Пошук

22.04.2025 22:48   Catholic.by

Фота: Antonio Gravante / Cathopic

У сувязі са смерцю Папы Францішка Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выдала Камунікат аб літургічных прадпісаннях.

Тэкст Камунікату для друку ТУТ>>>

1. Цэлебрацыя Імшы за памерлага Папу

Пасля смерці Папы пажадана цэлебраваць святыя Імшы ў яго інтэнцыі ў кожным касцёле і капліцы. Аднак іх характар не павінен засланяць пасхальны характар бягучага літургічнага перыяду. Варта адзначыць, што цэлебрацыя святых Імшаў за памерлага Папу паводле формуляра, які змешчаны ў «Рымскім Імшале для дыяцэзій на Беларусі» ў раздзеле пад назвай Імшы за памерлых магчыма толькі ў дні, якія дазваляюць цэлебрацыю Імшаў за памерлых (без выключэнняў, звязаных з асобай памерлага). Паколькі ў актаве Пасхі Імша за памерлага папу Францішка паводле формуляра «за Папу» немагчыма, заклік за памерлага Папу неабходна дадаць у малітве вернікаў.

2. Не згадваецца імя памерлага Папы

Падчас sede apostolica vacante імя памерлага Папы не згадваецца ў І–ІІІ эўхарыстычных малітвах у малітве заступніцтва за Касцёл. Падчас Велікоднага перыяду IV эўхарыстычная малітва не выкарыстоўваецца, таму што яна звязана з уласнай прэфацыяй.

3. Успамін імя памерлага Папы

Імя памерлага папы Францішка неабходна ўзгадаць у эўхарыстычнай малітве ў малітве заступніцтва за памерлых. Можа быць выкарыстаны папскі тытул і наступныя формулы:

  • у І эўхарыстычнай малітве:

«Памятай, Пане, пра папу Францішка»;

  • у ІІ эўхарыстычнай малітве:

«Памятай пра слугу Твайго папу Францішка, якога Ты паклікаў да сябе з гэтага свету»;

  • у ІІІ эўхарыстычнай малітве:

«Памятай пра слугу Твайго папу Францішка, якога Ты паклікаў да сябе з гэтага свету».

4. Малітва вернікаў

У перыяд sede vacante змест малітвы вернікаў павінен быць адпаведна адаптаваны так, каб заклікі ўключалі просьбы за памерлага папу Францішка. Колькасць заклікаў не павінна павялічвацца – усяго павінна быць не менш за чатыры і не больш за шэсць. Заклікі могуць быць наступныя:

  • Молімся за памерлага папу Францішка, які быў наступнікам святога Пятра і пастырам усяго Касцёла, каб Бог, які справядліва ўзнагароджвае працаўнікоў свайго вінаградніка, дазволіў яму ў вечнасці цешыцца плёнам ласкі і міласэрнасці, верным распарадчыкам якіх ён быў на зямлі.
  • Молімся за памерлага папу Францішка, які праз Божы Провід вёў увесь Касцёл да ўдзелу ў вечнай хвале ўваскрослага Пана.
  • Молімся, каб папа Францішак, які як першасвятар стаяў на чале Божага народу, увайшоў у супольнасць святых пастыраў у небе.
  • Молімся, каб папа Францішак, які на зямлі быў верным распарадчыкам святых сакрамэнтаў, вечна славіў Божую міласэрнасць у хвале святых.
  • Молімся, каб папа Францішак, які з любоўю ўзначальваў Касцёл, атрымаў справядлівую ўзнагароду і разам з даручаным яму народам увайшоў у вечную радасць.
  • Молімся за памерлага папу Францішка, які быў прыладай Божай любові і супакою паміж людзьмі, каб разам са святымі вечна цешыўся плёнам свайго служэння.

5. Просьбы Літургіі гадзінаў

У канцы просьбаў ў Ютрані і Нешпарах пажадана дадаць заклік за памерлага папу Францішка.

✠ Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі Божага Культу
і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 22.04.2025 22:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.