Пошук

03.02.2025 13:46   Catholic.by

Прапануем вашай увазе малітвы на Юбілейны год, у тым ліку малітвы падчас пілігрымкі ў юбілейную святыню. Хвіліны малітвы падчас падарожжа паказваюць, што пілігрым «у сэрцы сваім» ідзе шляхамі Бога (Пс 83, 6).

Малітвы на Юбілейны год....

Ойча, які ёсць у небе, вера, якую Ты даў нам у Тваім Сыне Езусе Хрысце, нашым Браце, і полымя любові, разлітае ў нашых сэрцах Духам Святым, няхай абудзяць у нас благаслаўлёную надзею на прыйсце Твайго Валадарства.

Няхай Твая ласка пераменіць нас у адданых сейбітаў евангельскага насення. Няхай чалавецтва і сусвет узрастаюць у даверлівым чаканні новага неба і новай зямлі, калі сілы зла будуць пераможаны і Твая слава адкрыецца назаўсёды.

Няхай ласка Юбілею ажывіць у нас — пілігрымах надзеі, прагненне нябесных дабротаў і пралье на ўвесь свет радасць і супакой нашага Збаўцы. Табе, благаслаўлёны вечны Божа, хвала і пашана навекі.

Амэн.

Малітвы падчас пілігрымкі ў юбілейную святыню
Падчас пілігрымкі ў юбілейную святыню можна выкарыстаць наступныя малітвы, прапанаваныя Дыкастэрыяй па справах Евангелізацыі і змешчаныя на: iubilaeum2025.va.

К.: У імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Н.: Амэн.
К.: Няхай будзе з намі Бог надзеі, які ў Слове, што сталася целам, напаўняе нас радасцю і спакоем у веры праз моц Духа Святога.
Н.: Благаслаўлёны Ты, Божа, надзея наша.


Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў     Рым 5, 1–5

Апраўданыя паводле веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога, дзякуючы веры, мы атрымалі доступ да той ласкі, у якой трываем, і мы ганарымся надзеяй на славу Божую. І не толькі гэтым, але ганарымся таксама ўціскам, ведаючы, што ўціск нараджае цярплівасць, цярплівасць — вытрываласць, вытрываласць — надзею, а надзея не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам.

Гэта слова Божае.


Пасля чытання настае хвіліна цішыні.

К.: Мы адпраўляемся ў пілігрымку ў імя Хрыста, які ёсць Дарогаю, што вядзе да Айца; Праўдаю, што нас вызваляе; Жыццём, што аднаўляе свет.


Распачынаецца пілігрымка да святых дзвярэй з крыжам.

Псальм 122 (121)

Рэфрэн: З радасцю пойдзем у дом Пана Бога.


Узрадаваўся я, калі мне сказалі: *
«Пойдзем у дом Пана».
Вось стаяць нашыя ногі *
ў брамах Тваіх, Ерузалем.
Ерузалем пабудаваны як горад,
дзе ўсё злучана ў адно.
Туды ўзыходзяць пакаленні, пакаленні Пана, *
каб, паводле сведчання Ізраэля, праслаўляць імя Пана.
Там стаяць судовыя троны, *
троны дома Давіда.
Прасіце спакою для Ерузалема: *
«Няхай спакой маюць тыя, хто любіць Цябе.
Няхай будзе спакой у мурах Тваіх, *
дабрабыт у палацах Тваіх!»
Дзеля братоў маіх і бліжніх маіх, *
скажу я: «Спакой табе!»
Дзеля дома Пана, Бога нашага, *
буду жадаць дабра табе.

Псальм 84 (83), 3–6а і 8а. 11


Рэфрэн: Мілыя шатры Твае, Пане Магуццяў.

Знемагае і імкнецца душа мая  ў двары Пана. *
Сэрца маё і цела радасна ўскоікаюць да Бога жывога. *
Нават верабей знаходзіць сабе дом, †
ластаўка — гняздо, *
дзе кладзе сваіх птушанят, —
каля алтароў Тваіх, Пане Магуццяў, *
Кароль мой і мой Божа.
Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, *
яны вечна спяваюць Табе.
Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе. *
Моц іхняя будзе ўзрастаць.
Бо адзін дзень на Тваіх дзядзінцах *
лепшы за тысячу іншых;
лепш буду стаяць на парозе дому майго Бога, *
чым жыць у шатрах грэшнікаў.

Набліжаючыся да юбілейнага касцёла, можна прачытаць кароткае разважанне, прысвечанае Маці Божай:

«Надзея мае найбольш узнёслае сведчанне ў Маці Божай. У Ёй мы бачым, што надзея — гэта не проста аптымізм, а дар ласкі ў рэалізме жыцця. <...> Каля падножжа крыжа, бачачы, як нявінны Езус церпіць і памірае, Яна хоць і адчувала жахлівы боль, але паўтарыла сваё «так», не страчваючы надзеі і даверу да Пана. <...> У цярпенні гэтага болю, ахвяраванага з любові, Яна стала нашаю Маці, Маці надзеі. <...> У бурлівых жыццёвых падзеях Маці Божая прыходзіць нам на дапамогу, падтрымлівае нас і заклікае да надзеі і даверу» (Spes non confudit, 24)

Вітай, Марыя… (3 разы)

Падчас пілігрымкі можна таксама памаліцца Святы Ружанец і прачытаць або праспяваць Літанію да Усіх Святых. Пасля прыбыцця да юбілейнай святыні чытаецца наступны псальм.


Псальм 24 (23), 1–4аb. 5–6


Рэфрэн: Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй.

Пану належыць зямля і ўсё, што на ёй,*
сусвет і ўсё, што жыве ў ім.
Бо Ён заснаваў яго на морах *
і на рэках умацаваў яго.
Хто ўзыдзе на гару Пана, *
і хто стане на святым месцы Ягоным?
Той, у каго рукі бязвінныя і чыстае сэрца, *
хто не схіляў душы да марнасці.
Ён атрымае благаслаўленне ад Пана *
і ўзнагароду — ад Бога, свайго Збаўцы.
Вось пакаленне тых, хто Яго шукае, *
хто шукае аблічча Твайго, Бог Якуба.

Пасля ўваходу ў юбілейную святыню чытаюцца наступныя малітвы

ў інтэнцыях Святога Айца:

Ойча наш…
Вітай, Марыя… (3 разы)
Хвала Айцу…
Веру ў Бога…

Калі кіраўнік пілігрымкі святар, малітва заканчваецца благаслаўленнем.

Калі малітву ўзначальвае свецкі чалавек, яна заканчваецца словамі:
К.:  Благаславім Пана.
Н.: Дзякуем Пану Богу.



NIHIL OBSTAT
Цэнзар кс. кан. д-р Ян Крэміс
Мінск, 30 студзеня 2025 г.

IMPRIMATUR
+ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, № 15/к/25 ад 31 студзеня 2025 г.

Абноўлена 04.02.2025 19:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.