Пошук

09.12.2024 16:47   Фота: Станіслаў Бервячонак / Catholic.by

8 студзеня, у другую нядзелю Адвэнту, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Заслужаны іерарх наведаў заснаваную ім навучальную ўстанову ў яе патранальнае свята — урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Апякункі гродзенскай Alma Mater. Па запрашэнні рэктара Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксяндза каноніка Віталя Вайцяхоўскага арцыбіскуп Кандруcевіч узначаліў урачыстую цэлебрацыю святой Імшы, каб такім чынам разам з семінарыйнай супольнасцю адзначыць 35-годдзе свайго біскупскага служэння.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх перадусім звярнуў увагу на асабліва актуальны ў перыяд Адвэнту заклік святога Яна Хрысціцеля падрытаваць дарогу Збаўцы, які прыходзіць.

«Па кепскай дарозе далёка не зойдзем. Такое ж правіла дзейнічае ў духоўным жыцці чалавека. Езус прыходзіць да нас у Божым слове, сакрамэнтах і іншай касцёльнай дзейнасці, але дарога да нашых сэрцаў бывае не заўсёды расчышчана. Ён стукае ў іх дзверы, але мы не чуем. Магчыма, мы згубілі ключы ад іх або не хочам іх знайсці. Можа Ён шле нам SMSы ці тэлефануе, але наш тэлефон заняты і мы не чуем, ігнаруем Яго. Таму Ён не можа прыйсці нам на дапамогу, і мы застаемся сам-насам са сваімі праблемамі», — заўважыў арцыбіскуп.

Ён нагадаў семінарыстам і іх выхавацелям, што Касцёл у Беларусі ў часы атэізму прайшоў праз шматлікія выпрабаванні, і адной з праблем тады была крытычна малая колькасць святароў.

«Здавалася, што са смерцю апошняга ксяндза Касцёл перастане існаваць. Аднак Бог не пакінуў нас. Распачатая ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя „перабудова“ прынесла адлігу, у паветры запахла зменамі і ў жыцці Каталіцкага Касцёла на нашых землях.

35 гадоў таму Папа Ян Павел ІІ прызначыў першага пасля Другой сусветнай вайны біскупа ў Беларусі», — узгадаў арцыбіскуп Кандрусевіч пра пачатак свайго пастырскага служэння.

Ён дадаў, што сярод незлічоных праблем, якія тады яму давялося тэрмінова вырашаць, была падрыхтоўка новых святароў.

«Але як, калі няма семінарыі? Патрэбны дазвол, выкладчыкі, будынак… Напачатку нават сама гэтая ідэя выглядала ўтапічнай. Але было ўнутранае перакананне, што семінарыя патрэбная, бо яна — сэрца мясцовага Касцёла», — падкрэсліў іерарх.

Нягледзячы на складанасці, яму ўдалося атрымаць дазвол на заснаванне семінарыі, якая размясцілася ў частцы будынку былога кляштара бэрнардынаў у Гродне, дзе яна і цяпер знаходзіцца.

«Афіцыйнае адкрыццё адбылося 1 верасня 1990 года. Гэта было вялікае свята: у Беларусі ёсць свая семінарыя! Хто мог падумаць яшчэ год таму?! Немагчымае чалавеку стала магчымым Богу. У беларускі Касцёл, містычнае Цела Хрыста, пацякла „новая кроў“ у асобе новых, сваіх святароў. І гэты Касцёл аджыў!» — падзяліўся той незабыўнай радасцю арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён заўважыў, што святар, які абвяшчае Божае слова, асвячае людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і кіруе верным народам у служэнні яму, а такім чынам як быццам выконвае ролю святога Яна Хрысціцеля і рыхтуе дарогу Збаўцы, каб Ён мог прыйсці ў чалавечыя душы.

«Святар становіцца голасам, які кліча да пакаяння і навяртання у пустыні бязвер’я, каб усе народы ўбачылі збаўленне Пана.

Cемінарыя — гэта месца фармацыі будучых слуг алтара, якія сёння рыхтуюць шляхі для Збаўцы, каб Ён мог прыйсці да сучаснага чалавека», — сцвердзіў іерарх.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў «сэрцу беларускага Касцёла», якім, паводле яго, з’яўляецца семінарыя, «быць здаровым і працаваць без арытміі». Семінарыстаў жа ён заклікаў браць прыклад з Беззаганна Зачатай Марыі і на кожны Божы заклік разам з Ёй адказваць «так», прымаючы Яго святую волю.

 

Абноўлена 10.12.2024 07:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця