Пошук

29.08.2016 08:37   Тэкст і фота: Ілья Лапато / Catholic.by

25 гадоў з моманту першых манаскіх абяцанняў адзначылі сёлета пяць манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта, якія нясуць служэнне ў Беларусі — с. Карытас Шапель CSFN, с. Марыяна Алешчык CSFN, с. Галіна Занеўская CSFN, с. Іерэмія Кулікоўская CSFN і с. Нэрэуша Падзялінская CSFN.

Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды 28 жніўня ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Асаблівасцю ўрачыстасці стала аднаўленне сёстрамі манаскіх абяцанняў чыстасці, убоства і паслухмянасці.

Біскуп Кашкевіч: Пакліканне — дар ад Бога

Звяртаючыся да прысутных, у гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў пра асаблівы дар паклікання, якім адарыў кожнага чалавека Пан Бог.



«Малітвай і зычлівасцю атачаем сёння нашых сясцёр-юбілярак, якія дзякуюць Пану Богу за 25 гадоў манаскага жыцця. Прагнем і мы далучыцца да гэтай падзякі, усхваляючы Пана за вялікі і надзвычайны дар — дар паклікання.

Дзякуем за тое, што кожная з гэтых сясцёр пачула ў сваім сэрцы голас Хрыста, які клікаў іх па імені, заахвочваючы пакінуць усё і пайсці за Ім. Дзякуем таксама за тое, што кожная з іх была рашучая ў сваім прагненні і адказала сваё “так”», — сказаў іерарх.

Сёстры назарэтанкі падчас аднаўлення манаскіх абяцанняў

Біскуп дадаў, што пакліканне да манаскага жыцця — незвычайны «дыямант любові», які з’яўляецца вялікай таямніцай:

«У святле веры пакліканне да манаскага жыцця — гэта вялікі дар як для самой пакліканай, так і для ўсёй супольнасці Касцёла. Праз складанне манаскіх абяцанняў чыстасці, убоства і паслухмянасці законная сястра прымае на сябе абавязкі ўсё сваё жыццё зрабіць выключнай уласнасцю Езуса Хрыста».

Манаства як адзіная дарога


«Тыя, хто не звязаны з жыццём Касцёла блізка, часта глядзяць на пакліканне да манаства, як на дзівацтва — нікому не патрэбнае адрачэнне ад асабістага шчасця і спробу ўцячы ад свету», — заўважыў іерарх.



Біскуп нагадаў, што для свецкага акружэння манаскае жыццё можа здавацца дзіўным, незразумелым і пазбаўленым сэнсу:

«Толькі сама кансэкраваная асоба, хоць і таксама да канца не разумее таямніцу свайго паклікання, але ведае, што гэта адзіная для яе дарога, на якой можа знайсці сапраўднае шчасце, сэнс жыцця і глыбокую радасць прыналежнасці да Хрыста».



Кажучы пра кансэкраваных асобаў, іерарх параўноўваў іх са святымі апосталамі Пятром і Паўлам.

«“Пане, добра нам тут быць”, “Для мяне жыццё — гэта Хрыстус” — глыбокае пачуццё любові, якое яднае з Хрыстом, з’яўляецца асновай усіх учынкаў апосталаў і паслугі харызматаў.

Папа Рымскі Францішак называе гэта “фантазіяй любові”, якая натхняла заснавальнікаў усіх манаскіх супольнасцяў, бо дазваляла ім глядзець на тых, хто патрабуе дапамогі вачыма самога Хрыста. Прыгожым выразам гэтай "фантазіі любові" з’яўляецца і прыклад благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай, заснавальніцы супольнасці сясцёр назарэтанак», — сказаў біскуп Гродзенскі.

Іерарх адзначыў, што больш за паўстагоддзя сёстры назарэтанкі нясуць сваё служэнне ў розных частках свету, рэалізуючы духоўны запавет сваёй заснавальніцы — ахвярная служба ўсім тым, хто патрабуе дапамогі, злучаная з асабістым узрастаннем у хрысціянскай дасканаласці.

«Пакора, ахвярнасць і служба — гэта духоўны капітал Касцёла, які сведчыць пра праўдзівыя хрысціянскія вартасці», — дадаў біскуп.



«Кажучы пра Касцёл на Гродзеншчыне, нельга не згадаць паслугу, якую нясуць у нашай дыяцэзіі сёстры назарэтанкі, — адзначыў іерарх. — Дзякуем вам за ахвярную і бескарыслівую службу ў Касцёле, за вернае выкананне манаскага харызмату, за ўсе даброты, якія здзяйсняе Пан Бог праз вашу пакорную паслугу.



Няхай добры Бог напоўніць вашае сэрца праўдзівай і глыбокай радасцю, аўтэнтычным шчасцем. Няхай ваша малітва, ахвяра і асабісты прыклад дапамогуць іншым адкрыць дар паклікання да манаства і ахвяраваць сваё жыцця бескарыснай службе Хрысту».

На заканчэнне святой Імшы юбіляркі падзякавалі сваім бацькам і родным, а таксама біскупу Аляксандру Кашкевічу, маці-настаяцельніцы і ўсім сёстрам з супольнасці назарэтанак за падтрымку і малітву.

Пасля Імшы сясцёр чакала цёплая сустрэча з роднымі, блізкімі і сябрамі, кожны з якіх выказваў юбіляркам свае пажаданні

 Ілья Лапато, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа