы. З 1 мая 2021 года папа Францішак абвясціў сем новых заклікаў у Літаніі да святога Юзафа: Ахоўнік Адкупіцеля, Слуга Хрыста, Слуга збаўлення, Падтрымка ў цяжкасцях, Апякун выгнаннікаў, Апякун церпячых, Апякун бедных.

Святы Юзаф з’яўляецца апекуном таксама хрысціянскіх сужэнстваў і сем’яў, сіротаў, рамеснікаў, бяздомных і апекуном добрай смерці. Таму сёння, нягледзячы на Вялікі пост, у святынях падчас літургіі гучыць спеў «Хвала на вышынях Богу» у гонар урачыстасці святога Юзафа, таму што ўсё яго жыццё было праслаўленнем Усемагутнага Бога.

Святы Юзаф з’яўляецца таксама асаблівым абаронцам жыцця на кожным этапе існавання чалавека — ад яго зачацця да натуральнага адыходу. Касцёл нястомна заклікае кожнага верніка быць абаронцам жыцця.

Мае дарагія! Варта ўсім нам звярнуць увагу на «маўчанне» Юзафа.

Гэта маўчанне, якое не азначае нейкую ўнутраную пустэчу, але пазначана паўнатою веры. Яно прасякнута сузіраннем таямніцы Бога, таму святы Юзаф заўсёды гатовы прыняць Божую волю.

Ён вызначаецца згодаю са святой воляй Бога і безумоўным даверам Яго Провіду. Папа Бэнэдыкт XVI заклікаў:

«Дазволім сабе заразіцца маўчаннем святога Юзафа. Нам гэта так патрэбна ў свеце, часта занадта шумным, які не спрыяе таму, каб мы засяродзіліся і ўслухаліся ў голас Бога» (Аўдыенцыя 18 снежня 2005 г.)

У свой час, святы Ян Павел II казаў, што ў ціхіх «справах» Юзафа можна адкрыць атмасферу глыбокага сузірання: Юзаф штодня меў адносіны з таямніцай, «схаванай ад стагоддзяў у Богу», якая «жыла» пад дахам яго дома. Маўклівы святы Юзаф нагадвае нам, што людзі лагодныя — гэта благаслаўленне; яны атрымаюць у спадчыну зямлю (пар. Мц 5, 5). Некаторыя містычкі называлі Марыю і Юзафа «анёламі, аб’яднанымі повязямі Божай любові», жыццё якіх было атулена незвычайнай цішынёй. Прастора цішыні распасціраецца над пакліканнем святога Юзафа як працаўніка, мужа і бацькі.

У хрысціянстве цішыня — гэта школа слухання Бога і бліжніх. Таму для нас сёння таксама вельмі важна, каб мы маглі як найчасцей мець магчымасць быць у прасторы гэтай цішыні, асабліва падчас Вялікага посту.

Мы павінны зразумець, што наша дзейнасць будзе плённай толькі тады, калі яна будзе заснавана на слуханні Бога. Безумоўна, засяроджанасць і суцішанасць Юзафа і Марыі, з якою яны слухалі голас Бога, вучыць нас, што слуханне важнейшае за няспыннае маўленне. Калі мы захоўваем цішыню, калі ўзіраемся ў Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, тады мы можам пачуць голас Бога, тады мы найбольш аб'яднаныя з Марыяй і святым Юзафам.

Браты і сёстры! Вялікі пост, безумоўна, павінен быць часам цішыні, якая з'яўляецца кантэмпляцыяй, — глыбокай, маўклівай засяроджанасцю на Ахвяры Езуса, на таямніцы Яго Крыжа, малітвай і заглыбленнем у Божае слова. Ён павінен быць маўчаннем, якое вядзе да веры і безумоўнага прыняцця волі Айца, а значыць, і гісторыі нашага жыцця, у якой Бог адкрывае сваю любоў. Важна, каб мы не ўспрымалі Вялікі пост як нейкі знешні абавязак, да якога нас змушае Касцёл, але каб мы адкрылі ў ім святы час, што дазваляе нам глыбей акунуцца ў крыніцу Божага слова, якое вядзе да больш глыбокіх адносінаў з Айцом, якому мы можам цалкам даверыцца.

Святы Хосэмарыя Эскрыва гаварыў: «Вера, любоў, надзея — вось стрыжань жыцця святога Юзафа і стрыжань хрысціянскага жыцця ўвогуле. Адданасць святога Юзафа сатканая з перапляценняў вернай любові, любячай веры і даверлівай надзеі. Таму ўрачыстасць святога Юзафа — добрая нагода для нас нанова аддаць сябе хрысціянскаму пакліканню, якім кожнага з нас адорвае Бог» («Хрыстус праходзіць побач», 43).

Святы Юзэфе, Касцёл ушаноўвае цябе як свайго апекуна, заступніка і абаронцу. Просім, выпрасі ўсім нам ласку вернасці Хрысту, Яго Крыжу і Евангеллю. Няхай усе тыя, хто знаходзіцца пад тваёю апекай, зразумеюць, што яны ніколі не застаюцца самотнымі ў цяжкасцях сужэнскага, сямейнага і прафесійнага жыцця, няхай умеюць бачыць Езуса побач з сабою, няхай прымаюць Яго з удзячнасцю так, як ты прыняў і ахоўваў Святую Сям’ю. Вучы нас узаемнай павазе, даверу, вернасці, пашане, супольнай малітве і пастаяннаму пошуку Божай волі.

Праз заступніцтва святога Юзафа на плённае перажыванне Вялікага посту шчырым сэрцам благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 16 сакавіка 2026 года
у 316-ю гадавіну пасвячэння архікатэдральнага касцёла
Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску

Абноўлена 16.03.2026 15:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа