Пошук

26.10.2024 13:48   Catholic.by

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе біскупу Гродзенскаму Уладзіміру Гуляю пажаданні з нагоды яго ўрачыстага ўваходу — інгрэсу — ў катэдпу ў Гродне 26 кастрычніка 2024 года.

Ваша Эксцэленцыя,
найдастойнейшы біскуп Уладзімір,

ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі хачу выказаць Вам самыя цёплыя пажаданні з нагоды Вашага інгрэсу ў гродзенскую катэдру.

Адначасова запэўніваю Вас у малітве вернікаў і пастыраў Касцёла на Беларусі: як за біскупа, так і за народ Божы, даручаны пастырскай апецы Вашай Эксцэленцыі.

У дэкрэце аб пастырскіх заданнях біскупаў у Касцёле Christus Dominus чытаем: «Біскупы, прызначаныя Духам Святым, займаюць месца Апосталаў як пастыры душ і разам з Найвышэйшым Пантыфікам і пад яго ўладай маюць місію ўвекавечваць справу Хрыста, вечнага Пастыра. Сапраўды, Хрыстус дае Апосталам і іх наступнікам наказ і ўладу навучаць усе народы, асвячаць людзей у праўдзе і пасвіць іх. Таму біскупы ласкай Духа Святога, які ім быў дадзены, сталі сапраўднымі і аўтэнтычнымі настаўнікамі веры, першасвятарамі і пастырамі» (пар. ChD 2).

Святы Айцец Францішак нагадвае нам пра гэта, калі паказвае пастыра, які часам ідзе наперадзе статка, каб паказаць бяспечны шлях. Часам неабходна, каб пастыр ішоў сярод статка, каб падтрымаць яго. Папа Францішак таксама зазначае, што біскуп не можа забываць, што ёсць моманты, калі пастыр павінен стаць ззаду свайго статка, каб вернікі, якія адстаюць або адмаўляюцца ад супольнага шляху, адчувалі блізкасць пастыра.

Жадаю Вам веры апостала Пятра, каб у любові і праўдзе ўмацоўваць і працягваць справу Хрыста ў Гродзенскай дыяцэзіі, якую ад яе заснавання ў 1991 годзе больш за 33 гады здзяйсняў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Жадаю мужнасці ў навучанні праўдам Евангелля Хрыста, энтузіязму ў асвячэнні тых, хто праз хрост быў далучаны да Містычнага Цела Хрыста, якім з’яўляецца Касцёл. Жадаю вам рашучасці ў вядзенні вернікаў шляхамі Святога Духа, а таксама гарачага сэрца ў пошуку тых, хто збіўся са шляху Божай праўды.

Няхай Марыя, Каралева Апосталаў, будзе Заступніцай у выкананні патройнай апостальскай місіі навучання, асвячэння і кіравання, а святыя заступнікі Гродзенскай дыяцэзіі святы каралевіч Казімір і святы Максімільян Кольбэ выпрошваюць патрэбныя ласкі для Вашай Эксцэленцыі перад тронам Найвышэйшага Пастыра Езуса Хрыста.

З павагай, Ваш брат у Хрысце,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 26.10.2024 14:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа