
1 снежня ў Іўі прайшло пасяджэнне Кансультатыўнай міжканфесійнай рады на чале з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам. У пасяджэнні ўдзельнічаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Як паведамляе ivyenews.by, пасяджэнне пачалося са знаёмства ўдзельнікаў з іўеўскай мячэццю, гісторыю якой прадставіў старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі муфцій Абу-Бекір Шабановіч.
Біскуп Юрый Касабуцкі распавёў аб тым, як развіваецца духоўны цэнтр беларускіх католікаў — Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.
Таксама ў межах пасяджэння ўдзельнікі азнаёміліся з экспазіцыяй Іўеўскага музея нацыянальных культур «Пад адзіным небам праз стагоддзі», дзе знаходзяцца матэрыялы і прадметы культурнай, этнічнай, канфесійнай і лакальнай спадчыны рэгіёну і ўсяго свету, усклалі кветкі да памятнага знака ў гонар землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, наведалі памятны знак «У гонар сяброўства і згоды канфесій Іўеўшчыны», азнаёміліся з выставай мугіраў як матэрыяльнай спадчыны мусульман Беларусі.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў адзначыў на пасяджэнні, што «Беларусь з’яўляецца шматнацыянальнай і шматканфесійнай краінай».
«Мы аб гэтым гаворым усюды, што на нашай зямлі знайшлі свой родны дом людзі розных нацыянальнасцяў. А стварэнне духоўных цэнтраў — гэта адказ выклікам часу. Пад уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій змяняецца структура самога грамадства, размываюцца нацыянальныя межы, дзякуючы інтэрнэту ствараецца новая віртуальная рэальнасць са сваімі правіламі і нормамі паводзінаў. Таму пытанні духоўнасці набываюць асаблівае значэнне»,
— сказаў Аляксандр Румак.
Упаўнаважаны дадаў, што для беларусаў норма, калі мусульмане і іўдзеі, праваслаўныя і католікі жывуць побач, а ў цэнтры горада стаіць помнік, які аб’ядноўвае іх.
«Мы адкрытыя і гасцінныя. Але наша задача — гэта захаваць. А новыя духоўныя цэнтры толькі ўмацуюць беларусаў у веры, незалежна ад веравызнання», — сказаў ён.





























