Пошук

05.11.2024 21:48   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

5 лістапада ў Астраўцы (Гродзенская дыяцэзія) адбылося пахаванне пробашча мясцовай парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксяндза Андрэя Горбача, які раптоўна адышоў у вечнасць увечары 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых.

У святочны дзень святар сам цэлебраваў святыя Імшы, і нішто не прадвяшчала таго, што ён не дажыве да Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, які адзначаўся ў Касцёле 2 лістапада.

Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ў запоўненым вернікамі касцёле, якія прыйшлі развітацца са сваім душпастырам, узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

Звяртаючыся да сабраных, іерарх узгадаў, што яшчэ нядаўна тут дзякавалі Богу за 25-годдзе святарскага служэння ксяндза Андрэя і крыху больш за тыдзень таму, 23 кастрычніка, віншавалі яго з 50-гадовым юбілеем.

«Мы дзякавалі таксама ксяндзу Андрэю за дар вернасці, за трыванне пры Пану і за радасць веры, якой, нягледзячы на розныя цяжкасці, ён дзяліўся з кожным з нас. Мы прасілі Бога, каб ён дапамагаў ксяндзу Андрэю ісці далей, каб яго будучае служэнне заўсёды было благаслаўлёным і прыносіла шчодры плён на вечнае жыццё. І сталася так. Правіца Бога прывяла цябе, ксенжа Андрэю, туды, дзе ты заўсёды стараўся жыць: да спрадвечнай Любові», — сказаў на пачатку жалобнай цэлебрацыі біскуп Гуляй, заахвоціўшы да малітвы аб вечным жыцці для спачылага святара.

Пахавалную святую Імшу канцэлебравалі больш за сто святароў — дыяцэзіяльных і манахаў — з розных мясцін Беларусі.

У прамоўленай гаміліі біскуп Гродзенскі перадусім заўважыў, што сабраныя ў святыні прыйшлі запаліць полымя сардэчнай малітвы «перад асобай хрысціяніна, святара, сябра, чалавека вялікай дабрыні і лагоднасці». Іерарх адзначыў, што жыццё чалавека — гэта няспыннае імкненне з цемры, якая сее страх і неспакой, да святла, што дае чалавеку ўпэўненасць, і такім сапраўдным Святлом з’яўляецца Езус Хрыстус.

«Святой памяці ксёндз Андрэй распачаў сваю вандроўку да сапраўднага святла з хвіліны свайго „прышчэплівання“ ў Хрыста, у момант святога хросту 50 гадоў таму. Выхаваны ў сямейнай атмасферы каталіцкага дома Юзафа і Дануты, ён ішоў да святла ў сямейнай катэхезе, а пазней у парафіі ў Іўі. У момант першай споведзі і святой Камуніі Хрыстус заззяў у яго жыцці з новай моцай.

Потым прыйшлі гады распазнавання паклікання, што прывяло яго да прыняцця ў 1992 годзе рашэння стаць на шлях рэалізацыі святарскага паклікання. У ажыццяўленні свайго рашэння ён быў вельмі пэўны. Ён цудоўна падрыхтаваўся да прэзбітэрскага пасвячэння, якое прыняў 12 снежня 1998 года ў катэдральнай базыліцы ў Гродне. Пасля пасвячэння прыняў ужо афіцыйным чынам, у імя Касцёла, місію несці святло Хрыста іншым людзям.

Гэтую сваю евангелізацыйную працу распачаў у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе ў якасці вікарыя, пазней выконваў яе ў катэдральнай парафіі ў Гродне, пазней — пробашчам у Няцечы і Беліцы, у Радуні, а ў апошнія гады — у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы, дзе пакінуў частку свайго святарскага сэрца», — нагадаў біскуп Гуляй шлях паклікання і святарскага служэння спачылага ксяндза Андрэя Горбача.

Іерарх падкрэсліў, што ў выкананні душпастырскай працы спачылы святар паводзіў сябе як добры слуга ў Евангеллі, які атрымаў шмат талентаў і не змарнаваў іх.

«Ён рабіў свае таленты плённымі ў сабе і шчодра дзяліўся імі з усім светам. Маліўся і працаваў не для сваёй хвалы — ён быў чалавекам пакорным, — а для хвалы Божай», — сцвердзіў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі. Ён дадаў, што святой памяці ксёндз Андрэй, чуваючы ў служэнні Богу, не забываў пра бліжніх. «Ён ведаў, што быць вучнем Хрыста значыць любіць і служыць так, як Ён, знаходзячы радасць у пакліканні, якое спаўняеш. Быць вучнем Хрыста значыць паміраць, як зерне, апушчанае ў зямлю, даючы святло іншым.

Ксёндз Андрэй існуе і будзе існаваць у тысячах спраў матэрыяльных і духоўных. Сляды яго святарскага жыцця будуць існаваць у многіх касцёлах і жыцці многіх людзей», — выказаў упэўненасць біскуп.

«Сёння мы нашай прысутнасцю ля труны ксяндза Андрэя хочам падзякаваць Пану Богу за тое, што на шляху нашага жыцця паставіў добрага святара; хочам падзякаваць за святара, глыбока ўключанага ў жыццё дыяцэзіі; хочам падзякаваць за чалавека, які не ўмеў шкадаваць сябе ў служэнні Богу і іншаму чалавеку; хочам падзякаваць за адкрытасць на праблемы кожнага чалавека; хочам падзякаваць за прыклад чуласці да бедных і тых, хто ў патрэбе», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Гуляй.

Напрыканцы цэлебрацыі да прысутных звярнуўся прадстаўнік парафіяльнай супольнасці. Ён узрушана засведчыў, што ўсё, што зроблена ў парафіі, было зроблена рукамі ксяндза Андрэя і яго парафіянаў. «Ён заўсёды ганарыўся намі.

Ён для нас быў не проста духоўным настаўнікам: ён для кожнага з нас быў сябрам. Таму ад усіх хачу сказаць: дзякуй, ксёндз Андрэй, дзякуй наш сябра, дзякуй за тое, што ты ў нас быў, і заўсёды застанешся ў нашых сэрцах», — сказаў парафіянін, і было чуваць, як многія людзі ў касцёле ў гэты час ціхенька плакалі.

Дэкан Астравецкі ксёндз канонік Юзаф Багдзевіч выказаў спачуванне парафіянам і біскупу Гуляю, які быў аднакурснікам спачылага ксяндза Андрэя па семінарыі ў Гродне.

Ксёндз дэкан паведаміў, што малітва ў 30-ы дзень пасля смерці адбудзецца ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа 30 лістапада, у свята святога апостала Андрэя, нябеснага апекуна памерлага пробашча.

На заканчэнне біскуп Гуляй выказаў спачуванне родным ксяндза Андрэя Горбача. Іерарх выказаў падзяку прысутным святарам і вернікам за супольную малітву, а таксама парафіянам, дзеля якіх з радасцю жыў іх спачылы душпастыр.

Пасля абрадаў апошняга даручэння і развітання, якія правёў біскуп Уладзімір Гуляй, цела памерлага ксяндза Андрэя Горбача было пахавана на прыкасцёльным цвінтары, паміж святыняй і парафіяльным домам, дзе завяршыўся яго зямны шлях і пачалася вечнасць.

 

Абноўлена 07.11.2024 22:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця