7 снежня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафіяльную супольнасць святога Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Гродзенская дыяцэзія, Івейскі дэканат).
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у старадаўняй геранёнскай святыні іерарх узначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ў гонар нябеснага апекуна парафіі святога Мікалая, які ўспамінаецца ў літургічным календары днём раней.
Вернікі парафіі вельмі шануюць гэтага святога і просяць яго заступніцтва ў сваіх патрэбах. На Імшы сабралося шмат парафіянаў, у тым ліку дзяцей, у якіх святы Мікалай асабліва асацыюецца з падарункамі.
Біскуп цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае гэтую парафіяльную сям’ю на чале з яе пробашчам ксяндзом Віталіем Пяткевічам.
У гаміліі біскуп перадусім адзначыў, што святы Мікалай сваім жыццём і дзейнасцю паказвае, як быць сведкамі Божай любові ў штодзённым жыцці. Іерарх адзначыў, што, хоць у традыцыі ён шырока вядомы пераважна ў кантэксце калядных падарункаў, для хрысціянаў святы біскуп Мікалай — гэта ўзор таго, як жыць у веры і дабрыні, дапамагаючы бліжнім.
Біскуп Гуляй нагадаў, што Мікалай, які жыў у першыя стагоддзі хрысціянства, быў чулым да чалавечай бяды і цярпення, імкнуўся дапамагчы кожнаму, хто быў у нястачы, не чакаў падзякі за сваю шчодрасць, не жадаў славы, а стараўся рабіць дабро так, каб ягоныя справы заставаліся ў таямніцы.
Ён часта пакрыёма падкідаў бедным бацькам падарункі і радаваўся сам, гледзячы на іх радасць. Стаўшы пазней біскупам, ён нёс сваё служэнне аддана і самаахвярна; не толькі абвяшчаў Божае слова хрысціянам, але і імкнуўся навяртаць язычнікаў і ерэтыкоў. У час пераследу хрысціянаў ён правёў некалькі гадоў у вязніцы, потым выйшаў на волю і дажыў да старасці, і традыцыя кажа, што ў момант яго адыходу ў вечнасць з’явіліся анёлы.
Біскуп зазначыў, што за сямнаццаць стагоддзяў, што аддзяляюць нас ад таго часу, калі жыў святы, многія падзеі з яго жыцця забыліся або ператварыліся ў легенды, аднак у апавяданнях пра яго, напэўна, ёсць і зярнятка праўды. Па яго словах іерарха, Мікалай найперш нагадвае сучасным людзям пра неабходнасць шчодра дапамагаць бліжнім і пра тое, як поўнасцю ажыццяўляць хрысціянскае пакліканне праз практыкаванне любові ў канкрэтных формах — матэрыяльную і духоўную дапамогу.
Кажучы пра імкненне Мікалая не выстаўляць свае добрыя ўчынкі напаказ і нават хаваць іх, пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі патлумачыў:
«Міласэрнасць жадае ўшанаваць чалавека і яго годнасць, якой ніхто і нішто не можа пазбавіць. Таму яна заклікае да павагі і нагадвае, што можна даць чалавеку многа і параніць яго сэрца, а можна даць няшмат і такім учынкам парадаваць», — заўважыў іерарх.
«Сёння ў свеце, дзе часам важныя толькі прыбытак і асабістыя інтарэсы, асоба святога Мікалая для нас — напамін, што сапраўднае шчасце заключаецца ў тым, што я дзялюся з іншым чалавекам сваім сэрцам і тым, што маю, — падкрэсліў біскуп Гуляй. —
Таму варта задаць сабе пытанне: як мы ставімся да бліжніх, ці можам дапамагаць ім, як Мікалай, бескарысліва, не чакаючы нічога ўзамен, і ці адкрытыя нашыя сэрцы на патрэбы іншых, асабліва тых, каму дапамога найбольш патрэбная?»
Біскуп дадаў, што ў сучасным свеце, поўным напружанасці і несправядлівасці, прыклад Мікалая заклікае не быць абыякавымі да крыўды іншых: гаворка не толькі пра вялікія ўчынкі гераізму, але і пра штодзённыя маленькія жэсты абароны праўды.
Такім чынам, па словах іерарха, браць прыклад з гэтага святога можна, па-першае, праз дапамогу іншым, па-другое, праз справядлівасць і абарону тых, хто ў цяжкай сітуацыі, і па-трэцяе, праз малітву.
Біскуп Гуляй заахвоціў вернікаў прасіць святога Мікалая дапамагчы ім «быць падобнымі да Хрыста і зрабіць гэты Адвэнт больш радасным і багацейшым для нас як у духоўным, так і ў матэрыяльным сэнсе».
Напрыканцы Эўхарыстыі пробашч падзякаваў біскупу Уладзіміру Гуляю за візіт і малітву ў інтэнцыі парафіянаў, у тым ліку аб тым, каб час Адвэнту стаў для іх добрай падрыхтоўкай да сустрэчы з Хрыстом у Яго Нараджэнні.
Пасля Імшы дзеці атрымалі ад святога Мікалая салодкія падарункі.