6 снежня вернікі парафіі святога Мікалая, біскупа, у мястэчку Свір, што на Мядзельшчыне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.
З гэтай нагоды па запрашэнні пробашча парафіі ксяндза каноніка Багуслава Маджэеўскага, дэкана Мядзельскага, цэлебрацыю святой Імшы ў свірскім касцёле святога Мікалая ўзначаліў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска.
Сустракаючы наймалодшага каталіцкага іерарха ў нашай краіне пры ўваходзе ў святыню, пробашч падаў яму для ўшанавання рэліквіі благаслаўлёнай сям’і Ульмаў, мучанікаў Другой сусветнай вайны. У маі гэтага года іх урачыста ўнёс у свірскі касцёл арцыбіскуп Антэ Ёзіч, былы Апостальскі нунцый у Беларусі, які таксама ў верасні ўдзяліў біскупскае пасвячэнне Андрэю Зноску.
Прадстаўнікі парафіі сардэчна прывіталі біскупа, паднёсшы яму духмяны каравай.
Іерарх прайшоў праз святыню да алтара, благаслаўляючы рэліквіямі сабраных вернікаў. Пры алтары біскуп Зноска сеў на падрыхтаваны трон з яго біскупскім гербом, а ксёндз пробашч скіраваў яму прывітальнае слова, у якім папрасіў біскупа ўзначаліць цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы і правесці ў парафіі адвэнтавыя рэкалекцыі.
У цэлебрацыі Эўхарыстыі ўзялі ўдзел 16 святароў з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама з парафій Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій, што знаходзяцца па суседстве.
Такім чынам, разам з біскупам пры алтары свірскага касцёла ў адпустовую ўрачыстасць маліліся прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Беларусі.
Вітаючы сабраных, біскуп Зноска заўважыў, што ў Свіры ўжо не ўпершыню, бо адсюль паходзіць адзін з яго аднакурснікаў па Гродзенскай семінарыі, прысутны на цэлебрацыі ксёндз Павел Шылак, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат). Акрамя таго, сярод канцэлебрантаў быў яшчэ адзін аднакурснік і сябра біскупа Зноскі — ксёндз канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі, пробашч суседняй са свірскай парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат).
У прамоўленай гаміліі пастыр перадусім звярнуўся да прысутных на Імшы дзяцей, якім растлумачыў сэнс парафіяльнага свята. Ён параўнаў яго з імянінамі, якія вернікі святкуюць у гонар свайго святога апекуна, імя якога носяць.
Іерарх дадаў, што падобным чынам, толькі больш урачыста, ў свята нябеснага апекуна свірскай парафіі святога Мікалая адзначаюцца таксама «імяніны» касцёла.
Нагадаўшы пэўныя яскравыя моманты з жыцця святога Мікалая, які не мог прайсці міма чалавечай бяды, цярпення і патрэбы, біскуп Зноска заахвоціў вернікаў па яго прыкладу не быць абыякавамі да іншых людзей, якім патрэбна дапамога ці проста спагада і суцяшэнне.
Узнёсласць і прыгажосць урачыстай цэлебрацыі надалі мілагучныя спевы ў выкананні парафіяльнага хору пад кіраўніцтвам сястры Марыі Іватовіч з Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай.
На заканчэнне святой Імшы прадстаўнікі парафіі шчыра падзякавалі біскупу Зноску за тое, што падзяліў з імі радасць свята, а таксама павіншавалі з 85-годдзем адну з найстарэйшых і найбольш заслужаных руплівай працай на карысць касцёла парафіянак Чаславу Лапату.
Пасля Імшы біскуп разам з пробашчам выйшлі да дзяцей і пачаставалі іх слодычамі. Гэтая традыцыя рабіць падарункі ўзнікла менавіта дзякуючы святому Мікалаю, які адным з першых даў такі прыгожы прыклад.
Біскуп Андрэй Зноска заставаўся ў свірскай парафіі тры дні, на працягу якіх правёў адвэнтавыя рэкалекцыі, цэлебруючы святы Імшы і настаўляючы мясцовых вернікаў сваім глыбокім і адначасова даступным пастырскім словам.
За гэты час парафіяне мелі магчымасць належным чынам падрыхтавацца да сустрэчы з Хрыстом, што і з’яўляецца галоўнай духоўнай мэтай Адвэнту.