Пошук

26.07.2016 00:00   Кс. Юрый Марціновіч / Catholic.by

Амаль цэлы тыдзень маладыя людзі з Гродзенскай дыяцэзіі разам з дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім былі гасцямі Ломжынскай і Седлецкай дыяцэзій (Польшча).

У гэтых дыяцэзіях для моладзі была падрыхтавана спецыяльная праграма. У яе межах быў час на малітву, забавы, новыя знаёмствы. Беларускую моладзь прымалі ў сваіх дамах мясцовыя вернікі, стараючыся на гэты час стварыць для яе сямейную атмасферу і праявіць гасціннасць, рэалізуючы на справе прыказку: «Госць у дом — Бог у дом».

Маладыя людзі з Беларусі знаходзіцца пад вялікім уражаннем ад гэтай гасціннасці. За гэты час яны нібы сталі членамі мясцовых сем’яў.

«Завяршыліся дыяцэзіяльныя Дні моладзі, і ўчора падчас ад’езду з Лосіц (гарадка, які нас прымаў) было шмат слёз. Гэта былі цудоўныя пяць дзён, я магу сказаць гэта з чыстым сумленнем. Наша група з 34 беларусаў, група з Балівіі і польская моладзь сталі вялікай і дружнай сям’ёй», — дзеліцца Елізавета Богуш з Гродна.

Па словах Елізаветы, за гэты кароткі час, праведзены ў дыяцэзіях Польшчы, удалося пабачыць вельмі шмат, арганізатары падрыхтавалі шмат розных мерапрыемстваў: танцы, паездкі, катанне на байдарках, параходах, канатны парк, кіно пад адкрытым небам і многае іншае.

Мэта Сусветных дзён моладзі, ініцыятарам якіх стаў Папа Ян Павел ІІ, — найперш духоўнае развіццё маладых людзей і ўмацаванне іх у веры.

«Гэта быў час і для духоўнага развіцця. Мы разважалі пра сучаснага чалавека, пра тое, як мы можам сведчыць аб Езусе ў сучасным свеце, разважалі пра міласэрнасць, разбуралі сцены ўласных грахоў і ядналіся ў сумеснай Эўхарыстыі», — дадае Елізавета Богуш.

Зараз маладых людзей з усяго свету чакае Кракаў — сталіца сёлетніх Сусветных дзён моладзі, дзе арганізатары форуму жадаюць перадаць удзельнікам пасланне аб Божай міласэрнасці, каб адтуль яны забралі з сабой святло міру.

Духоўным цэнтрам гэтых дзён стануць кракаўскія Лагеўнікі, дзе знаходзяцца два санктуарыі — Божай Міласэрнасці і св. Яна Паўла ІІ.

Кульмінацыяй стане сустрэча з Наступнікам святога Пятра нашага часу — Папам Францішкам, які прыбудзе, каб умацаваць маладых людзей Божым словам і разаслаць у свет, каб яны сведчылі аб Езусе, багатым на міласэрнасць.

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 30.11.2017 14:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.