Пошук

30.12.2024 08:24   Тэкст: Ганна Бычынская / Фота: Ганна Бычынская, а. Юрый Находка OCD / Catholic.by

28 снежня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску прайшла аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў руху «Легіён Марыі» з парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У сустрэчы ўзяў удзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Рух «Легіён Марыі» дзейнічае ў Касцёле на Беларусі ўжо 30 гадоў. Асноўная яго мэта — праслаўляць Бога праз духоўнае ўдасканаленне яго ўдзельнікаў з дапамогай малітвы і сумеснай апостальскай працы: евангелізацыі людзей, іх хрысціянскага выхавання.

У многіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі дзейнічаюць суполкі руху.

Іх удзельнікі прысвяцілі Панне Марыі свой вольны час, сваю працу і здзяйсняюць пад Яе кіраўніцтвам апостальскую місію. Кожны раз у апошнюю суботу месяца легіянеры, кіраўнікі парафіяльных суполак руху, з’язджаюцца на агульны сход — каміцыюм.

У дзень агульнага сходу святую Імшу для сабраных у мінскай архікатэдры легіянераў цэлебраваў духоўны кіраўнік руху ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі айцец Юрый Находка OCD. Пасля Імшы адбыўся чарговы, апошні ў адыходзчым годзе, каміцыюм, які завяршыўся прыгожай аплаткавай сустрэчай з удзелам біскупа Касабуцкага.

Іерарх перадусім павіншаваў легіянераў з Нараджэннем Хрыстовым, пажадаў далейшай плённай працы пад кіраўніцтвам Панны Марыі, Яе апекі, адзначыўшы важнасць дзейнасці «Легіёна» для кожнай парафіі і ў цэлым архідыяцэзіі.

Радасны, урачысты настрой панаваў у дольным касцёле архікатэдры падчас сустрэчы. З кожным легіянерам біскуп Юрый Касабуцкі асабіста пагутарыў, пажартаваў, падзяліўся аплаткай, выказаў пажаданні, пры гэтым і сам пачуў нямала добрых словаў ад легіянераў.

Дзяленне аплаткамі, размовы, абмен вопытам, прысмакі, прыгатаваныя ўмелымі жаночымі рукамі, гарачыя гарбата і кава стварылі непаўторную атмасферу прыязнасці. Напэўна, кожны легіянер, які ўзяў у ёй удзел, паехаў дахаты ўзбагачаны духоўна, у добрым настроі, з цудоўнымі думкамі і планамі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця