Пошук

27.10.2024 01:29   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Відэа: Grodno Katedra / YouTube / Catholic.by

26 кастрычніка адбыўся ўрачысты ўваход — інгрэс — біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя ў катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне ў якасці новага дыяцэзіяльнага біскупа.

Яго кананічнае ўступленне на пасаду пастыра дыяцэзіі адбылся з моманту, калі 30 верасня Святы Айцец Папа Францішак прыняў адмову ад пастырскага кіравання яго папярэдніка, першага біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з дасягненнем ім 75-гадовага ўзросту, які кіраваў мясцовым Касцёлам больш за 33 гады, з моманту стварэння Гродзенскай дыяцэзіі ў 1991 годзе святым Янам Паўлам ІІ.

Прызначаны каадютарам Гродзенскай дыяцэзіі 5 красавіка, Уладзімір Гуляй прыняў біскупскае пасвячэнне ў катэдральнай базыліцы ў Гродне 25 мая.

Праз чатыры месяцы пасля гэтага ён ужо як новы пастыр Гродзенскай дыяцэзіі здзейсніў інгрэс у катэдру, узначаліўшы з гэтай нагоды цэлебрацыю святой Імшы, у якой узялі ўдзел біскуп эмэрыт Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, намеснік Старшыні епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, які нядаўна вярнуўся з Рыма, дзе браў удзел у заключнай сесіі Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, каля 120-і святароў лацінскага і візантыйскага абрадаў, шматлікія вернікі з розных мясцін дыяцэзіі і госці.

У сваю катэдру біскуп Гуляй прайшоў у працэсіі з курыі ў суправаджэнні грэміяльных канонікаў Гродзенскага катэдральнага капітулу, біскупаў і прадстаўніка Святога Пасаду. Пры ўваходзе ў святыню яго сустрэў пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі, Біскупскі вікарый Гродзенскага рэгіёна, які ўручыў новаму ардынарыю ключы ад катэдры. Калі ж працэсія наблізілася да алтара, хор заспяваў старадаўні гімн Te Deum laudamus — Цябе, Бога, праслаўляем. Пасля хваласпеву Монсіньёр Сэрока прачытаў паведамленне Апостальскай нунцыятуры аб уступленні біскупа Гуляя на пасаду ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі, на што ўсе прысутныя адказалі: «Дзякуем Пану Богу».

Наступным сівалічным актам перадачы пастырскай улады стала ўручэнне біскупам эмэрытам Аляксандрам Кашкевічам біскупскага пастарала свайму наступніку.

Шматгадовы пастыр Касцёла на Гродзеншчыне перад гэтым сказаў: «Сардэчна вітаем у нашай катэдральнай базыліцы новага пастыра Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Уладзіміра, які ўрачыстым уваходам у гэтую велічную святыню афіцыйна распачынае служэнне ў нашым лакальным Касцёле. Ужо сёння хачу пажадаць біскупу доўгіх гадоў плённага служэння, каб у выкананні штодзённых пастырскіх абавязкаў заўсёды хапала Божай ласкі». Заслужаны іерарх дадаў, што вернікі Гродзенскай дыяцэзіі «вельмі добрыя людзі, якія любяць Касцёл, шануюць духавенства, імкнуцца заўсёды жыць з Богам». «Таму жадаю асабіста дасведчыць такой жа, а нават большай дабрыні і дапамогі, якую я сам атрымліваў ад святароў, асобаў кансэкраванага жыцця і нашых вернікаў», — пажадаў новаму пастыру яго папярэднік, заклікаўшы ўсіх, хто ўтварае дыяцэзіяльную сям’ю, прыняць яго і падтрымліваць.

Потым біскуп Кашкевічам разам з арцыбіскупам Станеўскім запрасілі біскупа Гуляя заняць біскупскую кафедру, пасля чаго першы Гродзенскі біскуп перадаў свайму наступніку біскупскі пастарал — сімвал пастырскай улады, які выкарыстоўваецца падчас літургічных цэлебрацый. Гэты пастарал з выявай Езуса Міласэрнага біскуп Кашкевіч атрымаў у падарунак ад духавенства і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды 25-годдзя яго святарства. Перадача пастарала стала сімвалам пераемнасці ад першага Гродзенскага біскупа да яго наступніка.

Новаму пастыру дыяцэзіі сваю пашану і паслухмянасць выказалі прадстаўнікі духавенства, семінарыстаў і свецкіх вернікаў мясцовага Касцёла.

Вітаючы сабраных на цэлебрацыі, біскуп Гуляй, між іншым, сказаў:

«Падчас гэтай святой Імшы дзякую Богу за дар Хрыстовага Касцёла, за дар Папы Францішка, за Каталіцкі Касцёл у Беларусі, асабліва за нашу супольнасць Гродзенскага Касцёла, за біскупаў, святароў і асобаў кансэкраванага жыцця, за нашу семінарыю, за моладзь і дзяцей, дзякую за нашыя сем’і, дзякую Богу за ўсіх вернікаў, за ўвесь беларускі народ і за нашу Радзіму Беларусь, якая па волі Бога для кожнага з нас стала месцам крочання дарогай збаўлення».

У прамоўленай на Імшы гаміліі новы пастыр Гродзенскай дыяцэзіі акрэсліў праграму свайго служэння, адзначыўшы перадусім, што «тут, у нашай катэдры, сёння здзейсніўся мой шлюб з дыяцэзіяй — Касцёлам на Гродзеншчыне.

З велізарнай узрушанасцю я пацалаваў алтар, просячы Езуса, Добрага Пастыра, які працягвае прыносіць там сябе ў ахвяру Айцу, каб прыгарнуў мяне да свайго Сэрца. Я сеў на кафедры — месцы, з якога біскуп навучае, — з усведамленнем, што павінен быць верным і руплівым слугой Слова, жывым „знакам прысутнасці ў Касцёле Езуса Настаўніка“. Таксама я атрымаў пастарал, „знак улады, якая належыць біскупу для выканання задачы апекі над аўчарняй“».

Адзначыўшы, што Езус — добры Пастыр — гэта ўзор для біскупа, галоўнымі прыярытэтамі свайго служэння новы пастыр дыяцэзіі назваў адзінства, евангелізацыю і міласэрнасць.

«Гэтае пастырскае служэнне, якое сёння ўрачыста распачынаю, хачу ўзяць на сябе ў духу поўнага даверу Божай дапамозе. Натхнення мне дадаюць таксама словы, змешчаныя пры ўваходзе ў нашу катэдру: Sursum corda! — Угору сэрцы! Глыбока веру, што Хрыстус, які нясе крыж, паглядзіць і на мяне з любоўю, і мне таксама скажа: Sursum corda! — Угору сэрцы! Адвагі! Не бойся, Я з табой! Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці. Вядзі Мой умілаваны Касцёл на Гродзеншчыне дарогамі збаўлення, дарогамі Праўды, Справядлівасці, Любові і Міру!» — сказаў біскуп Гуляй.

На заканчэнне цэлебрацыі да новага пастыра дыяцэзіі звярнуўся з пажаданнямі арцыбіскуп Станеўскі. «Жадаю вам веры апостала Пятра, каб у любові і праўдзе ўмацоўваць і працягваць справу Хрыста ў Гродзенскай дыяцэзіі, якую ад яе заснавання ў 1991 годзе больш за 33 гады здзяйсняў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Жадаю мужнасці ў навучанні праўдам Евангелля Хрыста, энтузіязму ў асвячэнні тых, хто праз хрост быў далучаны да Містычнага Цела Хрыста, якім з’яўляецца Касцёл. Жадаю вам рашучасці ў вядзенні вернікаў шляхамі Святога Духа, а таксама гарачага сэрца ў пошуку тых, хто збіўся са шляху Божай праўды», — пажадаў Старшыня епіскапату наймалодшаму дыяцэзіяльнаму біскупу ў Касцёле на Беларусі.

Ад імя ўсіх святароў Гродзенскай дыяцэзіі да новага ардынарыя звярнуўся ксёндз Ян Кучынскі, які пажадаў пастыру Божага благаслаўлення ў нялёгкім біскупскім служэнні. Ад імя Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы іерарха павіншаваў архімандрыт Гаек, які падараваў яму ікону святой Еўфрасінні Полацкай, якую ўшаноўваюць і католікі, і праваслаўныя. Віншаванні і пажаданні біскупу выказалі таксама прадстаўнікі супольнасцяў кансэкраванага жыцця ў Беларусі і студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Прадстаўнік дзяржаўнай улады зачытаў і ўручыў біскупу Гуляю віншавальны адрас ад Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту.

Ва ўрачыстасці бралі ўдзел двое прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Протаіерэй Аляксандр Хомбак перадаў віншаванні ад епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія, а протаіерэй Расціслаў Салаўёў — ад епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя, уручыўшы ў падарунак біскупу Гуляю і біскупу Кашкевічу па абразу. Біскупа Гуляя павіншаваў таксама пастыр лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.

Свайго новага пастыра павіншавалі прадстаўнікі душпастырства сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі, навучэнцы Гродзенскага тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра, прадстаўнікі Францішканскага ордэна свецкіх.

На заканчэнне біскуп Гуляй шчыра падзякаваў усім удзельнікам урачыстай цэлебрацыі і тым, хто прычыніўся да яе падрыхтоўкі.

«Інгрэс наступнага біскупа Гродзенскага — гэта ўжо гістарычная старонка нашай дыяцэзіі. Перад намі — новы этап, далейшае супольнае крочанне дарогай веры, надзеі і любові», — сказаў новы біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй.

 

 

Абноўлена 28.10.2024 11:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.